— Дзе гэта? У Бабічах?
— Можа, і ў Бабічах, — шумна выдыхнуў Сушчэня.
«Вот жа халера, — падумаў Войцік. — Калі ўжо страляюць у Бабічах, дык куды ж паткнуцца?»
Мусіць, тое ж адчуў і Сушчэня, які трохі паправіў на сабе ношу, хістка пераступіў на нагах — праз хвіліну яшчэ даляцелі два стрэлы, і затым усё няпэўна знямела. Яны пастаялі, тады Войцік зайшоў наперад і паказаў рукой трохі ўбок ад тых стрэлаў.
Яны зноў рушылі па бары, усё пільна ўслухоўваючыся праз лесавы шум, — пакуль што, праўда, вакол было ціха. Куды яны ішлі, цяпер ужо не ведаў ніхто — ні Сушчэня, ні Войцік. Неўзабаве, аднак, ім трапілася старая лесавая прасека, дзе-нідзе парослая маладым падростам — хвойнікам і бярозкамі, дол тут слаўся пясчаны, і ісці па ім было цяжэй, чым па бары-беламошніку, у пяску грузлі ногі. Сушчэня часта спыняўся, усё паддаючы на сябе цяжкое цела параненага, якое ўпарта спаўзала долу. Бураў спярша маўчаў, мо быў у непрытомнасці, а пасля стаў надта стагнаць, і Сушчэня спыніўся. Яны ашчадна паклалі Бурава долу, Войцік сказаў заклапочана:
— Зноў закрывяніў…
Ён знямогла скінуў са сваіх плеч вінтоўкі і сеў, дзе стаяў, — на сухі, засыпаны ігліцаю дол. Штось памеркаваўшы, Сушчэня на гэты раз рашуча сцягнуў цераз галаву сваю чорную чыгуначную кашулю, хуценька скінуў нясвежую, выцвілую ад старасці майку.
— Э, ужо нічарта не паможа, — недаверліва сказаў Войцік. — Тут ужо столькі нацякло…
Схіліўшыся над параненым, яны зноў расхінулі ягоны мокры шынелак і ўдвух пачалі абвязваць майкай ягоны жывот. Каб яна неяк трымалася там, выцягнулі з ягоных штаноў вузкі каляны раменьчык, падперазалі жывот па майцы.
— Мне, мусіць, усё, — квола прастагнаў Бураў і памаўчаў. — Не данесяце…
Удвух яны моўчкі пасядзелі над ім, адпачываючы і непружана згадваючы, як быць далей, і Войцік азваўся першы.
— Трэба падвода. А так, канешне…
Усё нешта мяркуючы, ён паўзіраўся наперад, у затуманены прасцяг вузкай прасекі, з аднаго боку якой стаяла сцяна спелага хваёвага бору, а з другой зелянеўся кучарывы гушчар маладога, радкамі пасеянага лясніцтвам хвойніку. Хвойкі тыя не надта каб выраслі, але ўсе дружна імкнуліся ўгору, утварыўшы высакаваты, на два-тры чалавечыя росты, непралазны гушчар. Мабыць, там можна было схавацца, іншага сховішча ў скразным бары не было.
Толькі яны ўзяліся за Бурава, каб несці яго туды, як зноў здалёку забахала, ды так часта і густа, што яны знерухомелі. Некалькі доўгіх хвілін яны слухалі з пякельнаю мукай на тварах, затым Войцік страпянуўся першы.
— Давай, хутка, туды, у хвойнік!..
Абодва, задыхаўшыся, прынеслі параненага на край хвойнічку і, расхінаючы яго калючыя нетры, прадраліся яшчэ крокаў з дваццаць. Тут сапраўды было схоўна і ціха, і яны, натрапіўшы на невялічкую прагалінку, паклалі на дробную траўку спакутаванага Бурава.
— Дзе гэта… страляюць? — ціха запытаўся той, не паднімаючы запалых век.
— А чорт іх ведае! — сказаў Войцік. — Недзе ў тым баку.
— У Бабічах?
— Можа, і ў Бабічах. Але ты ляжы. Во расстараемся падводу — адвязем.
— Расстараемся… — няпэўна прамовіў Бураў і зноў маркотна надоўга сціх.
Яны ўдвух цесна сядзелі побач і круцілі ва ўсе бакі галовамі, слухаючы наваколле, ды тут нічога не было чуваць. Толькі шумеў (аж свістаў у хвойным гушчары) вецер ды, халера б на яе, недзе ўсчала стракатаць сарока — каб яна хоць не навяла каго на гэтую прагаліну, падумаў Войцік. Яны ўжо добра нахадзіліся па лесе, мабыць, і часу мінула нямала. У гэты кароткі дзень, ведаў Войцік, не заўважыш, як ранак зробіцца вечарам. Мабыць, трэба было пакарыстацца ім, пакуль не пачало змяркацца, а то ў цемры ды на незнаёмай мясцовасці вельмі проста налезці на ліха. Трэба ісці здабываць падводу. Толькі хто пойдзе?
— Сушчэня, — сказаў Войцік, — ты тут ведаеш, дзе што. Дзе вёска, ведаеш?
Сушчэня заклапочана ўгледзеўся ў хвойнік, паслухаў, падумаў.
— Дык Бабічы там недзе. Пад пушчай. А можа, мы іх дзе прамінулі?
— Гэта там, дзе стралялі?
— Ну.
— Дык ідзі па падводу, — сказаў Войцік.
Сушчэня ўстаў, хацеў нешта сказаць, мабыць, на развітанне.
Але не паспеў ён, прыгнуўшыся, ступіць у гушчар, як Войцік яго спыніў.
— Не, чакай! Усё ж пайду я, — вырашыў ён. — А ты сядзі тут, пільнуй.
— Добра, — паслухмяна сказаў Сушчэня, зноў сядаючы ля бухматае, з абвіслымі лапкамі хвоі.
Войцік пачаў хуценька збірацца ў дарогу: падняў з долу бураўскі карабін, уздзеў за спіну, узяў у рукі вінтоўку, ямчэй насунуў на голаў сваю казыркастую кепку. Ён ужо ступіў быў у хвойнік, як з долу ціха азваўся Бураў.
Читать дальше