Не было ўжо ні дужасці нядаўняй, ні ясных i такіх пераканаўчых думак. Галава нібы не хацела думаць. Ён заўсёднай упартасцю перамог сваю нясмеласць, пачужэлымі нагамі ўвайшоў у будынак, пачаў падымацца па гулкай лесвіцы на другі паверх, дзе, ведаў, быў Апейкаў кабінет. Каб трапіць у Апейкаў кабінет, трэба было ўвайсці ў маленькі пакойчык: дзверы ў пакойчык былі адчынены, i Васіль, стараючыся паказваць сябе смелым, адразу ступіў у яго. Ступіў так, быццам рабіў самы адказны крок. У пакоі, за столікам у кутку, сядзела немаладая жанчына, разглядвала нейкія паперы. Яна падняла вочы на Васіля, як бы пытаючыся. Васіль даў "добры дзень", адразу, смела сказаў, што яму трэба пагаварыць з Апейкам.
— Івана Анісімавіча няма, — ветліва сказала яна. Потым дадала: — Ён у Мінску, на сесіі. Будзе дзён праз шэсць.
Васілю гэта было такім неспадзяваным, што ён разгубіўся.
Жанчына нібы пашкадавала яго, запыталася:
— А што у вас? Можа, друпя могуць рашыць, без Івана Анісімавіча?..
Васіль, не гледзячы на яе, заявіў:
— Мне трэба було з ім.
Жанчына яшчэ раз ветліва i спачувальна паўтарыла, што Апейка будзе праз шэсць дзён. Васіль адразу выйшаў з пакоя, але на пляцоўцы перад лесвіцай стаў; не мог, проста не мог вяртацца назад, нічога не высветліўшы. Шкадуючы, што Апейка так не ў час паехаў, думаў, гадаў: што ж рабіць? Можа, дарэмна адказаў так жанчыне, можа, праўда, i без Апейкі здолеў бы хто-небудзь памагчы? Можа, трэба было самой расказаць, каб параіла хоць, куды падацца?..
Калi ён стаяў у роздуме, на яго, выскачыўшы з блізкага пакоя, амаль наткнуўся жвавы, дзейны чалавек з папкаю. Ён хацеў быў ужо абмінуць Васіля, але спыніўся раптам, зірнуў уважна, запытаўся, каго ён чакае. Даведаўшыся, што Апейку, весела, зычліва сказаў: "А можа, я памагу?" Ён адчыніў дзверы i паказаў Васілю, каб заходзіў.
Толькі тут, у светлым пакоі, Васіль пазнаў добра, што чалавек з папкай — быў той, які калісьці праводзіў перадзел у Куранях, які разбараняў яго з Яўхімам. Васіль умомант згадаў, як чалавек гаварыў з ім, як гразіўся турмою i яшчэ немаведама чым. Васіль, насцеражыўшыся, хацеў адразу ж павярнуцца да дзвярэй, але чалавек апярэдзіў яго, ласкава запрасіў сесці. Васіль спыніўся, недаверліва зірнуў на яго, няўпэўнена сеў. "Што ж вас прывяло?" — весела, быццам i не помніў колішняй гразьбы, сказаў чалавек, сядаючы за столік насупраць. Светлыя, уважлівыя вочы быццам упіліся ў Васіля. Лагодна, абнадзейліва чакаў чалавек, пакуль Васіль, упяўшы вочы кудысьці ў падлогу, нядобра маўчаў. Доўга не мог загаварыць Васіль, i загаварыў важка, неахвотна, быццам пад прымусам, на допыце. Не верыў яго спачувальным: "Ага, так-так… Разумею… Натуральна…"
"Усё гэта па-чалавечы зразумела, — дзіўна мякка, нібы добразычліва загаварыў чалавек пасля допыту. — Зразумела i, можна сказаць, зусім натуральна… Зямля — самая дарагая істота селяніну. Самая жывая істота, душа яго… Яна — аснова, найпершая аснова сялянскага жыцця… І селянін мае права, вядома, лічыць яе законна сваёй… Правільна, натуральна… — Васіль глядзеў спадылба, ні зычлівы тон, ні самі развагі не супакойвалі, чакаў усё горшага. Слухаў так, быццам гэта была толькі подступка. І не памыліўся, тым жа спачувальным, добранькім голасам Зубрыч павёў зусім іншае: — Усё гэта натуральна. Але ёсць — кірунак, генеральная лінія на калгасы! Генеральная лінія, каб увесь аднаасобны сектар ліквідаваць, знішчыць. Сцерці з зямлі мужыка як аднаасобніка… Усё будзе рабіцца толькі для калектыўнай, сацыялістычнай гаспадаркі. І зямля ўся ім!.. Такая лінія… Так. От так…"
Васіль не ведаў, што сказаць. Не мог неяк спрачацца. Моўчкі ўстаў, не развітваючыся, выйшаў. Спустошаны нейкі, саступіў па лесвіцы, выйшаў на двор, пацягнуўся па дарозе на гару. Павольна, цяжка ўздымаўся, мокрая гліна ліпла на лапці, слізгала пад нагамі. Як усцёгся на гapy, стаў, аддыхваючыся. "Гаворыць шчэ як, — прайшло ў галаве. — Як спачувае. A напраўду — бы здзекуецца!.."
Маркотна павёў вачыма. Сеяла імжою, якой, здавалася, не будзе канца. За імжою не было відаць знаёмай далечы.
Імжа была нібы i ў душы. Імжа i абыякавасць. Не затульваючыся, нявесела пацёгся па дарозе.
Калі ён падыходзіў да цагельні, браліся поцемкі. Нядобра цямячы, Васіль звыкла збочыў з дарогі — зірнуць на сваю рунь. Яшчэ не дайшоўшы, разгледзеў, сумеўся: рунь чарнела нейкімі пачварнымі камякамі. Ён, устрывожаны, падбег i знянацку ўпаў на калені: рунь была паарана! Падрапана, парэзана, засыпана камлыгамі,— як бы знарок.
Читать дальше