Яўхім хмурна адвёў вочы. Не глядзеў, як схаваўся лёгкі вазок; адразу, як вазок крануўся, Яўхім стоена, павольна пасунуўся сваёй дарогай. Ужо адышоўшы далека, стаў, сярдзіта плюнуў: "Абяцаў яшчэ абшары зямлі! Чарвяк!.."
Зубрыч быў недавольны — i Яўхімам i сабою. Недавольнасць сабою была зноў жа звязана з Яўхімам: не здолеў пераканаць бязграматнага, недалёкага мужыка. Зубрыч тут жа цвяроза сам сабе запярэчыў: чаму — недалёкага? Бязграматнага — гэта правільна, але "недалёкім" называць яго нельга. Гэты няўклюдны, просталінейны звер калі не даходзіць да чагосьці галавою, то добра чуе здагадкаю. Інтуіцыяй, мужыцкім, звярыным нюхам. Нюх, як вядома з заалогіі, у ніжэйшых развіты не горш, чым у высокаарганізаваных. Нават лепей…
Пад шорхат колаў у пясчаных каляінах, ціха пакалыхваючыся разам з вазком, Зубрыч думаў. Пасля нядаўняй узбуджанасці, пасля нядобрага развітання на душы было неспакойна, думкі лезлі, чапляліся адна за адну, вярэдзілі. Ды ён i не гнаў ix: ад нядаўняй сустрэчы асталося i жаданне паразважаць, абдумаць бачанае, чутае; адказаць неяк на пачуцці, што ўзніклі пры спатканні. Ён пацягнуў за лейцы, прытрымаў каня, каб лепш было думаць.
"Быць недавольным яму, — думаў ён пра Яўхіма, — ёсць усе падставы. Калі бяруць за горла, мала хто ўмее быць радасны. І ці не натуральна, што асаблівая злосць на таго, хто мог бы памагчы, нават — павінен памагчы, — а не памагае. І не абяцае памагчы. Адкрыта, можна сказаць — цынічна, прызнаецца ў сваёй бяссільнасці. Так што рэакцыю, калі глядзець цвяроза, нельга не прызнаць зусім здаровай. І зусім натуральна, што гэтае нікчэмнае тлумачэннс: такая сітуацыя — не мог, — не задаволіла. Слабасці няма апраўдання. Слабасць заўсёды вінаватая. Таму, што яна не можа нічога… І ўсё ж, — разважліва падтрымаў сябе Зубрыч, — ён не схібіў, што цалкам адкрыў карты. Падабаецца ці не падабаецца, a пілюлю трэба было даць, хоць яна i горкая. У гэтым была неабходнасць. Прызнацца адкрыта трэба было хоць бы для таго, каб не ўзнікла падазрэння, што не памаглі проста таму, што не хацелі; ці — не вельмі хацелі".
Тут крытычныя развагі яго ад прывагнага выпадку перайшлі да разваг шырокіх аб становішчы яго ў цэлым; разваг, якія націскалі ўжо неаднойчы i вось рушылі зноў, звыклай ужо дарогай. Так, што тут скажаш іншае: становішча яго, мякка кажучы, мала зайздроснае. І бяда, вядома, не толькі ў тым, што даводзіцца сядзець тут, у гэтай яме, у правінцыі, сярод нікчэмных істот, якіх i людзьмі можна назваць толькі ўмоўна. Бяда не толькі ў тым, што ён, калі мераць меркай элементарных патрабаванняў цывілізаванага чалавека, фактычна марнее, гібее, як у выгнанні. Бяда ў тым, што гэтая ахвяра яго, павольнае гніенне ў гэтай яме, калі глянуць адкрыта, — бяссэнсавае… Што ён зрабіў, гніючы тут? Што ён — можа зрабіць? Ён, які гатоў быў да любой ахвяры для справы; не бяздарны, далека не звычайны па сваіх чалавечых якасцях, нават — калі не прыніжацца, калі аб’ектыўна ацаніць — выдатны дзеяч! Дзеяч з выдатнымі здольнасцямі! Што нават ён мог зрабіць, калі навокал такая нікчэмнасць, якая i ведаць не можа, што такое высокія ідэалы! Калі адны слепа служаць дзіцячай, мёртвай ідэі калгасаў, са скуры лезучы, імкнуцца толькі выслужыцца, пажывіцца, a друпя — рыюцца ў гразі, як свінні, і, як свінні, не бачаць далей свайго лыча… "Апора, гаспадарлівыя мужыкі! — гмыкнуў ён яхідна. — Бальшавікі на ўвесь свет аб’явілі, куды вядуць калясніцу. Калясніца ўжо вось-вось накоціцца, раздушыць i ix мужыцкія гнёзды, i ix саміх, як слізняў, а яны — рыюцца ў зямлі! Бачыць не хочуць далей лыча! "А можа — не раздушыць, можа, яна не важкая, не жалезная? Можа — міне? Калі не ўсіх, мяне аднаго!.. Кагосьці ж мінуць павінна!.." Слепата! Ідыёцкая, жывёльная слепата, якая раней губіла ўсё! І цяпер губіць, i будзе губіць! З якой немагчыма змагацца!
Да чаго ж моцны гэты жывёльны інстынкт самазберажэння! Вось i гэты — што пайшоў недавольны — патрабуе, суцзіць непахісна, нават — з пагардай; а сам — сядзіць у балотным зацішку, за балотамі, за лясамі, i аб адным толькі думае: каб перабыць, каб навала прайшла паўз яго! У калгас ужо гатоў, каб як уцалець! І гэта той, які здаваўся такім баявітым! На якога, здавалася, можна было надзейна спадзявацца!.. Не, не, — цвяроза стрымаў ён сябе, — гэты — баявіты. Трэба быць справядлівым! Каб такіх была сотня, можна было б упэўнена адчуваць сябе пры належнай сітуацыі. Можна было б адчуваць камандзірам становішча. Але такіх — адзінкі! Колькі ён сабраў за цэлыя гады такіх, на якіх ён можа ў належнай сітуацыі надзейна спадзявацца? Нават з той невялічкай кучкі, нейкіх паўтара дзесятка, якія больш прывязаны, ён не можа быць цапкам упэўнены, — што той ці другі не зашыецца ў кусты, не здрадзіць, пры першых жа стрэлах у адказ, пры першай небяспецы. Але калі дапусціць, што ўсе з гэтай жменькі — не падвядуць, што яны зробяць, пры ўсёй ix адвазе, сярод нікчэмнай, труслівай чарады паўчалавекаў, паўмалп? Што яны зробяць, — што зробіць у такой сітуацыі ён, з усімі яго здольнасцямі i энерпяй, — калі насупраць коціць цэлы ледніковы вал? Калі насупраць i бальшавіцкія абяцанні даверлівым, i пагрозы, i жалезныя краты — непаслухмяным? Няпростая сітуацыя, — i выходзіць, што нейкая нікчэмнасць, як Башлыкоў, Апейка, Харчаў, быццам — дужэй за яго. І ён павінен хіліцца перад імі, поўзаць, як шчаня, перад імі, лісліва круціць хвастом, сведчыць сваю любоў, адданасць ім, бальшавіцкай справе. Поўзаць i штохвіліны аглядвацца, як бы не заўважылі, што ён час ад часу выпускае зубы, точыць ix. Трывожыцца, як бы раптам не вылезла наверх старанна зацертае калісьці, засыпанае пылам гадоў…
Читать дальше