Снедалі. Бульба ў лупінах, падагрэтая ў рынцы ўчарашняя капуста, хлеб, як зямля, і халодныя аладкі, таксама ўчарашнія. У давяршэнне раскошы старая прынесла з прыпека засмуголены гаршчок з соллю, зачэрпала жменю на стол, а гаршчок так і пакінула: можа, яшчэ хто захоча… Мікола слухаў, еў грэбліва і ніяк не мог перамагчы ў сабе ўсё нарастаючае пачуццё агіды. Седзячы побач са старой, ён стараўся не глядзець на тое, як яна дзіка, быццам вароняй лапай, хапала касцістай рукой бульбу або адрывала лапіну тугой, кіслай аладкі і моўчкі ўрачыста ела. Пятрусь голасна чмакаў, перакідаючы на бяззубых дзяснах гарачую бульбу, хлюпаў капустай і ўсё гаварыў, гаварыў… Яда і так не лезла Міколу ў душу, а тут яшчэ, следам за ёй, пхалася гэта агідная, самаўпэўненая пропаведзь:
— Не, не гэтак жыць трэба. Мой усё хацеў богу дагадзіць, пярэхрыст, ды дурам… (Плям, плям ротам.) А вы дык і зусім адракліся. Думаеце, бог даруе? Не… (I зноў: плям, плям…) Ты жыві чэсна, трудзіся ў поце ліца і маліся шчыра, святую царкву шануй — і ўсё. На тое і ёсць святая царква. I ў нас тут таксама… я таксама братчыкам. (Плям, плям.) Я два разы гарэў — усё праз суседзяў,— два разы будаваўся. Цяпер бачыце самі: усё маю і на ўсякую галоту хопіць. (Даплямкаў, палажыў лыжку, узяў бульбіну з чыгунчыка і пачаў абіраць яе чорнымі ногцямі.) Я ж казаў учора — лес у мяне, вёрстаў дзесяць адгэтуль, ля вёскі Балотца. (I зноў пачаў плямкаць). Чатыры гектары. Там галота жыве. Сякуць, як хто цяў. Вядома, недагляд. Сіла не тая: семдзесят восем, дзякаваць богу. Нябось, каб гэта раней было, я б цябе адвучыў… А так ён, другі думае, што як я сам у лес не прыеду, дык яму так і сыдзе… А бог? Я ж такі купляў, стараўся! За крыўду маю ён цябе скруціць, не бойся. Голы быў, голы і здохнеш. А ў Петруся хопіць, бо ён з богам, а з ім — хоць за мора. «На ця, госпадзі, упавахам і не пастыдзімся вавекі». Лі яшчэ зацірку, Аксеня, хай есць чалавек…
А «чалавеку» ўжо і зусім не лезла ў горла. Нешта яго толькі стрымлівала, каб не плюнуць, на ўсе гэтыя ўчарашнія аладкі з бульбай, за якія Грыба два разы палілі, і на ўсяго яго кулацкага бога…
Старая цяжка ўстала і, цягнучы Ногі ў стрэпаных валёнках, — малая, сутулавата-гарбатая, у засмуголеным клецістым халаце, — павольна і цяжка, як жаба-падрубніца, папаўзла да печы. Наліла на прыпеку заціркі і несла яе да стала. Вялікі палец яе рукі, зашчэплены за край місы, — каравы, з жоўтым ногцем, — увесь быў у засіўленай зацірцы. Міколу зрабілася прыкра, быццам ён цяпер толькі як належыць заўважыў увесь іхні бруд…
— Праўду кажа стары, — скрыпела яна з пасвятлелым ад радасці тварам, — ён бацька, яго трэба слухаць. А то ўсе вы так і загінеце марна, без бацькавай волі… Ды што ж вы гэтак раптам? Ешце, ешце, чаго ж…
— Не падабаецда, пэўна, — казаў Пятрусь, — праўда вочы коле.
Мікола ледзь паспеў апрануцца, падзякаваць і выйсці.
Світала. Пад ботамі скрыпеў марозны снег. «Ух ты, якое гняздо!.. — уздыхнуў ён з палёгкай. — А мне толькі шкада было старой…»
«Брат Міша» адчыніў старыя, скрыпучыя дзверы і, прыгнуўшыся, увайшоў у Лапінкаву хату. Унёс з двара многа зімы: чырвоныя шчокі, і снег на ботах, і холаду — брр…
— Слава нашаму госпаду, — сказаў ён і пачаў рас-пранацца.
— Хай будзе слава яму вавекі, амін! — адказаў Лапінка і застыў, як певень пасля кукарэкаў.— Мішачка, брат ва Хрысце, якая дабрата разліваецца па душы, ажно сэрца ёкнула. Волас ад воласа аддзяляецца. А ты раней сёння, Мішачка.
— Нешта ж сёння і вы падняліся…
— Гэта ж во госцік дарагі, Алёша Іванавіч, з мае роднае вёскі. Разам калісьці па гародах лазілі. Заехаў, дзякуй богу, не пагрэбаваў маім сіроцтвам, укусіць хлеба-солі!..
— Укусіць… Укусіць і пажаваць, — смяяўся госць, апранаючыся. — Смяешся толькі з усіх, а сам таксама навучыўся гаварыць няведама як, зігзагамі. Шляхціц!..
— Гэта не шляхецтва, Алёша. Тыя ўсё па-панску крывяцца, а я па святому пісанію. Гэтак, здаецца, і госпаду прыямней: соладка, мякка…
— Глынуў бы і так, па-нашаму… Ну, бывайце здаровенькі!..
Госць развітаўся і выйшаў. Хлопчыкі, Косцік і Шурка, выбеглі за ім пад'ехаць. Неўзабаве ён праехаў каля акон, скрыпучы палазамі, на вёску. Хлопчыкі, румяныя з марозу, убеглі ў хату і пачалі апранацца: Косцік у лес, а Шурка ў школу.
Лапінка, каб адвясці ад Косціка ўвагу «брата Мішы», запрапанаваў яму заспяваць што-колечы «на славу госпада».
— Якую? — спытаўся «брат Міша».
— Грэшнік, слушай ухом веры… — замест адказу зацягнуў Лапінка.
Читать дальше