— Вы ж ведаеце вялікае начальства — пагаварэця… I Сцяпан, і дзядзька нічога ж кепскага не ўчынілі.
— А за што ж іх арыштавалі?
— Не ведаю.
— За дабрачыннасць не арыштоўваюць, а ўзнагароджваюць, — сказаў, надаючы важнасць сваёй персоне. — Твайго любімага і паважанага табой дзядзьку ўзялі пад варту за антысавецкую агітацыю! За падрыў нашага курсу, за падрыў бяспекі краіны! Яны мараць частку яе, гэтую Заходнюю Беларусь, аддаць капіталістычнаму Захаду!
— Нічога ж благога яны не рабілі… — вяла сваё маладая засмучаная жанчына.
— Не ўтойвай — як маглі шкодзілі.
— Не! Паверце, не!
— А замышлялі яшчэ страшнейшае. Вось іх своечасова і пазбавілі волі.
— Не… — наўзрыд заплакала Марыся.
— Ды што ты можаш іншае сказаць! Канечне, будзеш не гаварыць на іх кампрамат, маляваць святымі анёламі.
— Прашу вас: памажэця! — падняла на яго свае прыгожыя вочы.
«Ох бы цяпер пацалаваць, а то і ўзяць яе! Жанчына са слязамі — адмысловая жанчына!»
— Павер, — прамовіў як мага па-прыяцельску, для чаго нават прыклаў руку да грудзіны. — Яны, як сама ведаеш, не ў міліцыі, дзе начальнікам мой сябра, яны — у энкавэдэ. А туды, кажу, надта не ткнешся. Начальнік гэтых органаў — новы тут чалавек, на ўсіх глядзіць па-дазрона. Нават на нас, партызанаў, савецкіх і партый-ных служачых.
— Калі трэба, заплацім…
— Чым? — усміхнуўся.
— Калі грашыма — дык грашыма, а калі якой работай — дык работай.
— Згодзен: работай… — пагарэзаваў. — Давай сустрэнемся ўвечар, пагаворым. Ці ў мяне, ці я сам да цябе падыду.
Апусціла галаву. З болем у душы.
— Згодна? — пачаў наступаць і, не чуючы адказу, пазмоўніцку зашаптаў: — Не бойся, не стрымлівай сябе рэлігійнымі альбо маральнымі забабонамі. Згодзішся пабыць маёй — сам паеду ў раён, пайду да начальніка органаў і буду прасіць за іх, хоць магу атрымаць за гэта па носе. Не згодзішся — пальцам не пакратаю, будзеш у маладым веку замужняй удавою…
— Як вы можаце такое гаварыць?! — цяжка ўздыхнула. — Такое гора ў мяне!
— Дык давай пазбаўляцца ад яго!
— Толькі не гэтак…
— Не бойся, ніхто не ўведае. I я… Ну, аберагу цябе, не будзеш цяжарнай.
— Я, каб вы ведалі, цяпер цяжарная, — прызналася.
— Тым лепш, — захапіўся ён. — I для цябе, і для мяне. Дык самому прыйсці да цябе?
— Не.
— Падумай, — сказаў мякка, пачаў далей заварожваць: — Я не заўсёды такі строгі, я ўмею быць і ласкавы. А з табой дык зусім буду як ягня.
— Прашу вас, — падняла на яго напоўненыя слязьмі вочы, — не гаварэця пра такое. Прашу вас, хочаце, на калені перад вамі стану: выратуйце добрых людзей. Усё жыццё будзем вам дзякаваць.
Зразумеў: не падаб'еш на тое, што ён хоча.
— Усё, спынім размову, — адрэзаў, не даючы ёй іншага выйсця. — Перадумаеш — прыходзь уночы альбо кліч мяне да сябе. Я ж табе не хлапчук, каб…
Не даслухала, не развіталася, падняла дзіця на рукі і гаротна падалася з кабінета.
«Здасца ці не? — паразважыў. — Хоць і адно, і другое не выратуе яе Сцяпана. З тых жалезных лап ён ужо не вырвецца… Але мне бяда малая — мне трэба яе маладосць, яе краса!»
Пасядзеў хвіліну-другую, асэнсоўваючы сваю гутарку з маладой жанчынай. Здаецца, добра з ёй гаварыў, хоць, канечне, можна было тады-сяды падступацца да яе больш гібка. Невялікай адукацыі, нідзе надта не была, але чуйная, успрымальная ды цнатлівая ад прыроды, а заадно асцярожная, з моцным сорамам і бояззю грэху. Карацей, мусіць, яна і ёсць тая жонка, якую можна на-зваць ідэальнай.
У дзверы ціха пастукалі.
Мішка. У салдацкіх кірзачах, абвіслым зашмальца-ваным галіфэ, у шэрай, з зялёнымі кветачкамі, нямец-кай марынарцы, як тут кажуць, штрыфлі якой былі за-гнутыя. Кучаравы і чарнявы, як цыган. Калі тут, зна-чыць, прывёз яшчэ калёсы поўных мяхоў. Пасля таго, калі ўзялі Грыгарцэвічаў, не глядзіць у вочы. Паводзіць сябе як пабіты сабака. Можа, перажывае за ўчыненае, за данос, можа, баіцца будучага гневу сыноў Францішка Грыгарцэвіча.
Стаў вось у парозе, маўчыць.
— Слухай, малойчык, — беспакарана (не толькі як на падначаленага, але і як на чалавека малога росту) напаў на яго Кураглядаў, ведаючы, што той усё сцерпіць. — Штосьці ты мне алошні час не падабаешся.
— Я сам сабе не падабаюся…
— Што такое?
— Здаецца, пасадзяць іх…
— Пасадзяць. I не тут, а запруць у Сібір.
Мішка змаўчаў, закусаў ніжнюю адтапыраную губу.
— Ты што — каешся? Перажываеш, што свядома пацвердзіў антысавецкі змест размоў кулака-хутараніна і яго родзіча?
— Ці вялікая каму шкода, што нехта сказаў згарача тое-сёе?!
Читать дальше