Гаспадыня, мусіць, угадала, што Ада пакутуе, заспакоіла, што сусед паехаў у горад купляць сабе касцюм.
Назаўтра Ада, калі ішла са школы, убачыла Пецю ў новым касцюме. Сусед стаяў з сябрукамі ля магазіна i курыў. Яна прывіталася і, не азіраючыся, падалася дамоў.
— Твая? — пачула яна.
— Ай, — сказаў Пеця, — яна такая ж цікавая, як i яе алгебра.
Хлопцы пырснулі смехам, яшчэ штосьці сказалі, але яна не пачула, прыспешыла крок. У галаве яе стукала, звінела.
«Пустадомкі вы! Вам яшчэ далёка да мяне з маёй матэматыкай», — суцешыла сябе, пайшла спакойней, але не вытрымала i заплакала.
…Зіма па-ранейшаму стаяла бясснежная. Увесь снежань плыло нізкае шэрае неба, па-асенняму цабанілі дажджы. Лінула было ў адзін дзень шэрай вадзяной хлюпанкай, паляжала яна колькі хвілін на цёплых стрэхах i знікла.
У самым канцы снежня высокае i светлае стала неба, густа высыпалася ноччу зоркамі — цяпло згарнулася, узяўся іней i ўбяліў зямлю. Вада высушылася, выдзьмулася, схапілася лядком. Зямля стала цвёрдая i звонкая, гулі на моцныя маразы драты, але зімы, снежнай, з гарэзнымі, шалёнымі мяцеліцамі, не было.
Адзе зноў было адзінока, сумна i холадна на душы, яна нават здзіўлялася, чаму так нервуецца, злуецца часта на дзяцей. Яна чакала снегу, надумалася: настане снежная пара — штосьці новае, блізкае i радаснае народзіцца ў яе душы, i сама яна стане весялейшая, убачыць тое, чаго дасюль не магла разгледзець. Тады больш ахвотней i радасней здасца работа, лягчэй будзе пераносіць кпіны фізіка i літаратара, маладых жанатых настаўнікаў: яны ўвесь час пацвельваліся з яе, жартавалі, што ёй трэба выходзіць замуж — усю яе нудоту як рукой здыме. «Можна быць нешчаслівай з мужам, але нельга быць шчаслівай без мужа», — гаварылi яны.
«Вой, вельмі!» — адмахвалася Ада, але адчувала, што ёй тут больш не варта заставацца, варта паехаць адсюль i папрасіцца ў другую школу.
Так думала яна, пакуль зноў не прыйшоў Пеця. Аднойчы ён дагнаў яе па дарозе ў школу i сказаў, што будзе вечарам, ля шасці гадзін, чакаць яе за школьным садам.
«Я ж такая цікавая, як мая алгебра…» — хацела папракнуць яна, але не паспела: Пеця абмінуў яе i хутка-хутка пайшоў, не аглядаючыся.
«Што гэта з ім? — здзівілася яна. — Можа, ён тады толькі пажартаваў? Можа, ён калі не кахае, дык хоць захапіўся мною?»
Дома Ада падышла да люстэрка. Зірнула ў яго — i прыпынілася: якая яна поўная, мажная, як замужняя кабета.
«Трэба меней есці,— падумала, — я павінна пахудзець i пастрайнець».
Яна, галодная, вярнулася ў свой пакойчык, падумала пра Пецю. Пасля прылегла, але заснуць не магла, пазірала ў акно, на аб’інелы двор. Снегу там яшчэ не было, але платы, вецце так намерзлі, што былі белыя, як студзенем у вялікі мароз.
Звечарэла. Хоць i да шасці было яшчэ далёка, але неба ўжо выцемнілася, стала густа-шэрае, i ў ім не бачылася ні сонца, ні светлай палоскі ад яго. У гэты час Ада звычайна садзілася правяраць сшыткі, але сёння за ix не ўзялася.
Сёння, мусіць, Пеця, нечакана надумала яна, захоча пацалаваць яе, але трэба яму не дазволіць, сказаць: «Няхораша вы тады сказалі» ці «Пацяшаць сяброў абразамі другіх несумленна». Яна паднялася, доўга вычэсвалася i круцілася ля люстэрка.
«Не трэба так гаварыць, — перадумала яна. — Лепш памаўчаць. Але, божа мой, якая я непрыгожая! Лепш у мяне розуму напалавіну менш было б, а красы ўдвая болей… Можа, добра, што хоць Пеця звярнуў на мяне ўвагу…»
Яна яшчэ падумала, ці можна дазволіць Пецю пацалаваць яе, пра што яны будуць гаварыць. Што ён невывучаны — не бяда, яна паможа яму паступіць у які тэхнікум.
Ада апранула лепшую сукенку, новае паліто i, хвалюючыся, выйшла з хаты, пайшла хутка, каб ніхто не мог убачыць яе.
Супакоілася толькі за вёскай, суцішыла крок. Яе дагнаў на веласіпедзе школьнік, пазваніў, але, пазнаўшы, аб’ехаў, хітра ўсміхнуўся, як усё ведаў, i панёсся віхрам наперад па дарозе.
Сцямнела; Ада ўзіралася i старалася разгледзець сярод слупоў, ствалоў дрэў чалавека. Мусіць, i не ўбачыла б, каб не іскры ад цыгарэты. Калі яна падышла на агеньчык, чалавек кінуў недакурак на зямлю — ускінуліся іскры.
Гэта быў Пеця; цяпер ён нервова таптаўся, прыкурваў новую цыгарэту.
«Ён таксама, мусіць, такі смяльчак, як i я».
Ада падышла i нічога не сказала, падумала: няхай загаворыць ён; зняла з рук рукавіцы, паправіла хустку на галаве.
— Ада Іванаўна, — сапраўды першы загаварыў Пеця, — у вёсцы ўсе гавораць, i маці мая хоча… Але лепш вы пачытайце… — i ён хутка дастаў з кішэні паперку i падаў ёй.
Читать дальше