Ён нагадаў пра Глінішчы без злосці, пакпіў нібы смехам.
Ёй спадабаліся яго шчырасць і давер'е яго, якое за шчырасцю адчувалася. Кранула яе, што ён так проста прызнаўся, нібы папрасіў падтрымкі ў яе.
— Трудно ето людзям, — сказала яна, як бы супакойваючы яго. — Усё ж кроўю нажывалі. А тут зразу — аддай.
— Ведаю, што — нялёгка… Але ж талкуем, убіваем у галаву: ніхто не адбірае. Аб'ядноўваем для вашага ж дабра. Каб вылезлі з беднасці, з голаду.
— Многа чуў мужык абяцанак на вяку… Таму і верыць няпроста.
— Да, спадчына мінулага жыве. Але ж пара ўжо і адвыкаць ад гэтай спадчыны!.. Злуе, разумееш, глухата страшная! Колькі ні талкуй, не даходзіць!
— К мужыку падход трэба, — як больш дасведчаная, лагодна аб'явіла Ганна. Папракнула па-таварыску: — У цябе падходу не хапае. Гарачы ты, хутко хочаш! Па-гарадскому ўсё мерыш!.. Ты глядзі от як Апейка!..
— Апейка, Апейка!.. — нецярпліва перарваў яе Башлыкоў. — Не хачу я глядзець: як Апейка! Апейка кульгае — правы ўхіл, яўны!
— Ухіл ці не ўхіл, не знаю. А толькі ў яго — падход! Хітры ён!
— Хітры. Гэта — праўда, — згадзіўся ён ахвотна. Засмяяўся нават: удала падмеціла. — А я не люблю хітрасць, — выказаў ён як вельмі важнае, дарагое. — Я люблю проста, па-рабочаму! Па-партыйнаму… Я ўвесь час дасюль сярод рабочых жыў, — з гонарам і давер'ем адкрыў ён частачку мінулага свайго. — На чыгунцы… Прывык рэзаць проста. І далей буду так.
Ёй не хацелася спрачацца з ім. Але была нязгода з тым, што ён казаў; у жыцці не заўсёды разумна гэта — рэзаць. Памкнулася памагчы, падказала яму:
— Знаеш, часам, абышоўшы, хутчэй дойдзеш, як напрасткі.
— Гэта — на балоце, — сказаў ён рэзка, амаль з насмешкай. — У палітыцы трэба ісці толькі прама.
Яна прамаўчала яму. Прытаіўшы крыўду, падумала: усё ж яны розныя вельмі, і ганарлівы занадта ён, не ўмее слухаць.
Ехалі зноў моўчкі і нібы адасобленыя. Башлыкоў, мабыць, каб разагнаць гэту нядобрую маўчанку, чужаватасць, пакпіў з сябе:
— Не прыжывуся я ўсё ніяк да вашай зямлі і да вашых парадкаў. Па дому свайму ўсё нуджуся. — Як мару выказаў: — Вось выканаю тут заданне і папрашуся назад, да сваіх. У Гомель, на чыгунку.
І гэта не спадабалася: хоць і кпіў, а нібы хваліўся горадам, парадкамі сваімі. Нібы вышэйшасць сваю паказваў. Але не адазвалася на яго прымірэнне больш з-за ранейшай крыўды. Няхай ведае, што ў нас таксама гонар ёсць.
Башлыкоў трохі маўчаў. Потым раптам захваляваў гаворкаю пра тое, што быў у Куранях, у яе хаце, пазнаёміўся з бацькамі яе.
— Маці ў цябе — з характарам!
— З характарам… — згадзілася яна.
Усё, што было да гэтага, умомант выветрылася з душы. З раптоўным халадком у грудзях чакала, што скажа зараз пра Яўхіма.
Чакала, быццам удару.
Доўгім, назольным здалося гэта чаканне. Пакуль чакала, зазлавала на сябе, на Башлыкова: што пачаў гэта; пацвярдзела душой. Гатова была ўжо як мае быць сустрэць удар, калі Башлыкоў уразіў нечаканым:
— Ты чаму адна? — Растлумачыў: — Не замужам?
Яна прыслухалася, старалася зразумець: шчыра ён гэта, сапраўды не ведае ці ад яе пачуць хоча. Па тону пытання цяжка было зразумець, чула толькі, што пытанне гэта — важнае яму. І што, можа, думаў пра гэта.
Нялёгка адужала хваляванне, выціснула, нібы жартуючы:
— Не бярэ ніхто…
— Не падобна, — цвёрда, сур'ёзна прамовіў ён. Не падтрымаў жарту.
Яна спахмурнела. Адказала нелагодна:
— Паспытала. Больш не хачу.
— А што… разышліся?
Божа мой, няўжо ён, праўда, нічога не ведае! Не ведае, пэўна ж. Што яму сказаць?
— Разышліся. — Зазлавала. — Няма яго, лічы. Памёр.
— Памёр?..
— Не хочу пра яго! — адрэзала.
Ехалі зноў моўчкі, кожны па сабе. Тады ён загаварыў, стаў лагодна, раздумліва расказваць пра сябе. Можа, таму, што вінаватым чуў за тое, што зрабіў прыкрасць ёй, а можа, ад таго, што згадка пра яе бацькоў напомніла яму пра сваё. Аказалася, і яму паспытаць давялося: не ў харомах рос, у цёмным бараку, бязбацькавічам. Бацька кінуў сям'ю, маці цёмная, зарабляла грашы, хоць рабіла свету не бачачы. Пасля работы на складзе — там прыбіральшчыцай была — вечарамі, вольнымі днямі мыла бялізну багацеям. У пакоі іх тады не было як дыхаць ад пары, сцінала грудзі, кашаль душыў. А жылі так, што хлеб не заўсёды быў на стале.
Ён старэйшы. Ледзь хадзіць навучыўся, давялося памагаць маці, зарабляць. Пачалося з бялізны, якую маці мыла, — разносіў па дамах. Тады аддалі вучыцца ў майстэрню, на цесляра. Багата перапробаваў ён работ, пакуль знайшоў сваё месца. Але і цяпер няпроста ў яго дома: сястра, Нінка, няшчасная, калека, брат — здаровы, пешчаны, разбэсціўся зусім. З нэпманаўскай дачкою надумаў ажаніцца. Робіць яго, Башлыкова, нэпманаўскім сваяком…
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу