Я вельмі чакаю Вашага адказу, як салавей лета. Буду вельмі рады, калі Вы мне напішаце. Усяго Вам добрага. В.Ш.».
«Віця!
Я атрымаў твой ліст, уважліва прачытаў. Праўда, я не зусім здзівіўся, што прыйшло гэтае пасланне, я яго нават нібы чакаў. Чаму? Ды многае было ўжо відаць. I не толькі мне аднаму.
Я не ведаю, што табе адказаць. Ты пытаешся, ці дам я згоду, каб мне пісаць, але я за гэтым пытаннем бачу іншае, большае. Я разумею, здаецца, чаму ты хочаш пісаць якраз мне.
Я ўжо ведаю: ты — добры вучань. Амаль выдатнік. Ты, як усе настаўнікі кажуць, вельмі здольны, абавязкова паступіш у ВНУ, будзеш добра вучыцца. Але цяпер ты — яшчэ вучань. Ты яшчэ не павінен адносіцца да мяне так, як адносішся цяпер. Мне той, каго вы называеце Бусел, даў ужо заўвагу: „Да нас дайшлі чуткі, што ў вас раман з вучнем. А гэта, разумееце, для нас усіх пляма, сорам. Вы павінны тут жа абарваць усё, спыніць i выкінуць з галавы“. Дык от я, Віця, прашу цябе: не пазірай больш так на мяне, не хадзі за мною ўслед i не пішы мне ніякіх лістоў: ты ставіш мяне ў няёмкае становішча, выбіваеш з раўнавагі.
Што датычыць сябра, пра якога ты пішаш, дык ведай: мы вучыліся з ім разам дзесяць гадоў, сябравалі. Нашы бацькі хочуць, каб мы пажаніліся. Але нам яшчэ рана пра гэта думаць: i яму i мне трэба яшчэ вучыцца. Ён, як i я, таксама завочнік, толькі я паступіў у педагагічны, а ён — у інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі.
Паслухай мяне, Віця. Ад сябе я табе раю больш зірнуць на Іру Ламаку з вашага класа. Яна — чулая, добрая дзяўчына. I, галоўнае, яна кахае цябе.
Усяго табе добрага. Не крыўдуй. Міша».
Мінуў цёплы май, a ўслед за ім прайшоў i гарачы чэрвень.
Віця Шпак быў разгублены, з парушаным спакоем ды з вялікім адчаем (Даўгапол рашуча загадала не пісаць ёй болей лістоў, не хадзіць услед, нават расказала пра яго залёты свайму сябру-земляку, i той аднойчы «па-мужчынску» пагаварыў з ім), але здолеў утрымацца i школьныя экзамены здаў амаль толькі на пяцёркі.
Праўда, паступаць вучыцца на агранома не збіраўся. Хацеў застацца працаваць у саўгасе на машыне (у школе здаў экзамен i на шафёрскія правы) i паспрабаваць паступіць пазней на завочнае, але не вытрываў матчыных слёз ды бацькавых строгіх вымоў, паехаў у горад i ўдала здаў экзамены ў інстытут.
I зарадаваўся неўзабаве, што не настаяў на сваім, паслухаў бацькоў ды настаўнікаў: у тое ж лета Даўгапол выйшла замуж за свайго земляка i выехала з Драўлянага. Верыць, што ён усё ж зможа дабіцца ад любімай ім дзяўчыны ўзаемнасці, ужо не выпадала. Засталося толькі глыбока ў сэрцы затаіць сваё каханне, перажываць ды вучыцца перамагаць сваю першую вялікую няўдачу.
Пазней, як часта бывае, іхнія сцежкі зусім разышліся: Даўгапол знікла, нібы растварылася ў гэтым вялікім свеце, a Іра Ламака, не паступіўшы, падалася ў раённы горад на будоўлю. З часам — з вучобаю, у паездках, у рабоце, адным словам, з новымі ўражаннямі i клопатамі — ягоны сардэчны боль пачаў слабець, быццам кудысьці западаць, а то i пакрыху забывацца, a калі ўспамінаўся, дык ужо са сталай усмешкаю. Як пра шчырае, але наіўнае сваё юнацтва.
Гады недзе праз чатыры былы аднакласнік у адным ca сваіх лістоў напісаў яму, што Іра Ламака выйшла замуж за вёрткага шафёра, атрымала ў горадзе кватэру, жыве заможна i не тужыць, а вось Даўгапол, як ён уведаў ад яе бацькоў, развялася, гадуе малога сына адна i каецца, што рана выйшла замуж i выбрала не таго за мужа.
Гэтыя навіны нічога ўжо не змянілі ў Віцевым жыцці: ён пакахаў сваю аднакурсніцу i меўся з ёю жаніцца. Толькі пазней, калі стаў сем’янінам, працаваў, набіраў цяжэйшую ношку гадоў, часамі зусім нечакана чамусьці ўспамінаў i Даўгапол, i Іру Ламака. Успамінаючы былую аднакласніцу, дакараў сябе, што ў свой час быў не зусім чулы, а думаючы пра маладую піянерважатую, адчуваў трапяткое хваляванне i пяшчоту ды шчыра лічыў: сапраўднае каханне зведаў якраз тады, калі быў малады.
1984
Новы дзень пачаўся так, як i ўчора ці пазаўчора.
Сямён прачнуўся з першым сонечным прасветкам i вераб’іным чырыканнем. Паволі споўз з цёплай ляжанкі, вобмацкам знайшоў пад лаўкай старыя валёнкі. Абуўся i яшчэ крыху пасядзеў — адыходзіў ад сну i болю ў галаве. З гэтым, цяжкім, са звонам у вуху ды з рэззю ў вачах болем, ён кожную раніцу падымаўся i кожны вечар клаўся спаць. Знікаў альбо забываўся боль удзень — у рабоце, у клопатах. Яго, гэты боль, як сказалі ўрачы, ужо не вылечыш: ён застарэлы, яшчэ ад некалішняй, франтавой, кантузіі.
Читать дальше