— Ну, ну, ваяка, устаў бы, ці што…
Анатоль падцягвае нагу i нешта нездаволена бурчыць. Але мама казыча яго за вухам, i вось, зусім прачнуўшыся, ён устае i пытаецца:
— Тата прыехаў?
— Тата прыедзе заўтра, — адказвае мама.
— А хто сёння прыехаў?
Сёння на мове Анатоля азначае — гэтай ноччу. Амаль кожнай ночы хто-небудзь прыязджае ў лагер партызанскіх сем'яў, уцякаючы ад фашысцкага здзеку i смерці. Вельмі цікава бывае, калі прыязджае такая сям'я, — новыя людзі, новыя дзеці, будуецца новая зямлянка. Яшчэ цікавей, вядома, калі прыязджае сам тата. Тады можна пад'ехаць на сядле, патрымац ца рукамі за татаву цяжкую вінтоўку!.. Ды сёння ён не прыехаў.
— Сёння прыехалі з Пяскоў, адна сям'я. У Сымонавых начавалі.
— А зямлянку яны ўжо зрабілі?
— Ну што ты, — смяецца мама. — Як жа яны маглі зрабіць без цябе. Вось паснедай хутчэй ды ідзі.
Анатоль спяшаецца. Сёння ён зусім ахвотна падстаўляе тварык, каб мама памыла яго сцюдзёнай крынічнай вадой, больш, як заўсёды, выпівае малака, надзявае пілотку, бярэ свой «аўтамат», i вось ён ужо на дварэ. Добрай раніцы, сонечны лес!
Праз голле бяроз i алешын на кусты ляшчэўніку, на папаратнік, на мяккі, сыраваты мох кладуцца светлыя плямы сонца. Лісты на дрэвах варушацца, i цені на імху варушацца таксама. Вострыя верхавіны цёмна-зялёных ялін i святлейшыя шапкі яшчэ больш высокіх соснаў абліты яркім сонечным святлом. Шчабечуць птушкі, недзе далека кукуе зязюля, а недзе бліжэй — стукае сякера. Анатоль ведае, — гэта спускаю ць дрэвы на новую зямлянку. Чуеш — вунь ужо сякера не стукае, а шоргае піла. Чакай, чакай… Ага! Дрэва крактанула, зашумела галлём па галлі іншых дрэў, паехала ўніз i глуха гупнула на мох. Цяпер зноў чуваць, як чахкае сякера: дзядзька цярэбіць на зваленым дрэве галлё…
А дзе ж будзе тая зямлянка стаяць?..
I тут Анатоль заўважыў дзяўчынку. Зусім незнаемая дзяўчынка стаіць на дарозе i, адвярнуўшыся ад Анатоля, глядзіць угару, на сасну. Анатолю трэба пазнаёміцца з госцяй, але падыходзіць проста ён не хоча. Ён хаваецца за бярозу, настаўляе свой аўтамат, прыплюшчвае вочы i голасна, звонка крычыць:
— Трр! Трр! Трр!..
Усё атрымалася як найлепш, — дзяўчынка ажно падскочыла. Цяпер ужо можна i падысці. Анатоль бярэ аўтамат «на рэмень» i падыходзіць.
— Не бойся, — кажа ён, — я страляю толькі фашыстаў. Гэта я так — пастрашыў цябе.
— Ой, мамачкі,— усміхнулася дзяўчынка. — Буду цябе баяцца, такога маленькага. Я на птушку гляджу. Як яна называецца?
— Таксама мне — не ведае. Гэта ж дзяцел, — гаворыць Анатоль. — Бачыш, як ён падпіраецца хвастом?
— А нашы будуць рабіць зямлянку, — сказала дзяўчынка, усё яшчэ пазіраючы ўгару.
— А мой тата мінёр, ён фашыстам усе цягнікі паўзрывае. Aгa!
— Майго таты няма, — уздыхнула дзяўчынка. — I мамы няма, i бабулі, i нікога…
— А хто ж там сячэ? — здзівіўся Анатоль.
— Гэта дзядзька Сцяпан. Я ў ix жыву. Даўно-даўно. Бабуля Зося памерла, дык я жыву ў ix. Я называюся Ася, а ты?
— Я — Анатоль. Раней мама казала Толік, а цяпер я ўжо вырас.
Ася паглядзела на хлопчыка i засмяялася.
— Ой, мамачкі,— сказала яна, як гаварыла заўсёды цётка Марыля, яе апякунка. — Ён вырас!.. Стане на палена, дык свінні па калена. Вырас!.. Маленькі ты яшчэ зусім…
Анатолю гэта не спадабалася.
— Няхай сабе i не вырас, a ў нас ёсць школа, ага!
— Якая школа?
— Якая школа? Зялёная!
— Зялёная! А хто ж яе пафарбаваў?
— Пафарбаваў… Нічога ты не ведаеш. Ідзём вось, пакажу.
— Ідзём!..
Ася ўзяла Анатоля за руку, i яны не пайшлі, а пабеглі.
«Зялёную школу» зрабілі нядаўна. Камісар брыгады, ён жа i сакратар падпольнага райкома партьй, прыехаўшы сюды, паглядзеў, што ў сямейным лагеры сабралася шмат дзяцей, i сказаў:
— Нам бы школу адкрыць, таварышы, га?
— Яно-то добра было б, Мікалай Іванавіч, — згадзіліся мужчыны. — А што ж i праўда, растуць яны тут у нас на лес гледзячы. Але як жа яе, тую школу, зробіш?.. Зямлянку хіба такую разбухаць — чалавек на сорак — пяцьдзесят?..
— Зямлянку, — усміхнуўся камісар. — А навошта зямлянку? Што, яны сонца не любяць або ў нас сонца няма? Зялёную школу зробім.
I вось партызаны прывезлі i парты, i стол, i сапраўдную школьную дошку. А пакуль яны ix прывезлі, старыя мужчыны з сямейнага лагера выбралі месца пад школу i згарадзілі велізарную павець. Праз сцены гэтай павеці відаць былі неба, i сонца, i лес, — бо i сцен тых сапраўдных не было, а проста падпоркі з бярозавых жэрдак. Каб школу не заўважылі з самалётаў, страха была з яловых лап, a падпоркі для хараства дзяўчынкі аплялі дзеразой i кожны дзень прыносілі свежыя кветкі. Заняткі ў «зялёнай школе» праводзіліся так: пісьмовыя пад павеццю, а вусныя — проста дзе-небудзь воддаль, на сонейку.
Читать дальше