— Скажы, штоб адцалі.
— Aгe, скажы! Паслухаюць!
— Дак сам вазьмі.
— У цюрму пасадзяць.
— Не пасадзяць. За сваё.
Так i выйшла з хаты, не паступіўшыся ні ў чым. Колькі ні ўгаворваў, ні адной сваёй умовы не змяніла. Хоня з ганка задуменна i клапотна сачыў, як яна акуратна зачыняе веснічкі, як у чаравічках ідзе вуліцаю, пільна гледзячы на гразкую, слізкую сцежку.
Неўзабаве неспадзявана прыйшла яе маці: охала, божкала, спачувала — пахавалі без пары нябожчыцу, палажылі ў сырую зямлю. Хоня перахапіў яе позірк: аглядвала не проста цікаўна, не як чужое, a ўважліва, па-гаспадарску. Агледзела i шырокую, урослую ў зямлю печ, i палаці, на якіх сядзеў, не зводзіў з яе воч мурзаты Косцік; i стол, i вядро, i начоўкі ў кутку. Дастала гасцінец з кішэні, белую булачку, дала Косціку i Вольцы, што не хацела ніяк злазіць з печкі. Паспачувала: сіроткі бедныя.
Хоня пашкадаваў, што не засталося гарэлкі, хацеў збегаць да суседзяў, дастаць, але яна спыніла: Fie трэба. Момант глядзела на яго нейкім аеаблівым, цёплым позіркам: "як на свайго", — нібы хацела пабачыць, як з ім будзе яе Хадосьцы. Хоня глядзеў адкрыта, прыхільна: чуў у Ігнацісе саюзніцу сваю. Падабалася яму i тое, што яны такія падобныя з выгляду: i шчокі, i вочы, i раток — усё перадала дачцэ сваё. І постаццю аднолькава малыя, дужыя, i гавораць падобна. Толькі характар у маткі мякчэй нібы; ну ды i Хадоська з часам, быць не можа, каб не змянілася!..
Матка, зусім як Хадоська, павяла брывом, пазіраючы кудысьці ўбок спакойна — быццам так сабе, сярод усяго — пацікавілася: пра што гаварылі з Хадоськай, — надта ж сур’ёзная прыйшла дадому.
— Асцярожна будзь з ею, — параіла, паслухаўшы. — Не кажы грубаго нічога. Па-добраму абыходзься. Яна — чуткая вельмі. Ты шчэ не сказаў нічога, толькі падумаў, а яна ўжэ пачула. Таму яна такая i строгая век, што ўсё чуе. Што чуткая. Мякко будзь з ею. Патом можаш усе павярнуць па-свойму, але зразу — не пярэч! Паддавайся нібыто. У старога, мабуць, характарам пайшла. Той таксамо век трэбуваў: штоб усё, як ён хоча. Я, бувало, не пярэчу, а патом усе па-свойму зраблю… А што — пра цэркву яна, i штоб свяшчэннік буў, то ето, канешне, трэба. І з калгасу выпішыся: хто там знае, што шчэ з етым калгасам будзе. Пажывём, пабачым. Добра будзе, дак i вярнуцца ніколі не позно. Можа, шчэ вернецеся. Можа, шчэ ўсе там, i праўда, будзем… І старога не злі,— загадала матка. — Не чапай попусту! І — не бойся вельмі, што грозіцца! Прывыкне, прымірыцца. Астыне!.. — Шчыра, сумна пахітала галавою: — Круты, ой, круты! Нацярпелася я сколькі!.. — Тут жа супакоіла Хоню: — Але ты — не бойся! Астыне! Толькі ты — падобраму, па-добраму!..
Зноў паспачувала: няма нябожчыцы, ляжыць у сырой зямлі,— стала збірацца дадому.
Увечары Хоня выбраўся да Міканора. Ідучы вуліцай, абапал якой ужо чырванелі агні ў вокнах, прыглядваючыся да цемнаватай ужо сцежкі паўз плот, гадаў, як Міканор прыме навіну. Адтаго, што ведаў Міканора ўсяго, да драбніц, не чакаў нічога добрага; ведаў, што гаворка будзе i непрыемнаю, i нялёгкаю, але цешыў сябе: растлумачу ўсё, як мае быць. "Няхай знае ўсё. Можа, i зразумее. Павінен зразумець…"
Міканора ў хаце не было. Знайшоў яго на гумнішчы Хведара; кончыўшы малаціць, мужчыны, накінуўшы світы на плечы, гаманілі. Міканор сказаў, што трэба паставіць на праўленні, дзе будаваць калгасны двор; пара кончыць непарадак: калгаснае дабро раскидана па ўсім сяле. Андрэй Руды згаджаўся: пара, калгас таму i завецца калгасам, што ўсё у адным масіве; Хведар пярэчыў: трэба найперш з тым, што не можа чакаць, управіцца…
Хоня маўчаў. Яму здавалася: пасля таго, што ён надумаўся, ён i права ніякага не мае ўмешвацца ў калгаснае. Моўчкі ішоў ён i з Міканорам. Ужо як ішлі Міканоравым агародам к двару, рашыў гаварыць тут: без сведак. У хаце — Міканорава матка, бацька; не пагаворыш адзін на адзін…
— Пастой, — папрасіў.— Пагаварыць хочу. — Міканор стаў, але Хоня момант не мог гаварыць. Адчайна, знарок бесклапотна аб’явіў: — От, жанюся!
— З Хадоськаю? — нібы насцеражыўся Міканор.
— З Хадоськаю. Месяц перабуду, а тады… Не будзе ў Куранях шчэ аднаго халасцяка!..
— Што ж, ад етаго зла мало хто ўберажэцца! — Міканор нібы таксама жартаваў, але стрымана, клопатна. — Дзело жывое. Да й камандзіра трэба ў хату! Не сакрэт…
— Трэба!
— А як яна? — зноў пачуў Хоня пільную ўвагу.
— Ды што яна! Згодна! — Раптам кінуўся ў вір. — Да от толькі — трэбуе, штоб — у царкве. І з папом.
— Я падумаў, што патрэбуе чаго-небудзь, — нібы пахваліўся сваёй здагадлівасцю Міканор. Падумаў, параіў: — Калі ўжэ ето так канешне: што Хадося, дак ты патрэбуй — штоб усё — па-твойму.
Читать дальше