— Залішне ўлягае твой чалавек да гарэлкі,— паківаў галавою Сямён. — Я яму колькі разоў ужо казаў: Пятро, не пі гэтулькі, гарэлка нікога да дабра не даводзіла i не давядзе.
— Каб жа яны слухаліся, дзядзька. Проста аж млеюць за гэтаю гаркотаю, вар’яцеюць. З-за яе, можна сказаць, свету не бачаць.
— Жылі бядней — шанавалі капейку, здароўе. Цяпер мала шануюць. I капейкі, i здароўя. I не бачаць: гэта ж на згубу самім сабе. Мне не раз страшна робіцца, што i каторыя кабеты пачулі смак у гарэлцы… Улягуць яны — разап’ецца вёска…
— Мяняецца вёска… — згадзілася Волька. — Багацеюць людзі, але распускаюцца… Я дык думаю папрасіць міліцыю, каб майго лячыцца паслалі. Будзе i далей гэтак піць — прападзе ж. Чацвёра дзяцей без бацькі застануцца… А вы, відаць, зараз грады выбераце, картофлю выбіраць пачнеце?
— Можа, i пачну, можа, i пачакаю. Мне ж, пенсіянеру, часу хапае.
— Чулі: да Верчынай Іркі Васька ўчора ў сваты прыходзіў? — загаварыла пра вясковыя навіны Волька, нібы жанчына з жанчынаю.
— Не, не чуў.
— Адвярнулася. Лічы, за стол нават не села. За трактарыста не хоча ісці: бялізны яго баіцца. Яна ж, бачыце, у бібліятэцы робіць. Прафесарка! Жаніхоў, як прынцэса, выбірае, не зважае, што трыццаты год ужо ідзе, хутка спадзе краса…
— Іхняя i матка ганарлівая была, некалі нашаму Адаму адмовіла. З багатай сям’і была, а мы з беднай.
— Суседка наша зноў грубая, — сказала яшчэ адну навіну Волька.
— Дай божа, — прамовіў.— У яе ж толькі двое. Можна i яшчэ адно, два, а то i болей дзяцей мець. Цяпер усяго ж усім хапае. Калі малыя дзеці, дык ix, здаецца, поўна, шмат клопатаў з імі, вырастуць — разыдуцца, нікога не ўгледзіш, адзін застанешся. Цяпер мала ў вёсцы дзяцей, лічы, усё людзі сярэдняга i пажылога веку. A калі мала дзяцей, маладых — старэе веска.
— Можа, i праўду вы, дзядзька, кажаце. I хапае ўсім усяго, i веска без дзяцей ды маладых старэе. Але ж маладыя цяпер не хочуць многа дзяцей. Адно, два завядуць — i ўсё. Баяцца лішніх клопатаў.
— I дарэмна. Без клопатаў псуецца чалавек.
— Можа, каб меліся яслі, садзік, дык яшчэ смялейшыя былі б. А то, у каго няма бабы ці дзеда, не маюць з кім дзяцей пакінуць, калі абое на рабоце. Учора да нас новыя настаўнікі прыходзілі, прасілі маму паглядзець іхняе дзіця колькі гадзін, пакуль самі з работы прыйдуць.
— Пойдзе маці?
— Дзіця ж іхняе зусім яшчэ малое, месяцаў шэсць ці сем толькі. Вучыліся разам, пажаніліся… A ў мамы, самі ведаеце, якія рукі. Дзе ж яна вынасіць на ix малое? Ды i сваіх бэйбусаў чацвёра.
— Можа, нехта ўсё ж падрадзіцца паглядзець?
— Не ведаю, — паціснула плячыма Волька. — Наўрад хто захоча цяпер глядзець чужыя дзеці. Хто сваіх унукаў гадуе, хто, пагадаваўшы ўжо, не хоча лішняй марокі. Пенсію атрымалі — можна i ўздыхнуць лягчэй…
— Трэба ўсё ж маладым памагчы, — сказаў Сямён. — Яны прыехалі вучыць нашых дзяцей, выводзіць у людзі — а мы адварочваемся ад ix. Хіба не гэта добра? Хіба гонар — не ўважыць настаўніка?
— Канечне ж, трэба памагчы, — згадзілася Волька. — Можа, хто i падсобіць.
— Грэх вялікі, калі не хочаш памагчы чалавеку ў бядзе, — прамовіў.— Дабра тады на свеце меншае. Зашмат, як пустазелля, сеецца зла. А зло губіць усё людское ў чалавеку.
Вольцы стала няёмка. Яна падтакнула яму i пастаралася сысці з двара. Ён жа са шкадаваннем доўга пазіраў ёй услед — невысокай, тоненькай, гаротнай, але, здаецца, не зусім чулай да чужой бяды. На словах спачувае, але далей свайго спачуваыня ступіць не хоча. Не такая ўжо хворая яе маці, магла б i паглядзець гадзіну-другую тое настаўніцкае дзіця.
Не ведаў прыезджых маладых настаўнікаў, не бачыў ix сына ці дачку, але трывожыўся ўвесь дзень: як яны будуць жыць? Што ім рабіць? Ісці на працу i браць з сабою шасцімесячнае ці сямімесячнае дзіця? Якая ж у ix тады будзе работа i якое маленства будзе ў дзіцяці? Трывожыўся яшчэ i таму, што, як можна смела сказаць, паглушэлі вясковыя людзі да чужых непрыемнасцей i нягод, не кідаюцца, як некалі кідаліся, памагчы небараку, таму, каму часова цяжкавата. Ці ён нешта перабольшвае, перажывае за настаўнікаў іменна таму, што некалі i яго жонка, Маруся, Марыя Палікарпаўна, была настаўніцаю, гэтаксама мела нямала клопатаў з чужымі i ca сваімі дзецьмі? Можа, іншыя людзі абыякавыя да чужой бяды, каб навучыць людзей умець найперш самім клапаціцца пра сябе, пераадольваць усякія — малыя ды вялікія — цяжкасці?
Па тэлевізары паказвалі кіно. Пра калгас, пра вясковы люд, пра клопат аб кожным чалавеку. Сямён, начапіўшы аісуляры, сядзеў на канапцы, глядзеў гэтае кіно, не толькі здзіўляўся, але аж ківаў галавою: як спрытна i хораша ўсе гавораць! Вось каб так усё i было! Ды тут, у Міланьках!
Читать дальше