— Дзень добры вам, — падышоўшы, пільна зірнуў на ix, маўклівых, строгіх, ціха прамовіў ён. — Дзень добры.
Hi бацька з маці, ні Казік яму не адказалі, пазіралі на яго, як на нейкае дзіва: як ён уцалеў тут да гэтай пары?
— Ведаю, што ненавісны i пану, i пані…— слабым голасам, як каючыся, загаварыў прышэлец, пазіраў то на бацьку, то на маці i нават на яго, на Казіка. — Паліў вас i мястэчка… Але я не хацеў… Быў загад… Каб не паліў — пакаралі б… I радню там, у Нямеччыне, пакаралі б…
Зноў на яго словы было маўчанне.
— Я быў салдат, меў дысцыпліну… Салдат мусіць…
— Што мне цяпер тваё апраўданне! — злосна перапыніў яго бацька. — Няма во мястэчка, няма людзей… Зямля пустуе… Я не бачыў, не чуў, хто там вам загадваў… Але бачыў, як вы тут білі нашых людзей, палілі нашыя хаты… Бачыў, што ад усіх вас, праклятых чужынцаў, не было нам дабра… Была б вот цяпер ваша сіла тут, дык зноў здзекаваўся б з нас… Але чаго ты цягаешея? Уцёк? Не, не ўцячэш. Хоць няма i калі, але ўсё кіну, завяду зараз у сельсавет…
— Я, пан, у палоне, у Кляцішках, — як апраўдваўся стары. — Маю дакументы… — i ён дрыготкаю рукою расшпіліў верхнюю кішэньку мундзіра, дастаў складзены белы зверху ліст паперы, падаў бацьку. — Маю дазвол хадзіць, маю заданне… Куды ж я ўцяку? Нікуды не ўцяку. Ды i каб уцёк, то маім жа горш было б… А на тое, што цяпер ёсць, што было б, каб мы, немцы, мелі тут яшчэ ўладу, дык скажу: вайна, пане… Чыя сіла, улада, таго i права…
Бацька не ўзяў у рукі паперы.
— Ну, дык i ідзі, куды ідзеш… Сыдзі з воч… Калі б не яны… — ён кіўнуў на маці i на Казіка. — Я з табой цяпер не так пагаварыў бы… А пра сілу ды ўладу не вучы: вучаныя… Ведаем, якія вы, заваёўнікі, дабрадзеі…
— То ўсё Гітлер… Ён хацеў захапіць Расію, а не я. Мне i дома зямлі даволі. I я хачу не ваяваць, а працаваць…
Стары немец пастаяў яшчэ крыху i пайшоў. Але не на зусім. Як толькі яго адпускалі, ён прыходзіў зноў, каяўся, прасіўся, каб яму бацька дазволіў папрацаваць. I бацька, як здаўшыся, дазволіў таму рэзаць дошкі, рабіць дзверы ды вокны, ляпіць пліту. Стары немец быў майстра адмысловы, рабіў усё паволі, але трывала.
Як пачалі капаць у хаце — за плітою — яму, дзе меліся хаваць бульбу, гародніну, што даў ім за працу ружэвіцкі дзядзька, разам са старым немцам пачаў прыходзіць i малады немец. Малады немец не ўмеў гаварыць ні па-польску, нi па-тутэйшаму, дык ні яго, ні ён нікога не разумеў. Увесь час ён маўчаў i ніколі не ўсміхаўся.
…Два немцы — стары i зусім малады — прайшлі вялікае заснежанае поле i наблізіліся да замёрзлай i закіданай зледзянелым снегам сажалкі, што была непадалёку хаты. Некалі збіраліся тут дзеці з усіх хутароў — Амшарка, Ляжджа, Падзеры, — расчышчалі лапатамі снег, прыносілі кола i моцную бярозавую жэрдку, ладзілі «казу» i каталіся. Крыку, смеху тады было на ўсё наваколле…
Гэтаю зімою на сажалцы стаялі асака, ваўчкі, мятліца, якія хісталіся ад ветру i асыпаліся перамерзлаю трухою.
Стары немец, Хойзер, быў i сёння, у нядзелю, апрануты ў знаёмы стары латаны шынель, падпяразаны вяровачкаю, у старой вушанцы, завязанай пад барадою, у чаравіках, абкручаных анучамі, малады немец — ні імя, нi прозвішча яго Казік не мог ніяк запомніць — плёўся крыху ззаду гэтаксама ў шынялі без пагон; рукавіц у яго не было, дык ён падцягваў рукі ў рукавы, скрыжаваў ix на грудзях. Быў ён у змерзлых, абшмальцаваных ботах i салдацкай нямецкай шапцы з апушчанымі на вушы адкладкамі. Шыя яго была голая, чырванелася. Ішоў ён, звесіўшы галаву.
Рыпнулі намёрзлыя, з белымі галоўкамі цвікоў дзверы, напусцілі халоднай пары — зайшоў у хату бацька, ужо з месяц такі ж, як i раней, худы, скура ды косці на ім, але, здаецца, памаладзелы: згаліў вусы i бараду. Цяпер ён быў чырвоны, шчокі яго ад марозу яшчэ больш сцягнула, i ён выглядаў зусім худым. Ён скінуў нацёрты чырвонаю цэглаго кажушок (адзін на дваіх з маці), на чорнай аблямоўцы якога набілася дробнага сена i мякіны, паклаў на край пліты рукавіцы.
— Ідуць, — сказаў бацька, зірнуў на маці, якая збіралася ўжо высыпаць на стол бульбу.
— А мы во… — прамовіла яна, — запазніліся, не паснедалі яшчэ…
Бацька прамаўчаў, зірнуў толькі на гаршчок з бульбаю, што стаяў на краі пліты, пракаўтнуў сліну, i Казік убачыў, што i ён вельмі хоча есці, бо кожнага дня з’есць, што дасць маці, i не раз кажа, што ён яшчэ столькі з’еў бы. Казік ужо сёння, як толькі маці адцадзіла ваду з гаршка, ухапіў пару гарачых бульбін i, перакідваючы ix з рукі ў руку, астуджваючы, з’еў, распаліў голад да таго, што аж забалеў жывот. Хочучы есці, ён як пра сон, што спіцца, але ніколі не спраўджваецца, успомніў пра даваенпыя нядзелі, у якія маці пякла смачныя бліны, смажыла катлеты, варыла мачанне i ячменную каву, а да яе пякла салодкія сухарыкі, намазаныя зверху жаўтком i пасыпаныя цукрам…
Читать дальше