Варта было б сказаць. Ды як ты скажаш пры такой сітуацыі! Не зразумее, пакрыўдзіцца.
Між тым Леанід Мартынавіч быццам прачытаў Антанюковы думкі. Засяродзіўся раптам, зрабіўся сур’ёзны. І адразу сказаў пра справу:
— Іван Васільевіч, я думаю, ты здагадваешся, навошта цябе запрасілі? Мне даручылі перадаць: ёсць думка, каб ты вярнуўся на работу. Адпачыў трохі — даволі. Многа спраў. Трэба нам па-сапраўднаму заняцца сельскай гаспадаркай. Ад слоў перайсці да справы. Па-навуковаму ўзяцца. Валюнтарызм многа нашкодзіў…
«Якія ёмкія вызначэнні мы знаходзім для кожнай з’явы, якую трэба асудзіць. І зручныя. Галоўнае — зручныя», — Іван Васільевіч уздыхнуў.
Леанід Мартынавіч зразумеў яго ўздыханне па-свойму.
— Я разумею: нялёгка пасля такога перапынку ўзваліць на сябе цяжар. Але трэба, Іван Васільевіч. Табе прапануюць цікавы аддзел…
— Я вярнуся толькі на ранейшую пасаду.
У загадчыка сектара выцягнуўся твар. Ён разгубіўся, бо зусім не чакаў, што гэты адстаўнік можа выставіць такое патрабаванне. Ды і сам Антанюк, ідучы сюды, не думаў пра пасаду. Каб прапанавалі яшчэ ніжэйшую — звычайным радавым служачым — ён, напэўна, згадзіўся б. Але каб не было такога ўступу — пра валюнтарызм і іншае… Пасля ж такой размовы зрабілася ясна: людзі разумныя хочуць яго рэабілітаваць. Але чаму толькі напалавіну? Уступка тым, хто абвінавачваў яго? Цяпер тыя людзі маўчаць, хаваюцца за ёмкае слоўца. Чаму ж ён сам павінен даць ім падставу думаць, што яны, няхай хоць на палавіну, на чвэрць, рабілі тады правільна, паступалі прынцыпова?! «Не, даражэнькія! На такія кампрамісы Антанюк ніколі не ішоў! Або — або!.. Мне не пасада трэба, а прызнанне маёй праваты і вашых памылак. Прызнанне не на словах — на справе. Слоў я чуў многа. Для мяне адбылася інфляцыя слова».
— Іван Васільевіч, не мне, безумоўна, вучыць вас жыццёвай мудрасці,— зусім інакш, прасцей, без панібрацтва, без паляпвання па плячы, сказаў Леанід Мартынавіч. — Вы добра ведаеце, як што робіцца. І я ўпэўнены — разумееце, што, па-першае, у нас няма падстаў вызваляць цяпер Андрэя Пятровіча… Кіраваў ён…
— Дрэнна кіраваў.
— Ну, гэта ваша прыватная думка. Мы ж трымаемся іншай… А потым… няўжо вы думаеце, што ўсе так лёгка прызнаюць, што яны тады памыляліся, калі выступалі супраць вас?
— О не! Толькі наіўны юнак мог бы так думаць. Але менавіта праз тое, што я ведаю, што такія людзі ёсць, я не магу згадзіцца з такім, прабачце, палавінчатым рашэннем. Мне не тоўсты партфель трэба і не высокае крэсла… Я сорак год служу партыі! І вы можаце ўбачыць з анкеты — не на цёплых месцах… А як салдат. Куды партыя загадвала — туды ішоў.
— А цяпер вырашылі паставіць ультыматум?
— Не. Не сам я папрасіўся на пенсію. Мяне паслалі… І я магу застацца на гэтай «пасадзе».
— Я разумею вас, Іван Васільевіч. Аднак раю і вам з вышыні вашага вопыту разважыць… Вас падтрымліваюць вельмі сур’ёзныя і адказныя людзі. Але распальваць ім страсці з-за вас… у такі час… калі трэба кансалідацыя ўсіх сіл…
— Якіх сіл? Асабіста я заўсёды лічыў ганьбай кансалідавацца з перастрахоўшчыкамі.
Леанід Мартынавіч пачырванеў. Яму было цяжка. Цяжка гутарыць з гэтым шматвопытным чалавекам. А галоўнае — трывожыла думка, што ён, малады кіраўнік, не здолее выканаць місіі, якую яму даручылі і якая здавалася спачатку простай: перакінецца словамі пра пагоду, паляванне, потым скажа пра справу, Антанюк падзякуе, узрадаваны і прапановай і тым, што загадчык сектара з ім вось так — па-сяброўску… Ажно не, не так проста!
— Ах, Іван Васільевіч! Страцілі вы пачуццё рэальнага… Не хацелася мне гаварыць вам непрыемнае… Але мушу падмацаваць адзін свой тэзіс прыкладам. Не паспелі мы падумаць пра ваша назначэнне, як нехта — палку ў кола. Не, я асабіста лічу, што гэта выпадковае супадзенне. Але некаторыя таварышы думаюць інакш… Паверце, мы зусім не хацелі надаваць гэтаму значэння… Не хацелі нават гаварыць вам. Не тыя ў вас гады, каб разбіраць, прабіраць, выхоўваць… У каго не было грахоў маладосці!
Антанюку спачатку хацелася злосна спытаць: «А ці нельга без падушкі?» Але тут ён раптам здагадаўся, пра што размова, і сцяўся, замёр, гатовы атрымаць любы ўдар. Чорт з ім, няхай сцеле саломку, падушкі — што хоча! Няхай цягне. Але глядзець у вочы, проста, адкрыта, як глядзеў праз усю размову, гэтаму маладому чалавеку больш не мог. А той вырачыўся, проста свідруе вачамі, хоча заглянуць у душу. Можа таму і цягне. Не б’е адразу.
— Але ўсё ж… Іван Васільевіч! Усё ж… Гадоў дваццаць назад вас маглі разабраць, маглі запісаць… Пасля сходу — пасмяяцца. Але тады смех быў бы зусім іншы. Вядома — мужчынская псіхалогія. Многія сказалі б: не промах! А ўявіце цяпер. Пенсіянер… Жонка, дарослыя дзеці, здаецца, унукі ўжо… Так? Сенсацыя! Іван Васільевіч! Сенсацыя! Нездаровае смакаванне… Вось чаму ёсць думка: не даваць пісьму ходу… Але папрасіць вас…
Читать дальше