— Не дабро! — не верыў Ігнат.
— Абыдуся! Мне — Хадоську аддайце!
— Дулю! От!
Нібыта-Ігнат вузлаватымі пальцамі зларадна скруціў дулю, тыцнуў Хоню.
— От што табе! От!
Хоня раптам засмяяўся. Ігнат, ашалелы ад такога нахабства, разгубіўся. Нейкі час злосна тупаў, пляваўся, лаяўся; чым больш ён злаваў, тым больш чамусьці весялеў Хонеў твар.
— Дулю! — крыкнуў Ігнат, раз’ятраны дарэшты яго весялосцю. Ён грымнуў дзвярыма так, што на стале падскочыла міска.
Ледзь сціхлі за ганкам гнеўныя крокі, Хоню ўзяло шкадаванне, што гаварыў так задзірыста: ні на што было яму цяпер гэта — злаваць Хадосьчынага бацьку! Канешне, ён, Хоня, незнарок гэта, але ж можна было i пацярпець трохі, паддобрыцца, для сваёй i Хадосьчынай карысці. Дык не ж, сам палез на ражон! Хоня затрывожыўся: цяпер бацька яшчэ больш уз’есца на Хадоську, i што будзе, калі Хадоська паддасца! Чым далей, тым трывожней станавілася Хоню; увесь дзень ён з хаты, з хлява, з павеці выглядваў, хацеў убачыць постаць у каптанчыку; Хадоські ўсё не было. Хоня знарок рабіў у хаце, на двары, каб раптам не прапусціць яе; да ўсяго — можа ж быць i такое, што яна не захоча заходзіць у хату.
Некалькі разоў ён выходзіў за вароты, на вуліцу, глядзеў, ці не ідзе. Яе не было. Сярод дня Хоня не вытрымаў: падаўся да Хадосьчынай хаты. Ледзь падышоў, з хаты, быццам знарок, вылез бацька. Хоня знянацку вінавата i прымірэнча прывітаўся, але той толькі гнеўна зіркнуў: палічыў як бы за насмешку, — адразу ж адвярнуўся, з вядром у руцэ пакіраваў сваёй дарогай, да хлява. Пад вечар Хоня зноў падступіў да Хадосьчынай хаты. Убачыў за акном Хадоську, узрадаваўся: такая ўдача! — знакамі папрасіў, каб выйшла. Яна не ўзрадавалася, нават недавольна падціснула губы. Адвяла невясёлыя вочы, цвёрда пакруціла галавой: каб не чакаў. Адвярнулася.
Яна прыйшла на наступны дзень сама. Хоня, узрадаваны, кінуўся насустрач, адчыніў дзверы, не ведаў, дзе пасадзіць. Папрасіў, каб распранулася; яна пакруціла галавой, — не стала распранацца, не села. Лагодна пагладзіла па галаве Вольку, што злезла з печы, як кацяня, прытулілася да яе.
З Хонем была строгая, сур’ёзная. Ён не хацеў зважаць на гэта; упэўнены, што ўраз адгоніць яе сум, ласкава ўзяў за рукі. Яна нахмурылася, адабрала рукі.
— Не трэба…
— Чаго ты такая?
Адвяла вочы. Таіла нешта.
— Чаго?!
Падумала. Не гледзячы на яго, сказала:
— Бацько не хоча. "Не" i "не" — усё адно.
— Дак што, як не хоча. Не з ім жыць.
— Прыданае, кажа, не дасць.
— Няхай не дае. Сваё нажывём.
— Благаславення не дае.
— Дасць. Не цяпер, дак патом.
Зірнула строга, цвёрда; было відаць: зараз важнае скажа.
— Толькі,— вочы патрабавалі, як неадменнага, — штоб па-людску. У царкве.
Ён узрадаваўся: перш за ўсё ўхапіў галоўнае: згодна! Хацеў абняць, але яна ўперлася рукою, не падпусціла.
— Па-людску ўсё будзе, па-людску. — Хітравата перайначыў: — Ці ў царкве, ці — у сельсавеце…
— У царкве, — перапыніла яна. — І штоб — са свяшчэннікам.
— Можна було б i ў царкве. І — са свяшчэннікам… — Хоня, паказваючы, што ён гатовы на ўсё дзеля яе, як бы прасіў, каб яна таксама лічылася з ім. — Толькі ж — не можно мне. Не дазволено. Я ж — камсамолец.
Да яе нібы не дайшло.
— Усё адно, — прамовіла ціха. — Штоб — у царкве!
— Не можно мне! Разумееш?
Яна не глянула на яго. Хоня ўбачыў: ніякай літасці ў гэтым не даб’ецца ў яе.
— Тады не будзе нічого.
Яна момант пачакала, потым паправіла хустку, сабралася ісці. Гэта падагнала яго; з адчаем, амаль весела ён кінуўся ў вір:
— Ну, няхай! Ca свяшчэннікам дак — са свяшчэннікам!
Яна стрымана кіўнула галавой. Момант памаўчала, не пазіраючы на яго, павялела:
— І з калгаса штоб — выпісаўся!
— От шчэ што!.. — Хоня нібы не паверыў, угледзеўся ў яе: яшчэ што ўдумае яна! Як бы знарок прыдумвае, каб пасварыцца, каб разысціся! Мала ёй царквы ды папа, дак яшчэ i гэта — калгас ёй не дае жыць!
Хоня нецярпліва ссунуў шапку на лоб, з прыкрасцю ўздыхнуў.
— Што табе — калгас? Свет зазасціў?
— Кеб выпісаўся! — загадала яна.
Хоня, стрымліваючы прыкрасць, стаў угаворваць: калгас — то ўся надзея ix, шчасце ўсё: маладым, здаровым, ім радасць адна — рабіць, жыць у дружнай грамадзе. Ды i то павінна б ведаць, ён у калгасе — адзін з першых, з Міканорам разам ладзіў,— не можа ж ён кінуць усё, здрадзіць, лічы. Горача, ад душы даводзіў; але Хадоська разумець нічога не хацела.
— Штоб выпісаўся, — ціха, строга паўтарыла. — І — кеб забраў усе назад.
— Дак не аддадуць цяпер, — паспрабаваў ён зайсці з другога боку.
Читать дальше