Бураў пераскочыў цераз паркан і кінуўся да машыны. Бензінавы бак якраз быў з гэтага боку, таму праз акно з хаты яго ніхто згледзець не мог. Заснежаная вуліца ўся патанала ў паўзмроку, хоць чалавек на ёй быў бачны здалёк, але ніхто нідзе не ішоў і не ехаў. Бураў з усяе сілы крутануў з гарлавіны тугаватую накрыўку бака (ведаў, яна заўжды адкручвалася туга) і сунуў туды свой абкручаны пакуллем квач. Шкада, бензіну было не поўна, мусіць, з палавіну бака, ён адчуў гэта, боўтнуўшы квачом, і, выцягшы яго да паловы, церануў запалку. Пэўна, ён усё ж хваляваўся: першая запалка згасла, згасла і другая, тады ён узяў з карабка іх некалькі разам і запаліў. Калі запалкі добра ўспыхнулі, ткнуў імі ў квач, той ярка пыхнуў у самы ніз кузава, жарам ударыў у твар (абпаліўшы бровы), але Бураў усё кінуў з рук і рынуўся цераз плот. Не азіраючыся, на падворку адчуў, як ззаду агняна ўзвіхрылася, зашквірчэла, ярка асвяціла наваколле, ён убачыў перад сабой на снезе свой даўгалыгі цень ля хляўка і забег за вугал. Далей, не азіраючыся, прыбег на ўласны падворак і стаў ля дрывотні — за садкамі і стрэхамі будынкаў палаў дымны пажар і чуліся крыкі — то былі музыка і відовішча, весялейшых за якіх ён не памятаў у жыцці.
Машына згарэла датла, рамантаваць там ужо не было чаго, паліцаі яе нават не звалаклі з вуліцы, яе абгарэлы шкілет стаяў там да сярэдзіны лета, пасля недзе прапаў. Але таго Бураў ужо не бачыў: тае ж ночы, калі па яго прыйшлі паліцаі, ён прадбачліва сядзеў у пуньцы і гародамі падаўся з мястэчка ў пушчу. Там пачаўся для яго новы жыццёвы этап, які як бы не скончыўся разам з жыццём у гэтым прыстанцыйным лесе…
Бураў ляжаў пад стромкай, голай аднізу хваінай, і Войцік нейкай анучай спрабаваў перавязаць яго. Рана была, мусіць, кепская — ці не разрыўной у левы бок, крыві наплыло многа, Войцік у прыцемках доўга поркаўся пад яго кашулямі, і Бураў, хрыпата стогнучы, лаяўся:
— Мудак! Я ж цябе паслаў пільнаваць… А ты…
— А я і пільнаваў. Што я вінаваты, што яны з іншага боку? — шчыра дзівіўся Войцік.
— Іншага…
Стоячы на каленях, Войцік нарэшце абкруціў анучай скрываўлены жывот Бурава. Як след перавязаць яго было, аднак, неяк ды і не было чым, і Войцік думаў, што карысці з тае перавязкі будзе няшмат. Трэба б яшчэ якую анучыну, але дзе яе возьмеш у гэтым бязлюдным восеньскім лесе? Ён ваўкавата зірнуў на змакрэлага ад поту Сушчэню, які паныла сядзеў побач, і ад яго, відаць было ў світальным прыцемку, веяў потны парок. Сушчэня сохнуў, аддыхваўся, упёршыся рукой у імшарнік, і нявесела пазіраў на двух партызан. Яны да яго не звярталіся, ні пра што не пыталіся, быццам нават злавалі на яго, але не стралялі і нават не праганялі яго. Яму ж ісці адгэтуль не было куды, і ён сядзеў так, стомлена дыхаў, чакаў. Праўда, адчуваў ён, што, мусіць, яшчэ спатрэбіцца: хілы Войцік наўрад ці сам справіцца з цяжкім, зусім ужо знямоглым Буравым, трэба будзе падмога. Пэўна, гэта ж адчуваў і Войцік, які, перавязваючы Бурава, усё думаў: што з ім рабіць, куды несці? І як несці?
— Ох і нарабіў ты… Ох і нарабіў! — стагнаў тым часам паранены.
— Гэта ты нарабіў, — вяла апраўдваўся Войцік. — На чарта было лезці ў лес?
— Што ты разумееш, Войцік, — прастагнаў Бураў і, нібы штосьці ўспомніўшы, запытаўся: — Дзе Сушчэня?
— Ды во сядзіць, — кіўнуў галавой Войцік.
— Не чапай Сушчэню, — выразна вымавіў Бураў і сціх. Войцік зацяў дыханне, нібы чакаючы пачуць ад яго і яшчэ нешта, але, не дачакаўшыся, паціснуў плячыма пад воглай рудой паддзёўкай.
— Хай… Мне што. Толькі што камандзір скажа?
Бураў на тое ўжо не адказаў,ён зусім неяк нядобра абціх у доле і ляжаў так, нямогла выпрастаўшыся даўгім целам, раскінуўшы худыя ногі ў ботах. Знятую з яго дзягу з наганам у кабуры Войцік ужо начапіў сабе на паддзёўку і, мабыць, не збіраўся яе знімаць. Але Бураву, відаць, было не да зброі, здаецца, ён зноў упаў у непрытомнасць.
Пасядзеўшы трохі, Войцік трывожна заазіраўся.
— Яшчэ дагоняць і возьмуць, як суслікаў. Нада матаць адсюль. — Ён ускочыў на ногі. — Ану, давай бярэм удвух!
Сушчэня з прымаруджанай гатоўнасцю падняўся, падышоў да параненага. Карабін Бурава ляжаў побач, але цяпер пры Войціку ён не адважыўся яго ўзяць. Тады карабін падхапіў Войцік і, шчоўкнуўшы затворам, закінуў яго за плячо. На другім плячы ў яго вісела свая даўгая вінтоўка, на баку звешвалася дзяга з наганам. Мусіць, замнога для аднаго чалавека набралася ў яго зброі, але Сушчэня не сказаў нічога — зброя цяпер яго не датычыла.
— Так. Бярэм!
Читать дальше