Салдаты i паліцыянты густа абляпілі афіцэраў, слухалі, са згодаю ківалі галовамі. Толькі, здаецца, лысы немец не лез наперад, a стаяў ззаду ўсіх абыякавы i стомлены.
Праз хвілін пяць усе пачалі разыходзіцца. Ля тоўстага афіцэра засталіся толькі прыезджы афіцэр i паліцыянт Шыдлоўскі.
— Увага, людзі! — звонкім голасам закрычаў Шыдлоўскі, выцягваючы шыю. — Пан маёр мае загад адправіць вас усіх у Стоўбцы. — Пасля ён на хвіліну замоўк, павярнуўся да «пана маёра» i слухаў, што той яму гаворыць, — Пан маёр дае загад ехаць адзін за адным. Не адставаць i не перагаворвацца! Хто ўздумае ўцячы — расстрэл на месцы… Тут вы прыносіце толькі шкоду, a ў вялікай Нямеччыне будзеце прыносіць карысць сваёю працаю… З богам! Паехалі! — i ўжо не Шыдлоўскі, а «пан маёр» выйшаў наперад, падняў руку i махнуў пярэднім фурманам.
— Вось i ўцячы, не паедзь у іхнюю Нямеччыну… — прашаптала маці, калышучы на руках Вэрцю, — Паб’юць, як мух…
— Дарога доўгая, пад сорак вёрст… — адказаў бацька. — Як удасца, дык i будзем уцякаць… Калі яны тут душу вымаюць, дык у іхняй Нямеччыне пагатоў не будзе дабра…
Пярэднія падводы, што, мусіць, ужо доўга стаялі на аселіцы, рушылі ў бок Дзераўной — першага мястэчка за Янковічамі па стаўбцоўскай дарозе. Казік яшчэ доўга сядзеў на возе i чакаў, калі крануцца яны. Каторыя немцы паўскоквалі на калёсы, вартавыя з сабакамі пайшлі збоку. Матацыклісты паселі на матацыклы i памчалі да Дзераўной пустою вуліцаю. З яе ўзнімаўся гарачы пыл i попел.
Недзе далека, як баючыся заставацца ў спаленым мястэчку, закудахтала курыца, са страхам завыў сабака…
Казік бачыў: фурманкі выцягнуліся ў доўгі шнур. Яны падаваліся спярша па аселіцы, па стаптанай траве, пасля выехалі на пясчаную дарогу, з яе — на брук. Мястэчкам, пасярод дымных гарачых папялішчаў, падаліся да рэчкі. За капліцаю пасярод абгарэлых ліп сіратліва стаяў нядаўна новы, жоўты, а цяпер абсмалены высокі крыж, праязджаючы ля яго, тутэйшыя мужчыны знімалі шапкі, а кабеты жагналіся.
Ззаду Казіка ехала яшчэ шмат калёс, збоку ix сунуліся немцы, паліцыянты, але яны не знялі насупраць крыжа шапак, толькі абыякава паглядзелі на яго.
«З богам!» — чамусьці ўспомпілася Казіку, успомнілася тое, што гаварыў «пан маёр» i тлумачыў Шыдлоўскі…
Скончылася мястэчка, паказалася гара, з якой раней людзі бралі гліну, але цяпер там, у яміне з вадою, было нацярушана шмат вуголля, пахла дымам. Дымам пахла i ў лесе, што пачаўся адразу за рэчкаю, ля якой на беразе ляжала гарэлая салома. Дым у лесе стаяў што пара пасля дажджу, калі нечакана прыпячэ сонца.
— Вожачка! — забедавала зноў маці,— І што будзе з намі? Голыя, галодныя ў чужы свет едзем, дзе нас ніхто не чакае i не прытуліць…
— Усё мястэчка едзе, — сказаў бацька. — Можа, як ацалеем усе разам…
Цяпер i ён прымасціўся ўперадзе на драбіне. Як устаў раніцай у зрэбнай кашулі, так i ехаў у ёй. Па лесе густа кацілася рэха ад калёс, плыло збоку, як там, непадалёку, ехаў яшчэ адзін абоз.
Калі былі на паўдарозе да Дзераўной, нечакана ўперадзе пачуліся стрэлы — задудукаў аўтамат. Як яшчэ крыху пад’ехалі бліжэй, дык убачылі на абочыне, на дарозе ў Балявічы, што былі справа, калёсы. Ля ix, скурчыўшыся на зямлі, нерухома ляжаў гаспадар, местачковы жартаўнік, шавец Янка Навіцкі, а на калёсах, паваліўшыся адно на адно, раскінуўшы рукі, ляжалі Янкава жонка i дзеці. Кабета як накрывала сабою дзяцей, белая блузка на яе спіне была чырвоная-чырвоная…
— О божа! — усклікнула маці i закрыла твар — апусціла галаву i прытулілася да Вэрці,— Бедныя Навіцкія, бедныя дзеткі!..
…Калі мінулі ўжо Дзераўную, яшчэ некалькі мястэчак за ёю, уехалі ў стараваты лес. За гарою, перад павароткаю, маленькі чарнаваты конік, які ішоў ззаду i ўсю дарогу намагаўся не адстаць, прыпыніўся. За ім стаў i абоз. З калёс саскочыў пажылы гаспадар, сагнуўся. Следам за ім злез з воза i невысокі немец, трымаючы ў руцэ аўтамат, гэтаксама прысеў i пачаў пазіраць на задняе крывое кола.
Казікаў бацька, які ўвесь час азіраўся i ўбачыў гэта, турзануў, каб конь пабег, i за павароткаю, калі не было відаць задніх калёс, звярнуў налева i пачаў хлістаць лейцамі каня па нагах.
— Бронісь, што ты робіш? — аж жахнулася маці.— Заб’юць жа! Паб’юць, як i Навіцкіх…
Конь спачатку рвануўся, відаць, спалохаўся, а пасля шпарка пабег па лесе. А бацька, не слухаючы маці, паганяў i паганяў яго — калёсы трэсла, падкідала на пнях. Колькі разоў задняя вось ледзь не чаплялася за камлі хвоек, але саслізгвала, толькі да белай смалы здзірала з ix кару. Мільгалі ў вачах хвойкі, ядлоўцавыя кусты, чарнічнік. А бацька сцёбаў i сцёбаў каня лейцамі.
Читать дальше