Сцяпанавіч і Васіль, як па камандзе, павярнуліся на захад. Тры пары вострых, спрактыкаваных вачэй моўчкі глядзелі на тое, як падыходзяць тры машыны.
— Жылінскі першы, — сказаў, нарэшце, Сцяпанавіч. — Ён, відаць, і тармозіць.
Сцяпанавіч устаў, за ім усталі Санька і Недасек. Пераскочыўшы цераз канаву, не змаглі чакаць — пайшлі насустрач…
Затармазіў, як высветлілася, не Жылінекі, а Моніч, — лопнула камера.
Адна за адной, машыны спыніліся, і, адзін за адным, яшчэ тры розныя чалавекі выйшлі з кабінаў,— рабы ад воспы, суталаваты і даўгарукі Жылінскі, мужчына ціхі і вельмі старанны, але без удачы; малснькі Моніч, чорны, кучаравы і хітры, як цыганчук; нарэшце — Буслік, стары, бывалы шафёр, які за вопыт свой быў бы ў вялікай пашане, каб не чарка, якой ён кланяўся даўно і з рознымі прыгодамі. Галоўнай і пераломнай у лёсе Бусліка была прыгода яшчэ даваенная, калі ён на «эмцы» звёз свайго началыйка па сходах аднаго бульвара і не пазбавіўся правоў толькі таму, што начальнік таксама быў чала-век душэўны і чарцы не вораг.
Цяпер, адчыніўшы дзверы кабіны, Буслік стаў на крыле і зацягнуў:
Каб ты добры бондар быў
Ды набіў мне абручы…
Стары, вядома, быў не п'яны.
— Здаровы, хлопчыкі! — гукнуў.— Пяць чалавек з махорачкай — да мяне!
I ён закашляўся.
— Дазвольце далажыць, — звярнуўся, скончыўшы, нарэшце, кашляць, да Сцяпанавіча. — Моніч учора кагосьці памацаў, а сёння, як і водзіцца, — няўдача. Сын, Недасек, сабе намалоціш, — усміхнуўся ён з-пад вусоў Васілю, трымаючы ў прыкметна дрыжачых руках кавалак газетнай паперы.
— А ты, Герасім Пятровіч, пакінуў бы курыць. Не на здароўе гэта, — сказаў Сцяпанавіч.
— Ат, хутка я, браце, пакіну ўсё. Вось толькі б яшчэ разочак паляжаць на сонцы.
— Ну, паляжаць не ўдасца, — яшчэ больш важна сказаў Сцяпанавіч. — I так спазніліся. Па машынах!
— Што ж, без каманды войска гіне. Хлопчыкі, пайшлі! — звярнуўся стары да ўсіх і зноў, ад трэцяй зацяжкі, закашляўся.
Сцяпанавіч, як і належыць, рушыў першы.
А Недасек чамусьці замарудзіў. Санька, не вытрымаўшы, адчыніў дзверцы кабіны і выглянуў. Як-раз у гэты момант выглянуў і Васіль.
— Што? — гукнуў Санька, не могучы праз гул матора разабраць, чаго хоча таварыш. Ды вось з усёй неразбярыхі слоў пачулася: «Фамут», і Васіль паказаў на машыну Сцяпанавіча, што была ўжо даволі далёка.
— Ідзі ты к чорту! — засмяяўся Санька. — Паганяй!
Ён сеў, зачыніўся, і дужы, паслухмяны грузавік яго пайшоў.
Усё зразумела: і Васіль — чалавек не злосны, а яму проста весела, і Сцяпанавіч — не вялікі начальнік, а проста любіць паважнічаць.
Ветрык з'явіўся адразу, забегаў па шчоках Санькі, ласкава-халаднаватай хваляй урываючыся праз левае акно. I радасць зноў прыйшла — з Ірачкай, з мамай, з яго новаю працай, з цудоўным адчуваннем волі…
Санька заспяваў.
Толькі што адшумела навальніца, і па вуліцы вёскі бягуць вясёлыя мутныя раўчукі.
Я стаю каля варот бацькоўскага двара, і мне вельмі хочацца зняць свае модныя туфлі, прайсціся па быстрай дажджавой вадзе, памясіць нагамі цёплую, пухкую гразь…
Мяркуючы па тым, што я яшчэ не зрабіў гэтага, а толькі раздумваю — я ўжо даўно не малы. Ды я не адчуваю чамусьці ні цяжару гадоў, ні адказнасці за свае паводзіны: я проста рад, можа, нават не менш, чым рады бываюць у такі час малыя.
На захадзе з-за хмар выглянула сонца. З узгорка ўніз па вуліцы ідзе белы, зусім сухі і чысты бычок, а на бычку сядзіць гадоў пяці-шасці дзяўчынка, што таксама не была пад дажджом.
Бычок ідзе паволі, нават салідна, упарта і горда несучы наперад свой шырокі пародзісты лоб з тупымі шэрымі рожкамі.
Дзяўчынка сядзіць на бычку не так, як хлопцы, а бокам, спіной да мяне, нібы знарок схаваўшы свой твар, напэўна, шчасліва і смешна сур'ёзны, свае, вядома ж, загарэлыя ножкі.
Сонца прасвечвае цераз мокрае, бліскучае лісце бяроз, і на мелкай гразі, нядаўна затупанай слядамі каровіных капытоў, на гаманлівай вадзе і на шэрых штакетах за раўчуком ляжыць рухавая сетка ценю. Калі бычок са сваёй амазонкай уваходзіць у гэты цень, па іх гуляюць сонечныя зайчыкі.
На ўсходзе, куды накіравалася, яшчэ не ўсё аддаўшы, цёмна-сіняя хмара, красуецца вясёлка. Пад вялізную арку яе ідзе вясковая вуліца, а па вуліцы, нібы ў краіну казачнай радасці, едзе светлагаловая дзяўчынка, гулліва пастукваючы пятамі па баку свайго верхавіка.
Трохі воддаль за імі ідзе, таксама босы, бацька дзяўчынкі. Ідзе і ўсміхаецца, бо думае, відаць, што дзіця — заўсёды дзіця, заўсёды радасць, ці хлопец гэта, ці дзеўка.
Читать дальше