— Дак што ж рабіць? — не запытаўся, а зноў як бы абвінаваціў Зубрыча Яўхім. Дзіўна, тое, што ён сам адчуваў, пачутае ад Зубрыча, станавілася быццам больш грозным.
— Гэта пытанне важнае. І — складанае… — Зубрыч на момант як бы задумаўся. — Калі думаць рэальна, то ў бліжэйшы час трэба думаць, як зберагчы маёмасць, капітал свой. Задача амаль немагчымая ў цяперашніх абставінах. Ёсць, на жаль, толькі адзін спосаб зберагчы нажыты капітал: не марудзячы, наколькі можна, энергічна распускаць гаспадарку. Пераводзіць нерухомую, грамозную маёмасць у грошы. Якія можна зберагчы, захаваўшы надзейна, закапаўшы ў зямлю. Што да роду грошай, то тут можна было б адцаць перавагу золату, але яго, на жаль, амаль немагчыма будзе знайсці. Так што прыйдзецца — на звычайныя грошы.
Яўхім ужо не заўважыў яго несамавітых зваротаў: не да таго было.
— Не вельмі купіць хто! — сказаў ён з абурэннем, якое не знікала. — Усе самі глядзяць, як бы збыць!
— Н-да, — згадзіўся Зубрыч, — людзі адчуваюць, чым пахне. Кан’юнктура гандлёвая, так сказаць, не спрыяе продажу Але — трэба лічыцца з абстаноўкай, i трэба дзейнічаць у гэтым кірунку. Толькі ў гэтым. Каб не рызыкаваць астацца i без грошай i без маёмасці.
— І ето, i маёмасць — забяруць?!
— Ёсць падставы лічыць, што ўсё будзе рэквізавана — адабрана — для калгасаў. Без якой-небудзь расплаты. Для выканання далейшай генеральнай лініі — вырваць капіталізм з коранем. Да астатку.
Яўхім злосна мацюкнуўся. Люта павёў позіркам спадылба, не знаходзячы выхаду безнадзейнасці, што захмарыла ўсё жыццё, што запякла такім здзекам, ашалела плюнуў. Свет гатоў быў спапяліць у гэты момант, растаптаць, разламаць усё — такая лютасць узяла.
Зубрыч нібы пашкадаваў:
— Буралом гэты не абміне нікога. Усіх захопіць, кожнае дрэва выверне, з коранем. Не абміне нікога. — Ён дадаў, як асабліва важнае: — Не міне ні дужае, ні слабое дрэва. Hi кулака, ні — бедняка…
— Як жа жыць? — не адразу выціснуў пануры, затоены Яўхім.
— Так i жыць. Помнячы, што нічога не вечна, што ўсё мяняецца, як казаў Карл Маркс. Сёння — яны, заўтра, — Зубрыч сказаў значна, — заўтра — мы. — Загарэўся, загаварыў з верай, з захапленнем: — Трэба глядзець наперад! Умець распазнаваць, куды цячэ жыццё! Жыццё паварочвае ў нашым кірунку! Чым больш бальшавікі будуць ціснуць, тым больш будуць слабець яны. І тым мацней будзем мы! Такая — дыялектыка! Народ ніколі не прымірыцца з калгасамі! З гэтым здзекам з мужыка, з усёй яго прыроды!..
— Хто не прымірыцца, а хто — дак як на рай які надзеецца, — перабіў яго Яўхім.
— Ix мала! Не трэба ашуквацца! Maca сялян — супраць калгасаў! Супраць! Не адзінкі, не сотні — маса! Maca!
— Ето такая маса, — скрывіўся Яўхім, як ад дзіцячай выдумкі,— што толькі сядзіць ды жджэ, як яно будзе. Ціскануць заўтра бальшавікі — дак i палезе ўся. І служыць будзе.
— Ты памыляешся! Ты не ўмееш ацэньваць абстаноўку! Pyx гісторыі! Усё гэта не так проста, як ты думаеш! — напаў на яго Зубрыч, але Яўхім злосна перабіў:
— Да што тут — проста, няпроста! Тут ужэ самога думка бярэ — штоб у калгас! Усе адно — жыць няма як!
— Не трэба падаць духам! Зубрыч пакруціў галавою: трэба ж — такое малаверства! З бадзёрай, мудрай усмешачкай павялеў:— Вытрымка i вера! Не трэба да часу вешаць галаву, друг! Прыйдзе наша пара, вернецца ўсё! Яшчэ нямала ў прыдачу возьмеш! Калі толькі заслужыш, вядома!.. — дадаў Зубрыч зусім весела.
Яўхім не адказаў на яго весялосць. Хмурна глядзеў уніз на дарогу, гарбата ківаўся, быццам не чуў Зубрыча. Зубрыча гэта не збянтэжыла.
— Мы сваё зробім, — сказаў ён, зрабіўшы націск на "мы" i надаўшы гэтаму "мы" загадкавую значнасць. — Але поспех нашай работы будзе залежаць ад цябе, ад многіх іншых нашых паплечнікаў сярод народу… Трэба працаваць з намі. Трэба паказваць, якую бяду нясуць бальшавікі. Аднаму, другому скажы i — пойдзе па сялу. Пускаць чуткі, даваць парады — што рабіць з гаспадаркаю, напрыклад… Уздымаць паніку, нездавальненне… Падбіраць недавольных, злучаць ix у групкі. Каб у належны момант было абаперціся на каго. Узняць ix i павесці з сабой — у належны момант… — Зубрыч яшчэ гаварыў, дзелавіта, важна тлумачыў, але Яўхім амаль не слухаў яго.
Яўхім разумеў большае, чым Зубрыч гаварыў: ён разумеў, што нічога добрага не будзе, што спадзявацца няма на каго. Калі выехалі на разгалку дарог, ён перабіў Зубрычава настаўленне:
— Я тут пайду. — Яўхім саскочыў з вазка.
Зубрыч прыпыніў каня. Глянуў бадзёра, наказаў:
— Цярплівасць, вытрымка! І — вера! Вера, Яўхім!
Читать дальше