— Знаеш, працуем, як і раней, але на душы так прыкра, што сказаць нельга: на каго робім?
— Што ж, не панімалі, на каго робіце? — прастагнаў Бураў.
— Панімалі, чаму ж. І гаварылі пра тое. Хлопцы ўсе свае, адзін аднаго не баяліся.
…Рабілі яны, аднак, не надта каб спраўна, болей бавілі час, а як толькі пачынала вечарэць, разбіралі інструмент і — на станцыю. Спярша ўсё ішло добра, і нават немец не дужа дапякаў, але вясной прыехаў новы начальнік па прозвішчы Ярашэвіч — чорт ведае што за чалавек. Быццам свой, але горшы за немца. Пачаў штодня правяраць працу пуцейцаў і прыдзірацца злосна і па-дробнаму: памерае пуць — не хапае міліметра або міліметр лішні — скандал! І ўзяў за правіла за ўсё спаганяць з брыгадзіра. Калі што дзе не так, ён брыгадзіра — па мордзе. Сушчэня спярша не разумеў, чаго ён гэтак на яго ўз'еўся, а пасля стаў здагадвацца: гэта ж ён настройваў брыгадзіра супраць ягоных хлопцаў, каб той больш з іх спаганяў, а яны каб яго баяліся і ненавідзелі. Во тады ён і пакарыстаецца сваёй уладай, як хоча.
Варожасці ў брыгадзе, аднак, ён не дамогся, хлопцы ўсе былі з розумам і калі каго ўзненавідзелі, дык гэта самога Ярашэвіча. І калі трохі раней, як начальнікам быў Церашкоў, пуцейцы яшчэ асцерагаліся чаго, дык цяпер тая асцярога адпала. Цяпер яны сталі адкрыта гаварыць між сабой — згаворвацца, як зрабіць немчуры «тарарам». Вельмі закарцеў хлопцам гэты «тарарам», тым больш што ў лясах ужо загуло-загрукатала, паявіліся партызаны, аднойчы спалілі два грузавікі на лясной дарозе воддаль ад станцыі. Брыгада пуцейцаў Сушчэні ў той час працавала на Кузоўскім балоце, там было шмат звычайнай работы па рыхтоўцы і замене шпал, наогул участак той быў самы горшы, і яны займаліся ім з вясны. А тут новы начальнік перакідвае іх на чыгуначнае закругленне перад Выспянскім мостам, кажа: шэф-немец праверыў надоечы, там трэба прайсціся, выверыць радыус і падбіць сотню шпал. Брыгадзір заўжды быў чалавек паслухмяны, і яны назаўтра ранічкай узялі інструменты і з ручной кацілкай патупалі палатном да Выспянскага моста.
Рабілі там дні са тры, і якраз тады немцы паязды на ўсход сталі пускаць ноччу. Што яны там везлі, пуцейцы не маглі бачыць, але так меркавалі, што, мабыць, важныя грузы, можа, танкі нават, калі для перавозкі карысталіся выключна цёмнай парой сутак. І вось неяк самы малады з іх, той фэзэушнік Мішук, калі яны, пасеўшы ў рад, перакусвалі за канавай, і кажа: «А давайце развінцім звяно і ўстроім „тарарам“. На закругленні здатна палучыцца». Тапчэўскі падумаў і падтрымаў: «А што, кажа, дзельная думка!» Кобрань тады прамаўчаў, а Сушчэня дык быў адразу супраць — што ўдумалі! «Немцы — яны дурні, ці што, не здагадаюцца хіба? Стык жа развінчаны, адразу відаць». Пачалі спрачацца, і Мішук з Тапчэўскім даводзяць, што, калі цягнік паляціць пад адхон, тут ні адзін стык не застанецца, усё перакрышыцца, перакруціцца, як вунь ля Лемяшоўскай будкі. Месяц таму там была аварыя ці, можа, падрыў, і яны бачылі, што там зрабілася. Там сапраўды была каша з рэек, шпалаў, вагонаў. Але там трохі іншы профіль пуці, там выемка, а не закругленне.
З самага пачатку Сушчэня быў супраць гэтай задумы, бо ведаў, можа, лепей за іншых, што надта цяжка будзе схаваць канцы ў ваду, закругленне табе — не выемка, тут, мабыць, болей паляціць пад адхон. Паляціць на поплаў або нават у рэчку, пад мост. Таксама някепска, нават дужа добра. Толькі вось той стык як бы не застаўся ўлікай. Надта сумняваўся Сушчэня, але, у ягоных хлопцаў ужо загарэліся вочы — давай ды давай! І ён не схацеў, каб яго палічылі баякам ці яшчэ горш — нямецкім паслугачом. І пагадзіўся. Не сказаў, праўда, нічога, проста змаўчаў, калі перад канцом работы, ужо на захадзе сонца, гэты Мішук, Тапчэўскі ды і Карабань пабралі ключы і абступілі самы выгадны для таго стык на закругленні. Брыгадзір маўчаў, але ў душы ён ужо адчуваў, бы ведаў, што тое так не абыдзецца. Будзе бяда.
— Ну, ведаеш, развінцілі стык, трохі ссунулі рэйку — адну знешнюю, гэтага было досыць. І хутка пакацілі інструмент на станцыю. Думалі так, што яшчэ да цягніка не меней чым пара гадзін часу, наставаў прыцемак, стыку ніхто не заўважыць. А пакуль тое крушэнне, мы будзем далёка. Ці мала што магло здарыцца, маўляў — пасля нас. Можа, партызаны, ці што. Мы нічога не бачылі.
…Сапраўды, так яны думалі. Яны думалі, што пасля крушэння немцы будуць шукаць нейкія там доказы і доказаў не знойдуць, а пуцейцы будуць усе, як адзін, адмаўляцца, і ўсё неяк абыдзецца. Ды, мабыць, у жыцці ніколі не выходзіць, як думаецца, тым больш у вайну…
Читать дальше