Ён — гэта прызнаў бы ўсякі аб’ектыўны назіральнік — мае такія-сякія поспехі ў майстэрстве маскіроўкі. Потым — у лепшую пару, у якім-небудзь міністэрскім кабінеце — можна будзе, пасміхваючыся, расказваць, як ён убіўся ў давер’е нават высокапільнаму i прынцыповаму сакратару райкома таварышу Башлыкову. Можна каларытна расказаць, як страсна абараняў таварыша сакратара на партыйнай чыстцы; як гэта асабліва пікантна будзе — пільны i прынцыповы таварыш Башлыкоў сам аказаў высокае давер’е — прапанаваў, як адданаму савецкай уладзе грамадзяніну, паступіць у бальшавіцкую партыю!.. Прапанаваў,— не першы раз на чало загадчыка райза легла клопатнасць, якая нарадзілася з гэтай прапановы. Ён тады падзякаваў таварышу сакратару, сказаў, што быць партыйцам лічыць для сябе вялікім гонарам, абяцаў рыхтавацца. З таго дня, колькі ні думаў, не мог адолець назольную, супярэчлівую клопатнасць; i цяпер яна звыкла, нібы здзекліва, апанавала: i хацелася не страціць такую ўдачу, такую важную ўдачу, якая проста сама ішла ў рукі,— i разам хапала, цвяроза цягнула назад апаска: нагадвала, што ўлезці ў партыю — гэта не толькі ўшыцца ў кіруючую эліту, прыдбаць сабе новыя магчымасці,— але i пайсці самому на новыя чысткі, праверкі. Гэтае, апошняе, — проста сказаць, непатрэбная раскоша для чалавека з яго радаслоўнай, з прыхаванымі эсэраўскімі грахамі, якіх было даволі, каб у горшым варыянце зменлівай жыццёвай лініі стаць да сценкі перад бальшавіцкімі вінтоўкамі…
Той даўні недавучаны студэнцік, легкадумны, упэўнены ў сабе прапаршчык, даверлівы, саманадзейны керанец, потым верай i праўдай падпольны эсэраўскі дзеяч, што неразумна ўскочыў у безнадзейную авантуру, у паўстанне, якое не магло не праваліцца, — нібы знарок, як мог, папсаваў на будучыню сваю біяграфію. Добра, што хапіла яшчэ розуму ўлезці ў паўстанне з чужымі дакументамі, з чужым прозвішчам. Гэта шчасце, што пра бурную маладосць у цёплым стэпавым гарадку, адкуль выпраўляўся ў дарогу i куды пасылалі запытанні, правяраючы як савслужачага, нічога не ведалі пра найбольш цікавыя старонкі яго біяграфіі. Адтуль абмяжоўваліся весткамі пра род, пра бацькоў. Род, вядома, не з тых, якімі ганарацца цяпер, але i не з тых, якія закрываюць дарогі ў свет. Матка — настаўніца, бацька — скрыпач у аркестры мясцовага тэатра; няўдачнік, які марыў пра лаўры Глінкі, а ледзь ліпеў у бяздарным аркестры. Самае небяспечнае, вядома, тое, што няўдаламу эсэрыку захацелася потым расшукаць сваіх: порсткаму, поўнаму жыццёвых сіл i прагі дзейнасці, не сядзелася ў ратоўнай, але нуднай цішы. Сябры памаглі: перацягнулі з адной ямы ў другую, толькі што з пасадай, толькі што ў людным беларускім краі. Сяброў гэтых, якія ведаюць усё, небагата, адзінкі, але ж яны ўсё-ткі ёсць; двое нават ужо ў пакойчыках, вокны якіх аздабляюць жалезныя краты. І без таго ходзіш па жыццю, як той цыркач па дроце, так i глядзі, што сарвешся, паляціш цемем уніз. Разважная цвярозасць раіць: сядзі лепей i не рыпайся, а спакуса вярэдзіць: не прапускай, не траць такой удачы. Мала іншага клопату, дык яшчэ думай, ісці ці не ісці ў партыю! Думай, як быць з давер’ем пільнага, прынцыповага таварыша Башлыкова!.."
Дасціпная іронія прабегла, як павеў ветрыка. Пакалыхваючыся ў вазку, не заўважаючы, што лес ужо адступае i пачынаецца шэрае, ветранае поле, клопатна, зласліва думаў: нявесела жыць так, ходзячы, як цыркач па дроце. Ды яшчэ пад пільнымі позіркамі, кожны з якіх можа заўважыць тое, што загубіць, Хадзіць побач з гэтай лысай пенай Апейкам, які, здаецца, любы момант гатовы ўткнуць смяротныя кіпцюры. Такі акуратны, старанны перад гэтай пенай, а ён — хоць бы зірнуў калі-небудзь прыхільна. Увесь час такое адчуванне, як бы падазрае ў нечым ці — нават ведае… Глупства, бясспрэчна: не ведае нічога; каб ведаў — не маўчаў бы! A ўсё-ткі бярэ неспакойнае: а што, калi ведае ды сцеражэ, каб заспець на месцы, прыперці да сценкі?.. Зубрыч разважна супакоіў сябе, але спакою поўнага не было. І як мог прыйсці спакой, калі пры тым, што пена гэтая пакуль не ведае нічога, разумееш i ніяк не адкінеш: пена гэтая — самая небяспечная! Любы момант можа ўсадзіць кіпцюры!
Ад гэтай нянавісці так цешыць Зубрычава сэрца помслівая радасць: дасталося аднойчы i гадзюцы гэтай. Моцна ўпіліся ў таварыша старшыню райвыканкома, у самыя чулыя месцы, стрэлы, намочаныя едкім ядам, — якія ён, Зубрыч, у час кінуў. Прыцэл быў дакладны, усе факты — падобныя на праўду, ні аднаго не адкінеш, як выдумку. Запісачкі сталі матэрыяламі, аўтарытэтнымі, партыйнымі дакументамі. Атрымалі ўжо належную ацэнку і, можа быць, — яшчэ паслужаць. А мы можам — i дадаць да ix… "Вось гэта надзейна, — разважліва выводзіць загадчык райза, ціха пакалыхваючыся ў вазку, што паволі паўзе дарогай праз поле. — Тут i рызыкі ніякай i амаль поўная гарантыя, што будзе карысць. І псіхалагічна, i палітычна — бездакорны сродак у цяперашняй сітуацыі. Ён давядзе пачатае да канца, ён убачыць таварыша Апейку не такім ганарлівым, — абшчыпаным, кінутым з пагардай усімі, растаптаным. Ён не пашкадуе для гэтага ні часу, ні таленту. Ён зробіць гэта з радасцю: акрамя ўсяго іншага, ён помніць, што ад гэтага багата ў чым залежыць бяспека яго самога…
Читать дальше