Залатая рыбка Шубункін махнула сваім празрыстым, раскошным, як шлейф каралевы, хвастом, i стаўся цуд — упершыню пасля доўгай зімы з двара ў акварыум заглянула сонца.
Заглянула адным краечкам вока, a ўсё ж у вадзе за шклом зайграла вясёлка…
Юрка, якога перасталі нарэшце вучыць, якога выпусцілі нарэшце з-за сеткі на падлогу, папоўз па дыване вельмі хутка, вельмі пацешна перабіраючы каленцамі.
Паўзці для Юркі — гэта значыцца не ляжаць, не сядзець, не стаяць, узяўшыся за край ложка, а самому рухацца, самому авалодваць прасторай. Ніхто з нас не памятае гэтага пачуцця, а яно, відаць, вельмі прыемнае!.. Чарнавокі, светлавалосы Юрась нават паўзці адразу не можа: падпаўзе трохі, сядзе i азіраецца. Як тут нова ўсё, як прыгожа! Ану, далей!..
I вось — махнула залатая рыбка хвастом, заглянула ў акварыум сонца, у вадзе за шклом зайграла вясёлка. А хлопчык поўз… Ды не поўз! Ён бег, мякка, як кот, тупаючы далонькамі i каленцамі па пушыстым i, як расквечаны поплаў, вялікім для яго дыване. А потым спыніўся, сеў i азірнуўся навокал.
У чорных, як пераспелыя вішні, вачах гулліва заіскрылася золата рыбінай лускі, адбілася вада, у якой ласкава пераліваліся водбліскі чарнаморскіх i ядранскіх каменьчыкаў… Крыштальна чыстая вада беларускіх крыніц з асколкам яркай вясёлкі усмешкай сонца — аднаго для ўсіх!..
Казка канчаецца. Нічога тут не ўпала, не раз білася…
Толькі светлы i кучаравы Юрачка раскрыў ад здзіўлення свой адназубы рот, развёў рукамі, i дзве далоныа з ружовымі растапыранымі пальчыкамі самі нарэшце запляскалі!
Казцы — канец. I дзед не плача, i баба не плача…
Усе стаяць у дзвярах. Потым дзяўчаткі i мама бягуць да Юркі. Сястрычкі рагочуць, а мама хапае на рукі таго, каго толькі што называла i неадпаведна, i недарэчна, і, зрэшты, зусім не злосна дурнем. Хапае i многа цалуе яго — за яшчэ адно дасягненне. Падыходзіць тата, а за ім, цягнучы хворыя ногі ў валенках, ідзе да Юркі бабуля. Ідзе i ўсміхаецца такім чынам, што на маршчыністым твары яе вельмі выразна напісана:
«Ну, вось i дваццаты тым часам робіцца чалавекам!»
1957
Мядзельшчына. Жніво. У ціхай, сонечнай вёсцы над возерам спыніўся «Масквіч». Тры дачныя мужы, што вярнуліся з горада, яшчэ як быццам не нацешыліся сваей кампаніяй — закурваюць, стоячы каля машыны.
Раптам — з-за ўзгорка пачуўся незвычайны шолах, бабскі гвалт. Курцы хацелі кінуцца туды, як на пажар, але тут з акна хаты, насупраць якое яны стаялі, пачуўся прыглушаны гол ас:
— Уцякайце, таварышы! Хавайцеся! Будзе бяда!..
Пакуль яны не верылі, з-за ўзгорка паказалася чарада баб i дзевак. Крык, стук качалкаю па вядры, абрыўкі песень, рогат, віск…
Стары, што папярэджваў дачнікаў, знік у акне.
Убачыўшы машыну, жанчыны загалёкалі i рынуліся да яе. Дачныя мужы паспелі ўскочыць у свой «Масквіч» i зачыніцца. Жанкі абляпілі машыну з усіх бакоў, пачалі выманьваць пасажыраў выйсці.
— Тэмпературу пагляджу! — крычала адна, трымаючы, як стэтаскоп, чарку на доўгай ножцы.
— Дабром просім — выходзь! — крычала другая, з намалёванымі вугалем вусамі.
— Бабкі, ану — перакінем! — прыйшла нарэшце шчаслівая думка.
І бабкі сталі пераварочваць «Масквіч». Магло б, вядома, i такое здарыцца, але ж яны паляпіліся з усіх бакоў, пяліся, галёкалі наўвесь свет, а машына толькі нрьшаднімалася, як жук, які лянуецца ўзлятаць. І бабкі спакваля ашляхлі. Яны пастукалі кулакамі па шыбах, па кузаве — каб ты лопнуў! — «доктарка» пагразіла ў акно:
— Ну, гады, ваша шчасце!..
I вось чарада, зноў з ваяўнічым крыкам, падалася па вуліцы далей.
Зноў адчынілася акно, i дзед, што папярэджваў дачнікаў, растлумачыў:
— Сёння, таварышы, чацвер. Дык гэта бабы каравай сабраліся пячы. Стася Хрыпунова ў нядзелю замуж ідзе. Тая, што ў крайняй ад пошты хаце. Выпілі трохі, халера, бушуюць. Сёння яны маюць права на ўсё. Могуць мужчинам рабіць, што захочуць. І порткі з вас, выбачайце, цягнулі б, i крапівы туды напхалі б, i пяску насыпалі б!.. Абычай. Банда. Мужчины нашы ўсе — хто куды!..
Чарнявы, здаравенны грукач, — у вялізных надзягцяраных ботах, у пахучым кажусе, толькі ўчора, відаць, да чырвані нацёртым свежай цэглай, — ляснік Мікола Жолуд стаіць на рынку каля сваіх саней-развалаў і гукае:
— Здароў, зямляк!
Збочваю з праходу сярод распрэжаных фурманак, конскіх хвастоў і задзёртых аглабель і — паміж саньмі і коньмі — іду да яго.
Здароўкаемся. Не ведаю, як яму, а мне вельмі прыемна сустрэцца з даўнім знаёмым, паціснуць яго вузлаватую і шурпатую, як карага, руку, — нібы набіраючы сілы. Ды і яму, відаць, прыемна, бо смяецца, чорт, выскаліўшы белыя, моцныя зубы, якімі шчодра напханы яго шырокі рот.
Читать дальше