Ада захвалявалася, ведала, што гэта прызнанне ў каханні, хацела сказаць, што цёмна, але Пеця дастаў з кішэні ліхтарык i пасвяціў ёй. Яна пачала чытаць i бачыла, як ён непісьменна піша; ірвануў халодны вецер, працяў яе, ажно ў яе пакацілася сляза. А можа, яна i заплакала, бо не дачытала гэтага ліста — нечакана зашумела ў галаве, забалелі скроні: у Пеці, выходзіць, была дзяўчына, i ён сябраваў з ёю колькі гадоў, пісаў з войска, i гэтая Таня ўвесь час пісала яму.
— Што вы, Пеця, — Ада ніяк не магла знайсці патрэбных слоў,— ні ваша Таня, ні вы не павінны адчуваць перада мною ніякай сарамлівасці i маральнага абавязку, — пасля яна адчула, што не тое гаворыць. — Гэта вам трэба перад Таняй апраўдвацца, а не перада мною…
Пеця стаяў i маўчаў.
— Ідзіце цяпер да яе i супакойце, — сказала Ада, захінулася хусткаю ад ветру, што калюча біў у твар, слязіў вочы, але яна старалася не заплакаць. Пасля адчула, што слёз не было, вырываўся толькі боль, яна адкінула на спіну галаву, чула, як апякае шыю холад. Адплюшчыўшы вочы, заўважыла: на небе высвецілася маленькая ранняя зорка i адзінока замігцела ў далёкім небе.
«Ёй там, у небе, гэтак жа, мусіць, холадна, як i мне цяпер тут, на зямлі?»
Пахадзіла за вёскаю, паслухала, як шуміць вецер, парыпвае частакол, рыпяць недзе далека вароты. Паглядзела, як знаёмая кабета скубла са стога сена, скубла i прыпынялася, дзьмула сабе на адубянелыя рукі. Дома Ада не правярала сшыткаў, не пісала планаў: рашыла быць такой, як ёсць. Пасля напісала на імя дырэктара заяву, прасілася адпусціць яе ca школы. Яна не ведала, куды паедзе, дзе будзе рабіць, але рашыла выехаць з гэтай вёскі.
Назаўтра дырэктар чытаў яе заяву i здзіўляўся:
— Чаму, Ада Іванаўна? Хто вас пакрыўдзіў?
— Ніхто мяне не крыўдзіў,— адказала яна.
— Паслухайце, — сказаў дырэктар, — дзе вы ў нашым раёне знойдзеце лепшую школу? Да горада блізенька, умовы працаваць выдатныя, гадзін, зарплаты павінна ж хапаць. Што вам у нас не спадабалася?
«Усё гэта добра, — падумала яна, — але ж я не толькi настаўнік, але i чалавек, дзяўчына… А гэтага ў заяве не напішаш».
— Падумайце яшчэ, Ада Іванаўна, — гаварыў дырэктар, — мы вас можам адпусціць, але не зможам затым назад узяць. Хоць хто будзе вучыць дзяцей, пакуль каго на ваша месца знойдуць?
Ада маўчала.
— Мы да вас прывыклі, Ада Іванаўна, — падышоў да яе дырэктар, усміхнуўся, — i дзеці, бацькі ix вас любяць i паважаюць. Вы тут патрэбны чалавек. Неўзабаве калгас у новым доме дасць вам кватэру, купіце сабе «Масквіч»… Праз год пяць мы вас заслужанай настаўніцай зробім… Чаго вам яшчэ лепшага шукаць, хацець?!
Ада не ўтрымалася i ўсміхнулася: так заспакойваюць маленькіх дзяцей, расказваючы ім «добрыя» казкі. Нечакана яна (аж дырэктар здзівіўся) падалася да акна, за ім было шэра, нават цемнавата: навісла густое неба. Яно цямнела, а пасля пачало выбельвацца. Ада аж скаланулася: на дварэ ціха i павольна сыпаўся сухі лёгкі сняжок, якога яна столькі чакала.
Прыціх вецер, пакінуў у спакоі адзінокі лісток, які дасюль хістаў, ірваў з клёна, але так i не сарваў i не зразумеў упартасці ці жывучасці лістка. Вецер збег, каб вярнуцца ўжо са злымі мяцеліцамі.
Зямля ўвачавідкі рабілася белая: яна стала ўжо халодная, выдзьмутая вятрамі, змацаваная лёдам i не магла распусціць снег i нарабіць хлёпанкі — ужо доўга, да вясны, будзе на зямлі снежна, чыста i бела.
Я ў маленстве вельмі баяўся цыганоў. Можа, таму, што тады хадзіла пра ix шмат самых неверагодных легенд.
Калі правінавачваўся ў нечым, дык маці альбо бабуля звычайна прыстрашвалі адным i тым жа: «Пачакай-пачакай, неслух! Прыйдзе вот цыганка — аддадзім. Як трапіш у цыганскія рукі, дык будзеш ведаць, як не слухаць маці альбо бабулю». I калі ўзімку ці летам да нас сапраўды заходзіла цыганка, я заўсёды хаваўся — на печы над лахманамі альбо на ваг над ложкам. Праўда, госця, бадай, не зважала на нас, дзяцей, альбо нават i ласкава загаворвала, але я, цікуючы за ёю з якой шчыліны, надта не верыў — думаў, што заманьвае. I мяне са схованкі, i меншых маіх сястру ды брата, што туліліся да маці.
У нас, на хутары, яшчэ гаварылі, што цыганы не толькі забіраюць малых непаслухмяных дзяцей, але i ашукваюць старэйшых, выманьваюць ад ix дабро, а бывае, нават i крадуць. Да слова, казалі, што ў Антосі Кузёмка, старой кабеты, яны «выцыганілі» прыгожы, даўняй работы абрус толькі за тое, што «надакляравалі» яе адзінаму хваравітаму сыну шчаслівае вяртанне з гарадской бальніцы. У Ганны Навіцкай забралі пярсцёнак, i забралі так хітра, што яна нават апамятацца доўга не магла: помніць, што паказвала «маладой i надта ж нагляднай чорнавалосай госці» шлюбны пярсцёнак, помніць, што тая разглядала яго i ўсміхалася, а пасля аддала «ў самыя рукі», а вось зусім не помніць, як памяць адняло, чаму пярсцёнка ўсё ж у пудэлку не стала. Наш бліжэйшы хутарскі сусед, Пятро Мельнік, любіў баяць сваю гісторыю з цыганамі. Да ix, па яго словах, зайшла аднойчы ў зімовую сцюжу маладая цыганка з маленечкім дзіцем, папрасілася пагрэцца, а таксама папрасіла есці. Дзе ты адмовіш! Людзі ж! Маці з дзіцем! Гаспадыня пакарміла госцю i яе дачку, паслухала яе цікавыя расказы пра свет вялікі i пра ўсякія цыганскія прыгоды. Калі ж адагрэтая i сытая падарожніца збіралася пайсці далей сваім, вядомым толькі ёй шляхам, нечакана заявіўся ў хаце «усаты малады цыган, можа, i яе муж». Ён ветліва павітаўся з гаспадарамі, а пасля пачаў не толькі пагрозна крычаць на сваю маладзіцу, але i хлістаць яе пугаю — відаць, за тое, што яна тут надоўга затрымалася. Жанчына лямантавала, кідалася па хаце, урэшце шмыгнула пад вялікі ложак.
Читать дальше