Дзяўчаты ўбачылі агранома. Пашапталіся і зноў смяюцца. Магчыма, з яго. Няхай. Здаецца, адна з гэтых сакатух два тыдні назад выказала сваю незадаволенасць:
— Эх, дзевачкі, чакалі маладога агранома, а нам дзеда прыслалі.
Тады гэта трохі шкрабанула па сэрцы. Былі і больш сур’ёзныя словы і ўчынкі некаторых людзей, якія наводзілі нават на роздум: а ці варта было ехаць сюды? Але сёння нішто, ніякія словы не могуць сапсаваць добры настрой.
Іван Васільевіч вярнуўся да засекаў, дзе пнеўматранспарцёр высмоктваў ячмень. Абапёрся грудзьмі аб дашчатую загарадку, запусціў руку ў зерне. І адчуў незвычайную асалоду — радасць, уздым, пяшчоту, як ад ласкі дзіцяці,— ад непаўторнага дотыку да зерня, ад яго жывой цеплыні. Даўно ўжо не перажываў такога. Раней, на той высокай пасадзе, здаралася наведваўся ў склады, сховішчы, элеватары, праходзіў, аглядаў іх, даваў кіруючыя ўказанні — што зрабіць, дзе расшырыць, як механізаваць. Але, бадай, ніколі не ўдыхаў вось так водару збажыны, не адпачываў душой і не набіраўся сілы для новай працы.
Можа каму здасца дзівацтвам, што галоўны аграном штодня наведваецца ў зернесховішча. Паглядзеў адзін раз, праверыў — і даволі. Колькасць пасяўнога збожжа дасць планавы аддзел, аналізы — лабараторыя. Што ж цябе цягне сюды? Нікому немагчыма растлумачыць гэта. Добра, што хоць загадчык сховішча — Маркіян Лучанок — здагадваецца і, здаецца, разумее. З Лучанком у іх — душэўнае сваяцтва. І жыццёвае. Той таксама партызаніў, страціў руку. Рабіў старшынёй калгаса пасля вайны, брыгадзірам. Ведае тутэйшую зямлю. З ім ёсць пра што пагаварыць.
Антанюк сеў на стос мяшкоў, выцягнуў ногі, яны нылі ад стомы. Лучанок клапатліва спытаў:
— Васільевіч, не прахопіць вас на скразняку?
— Нічога. Я загартаваны.
— Можа зачыніць дзверы?
— Не трэба.
— Кыш, чортава кодла! Загадзілі ўсё на свеце! От жа паскудная птушка, — кінуў загадчык венікам у вераб’ёў. Яны фуркнулі ў другі канец склада, нібыта зусім не баючыся, а проста па-блазнюцку дражнячыся з чалавекам: маўляў, нічога ты нам не зробіш, бо мы спрытнейшыя за цябе!
Іван Васільевіч весела назіраў, як Лучанок ганяе вераб’ёў. Прыгадалася, што некалі ў каралёў і цароў былі «хранители клада», «хранители золотого запаса». Гэты аднарукі чалавек, партызан, таксама мае на старасці самую ганаровую пасаду — «ахоўніка залатога запасу» — запасу жыцця, даражэйшага за само золата, бо той скарб ляжыць мёртвы і халодны, а кожная крупінка гэтага золата — кожнае зярнятка жыве, прарасце і ўмножыцца.
Ва ўсе дзверы, люкі лезе сонца. Зіхаціць вясёлкай грэчневы пыл над трыерам. Смяюцца ўнізе дзяўчаты. На таку любоўна буркуюць галубы, паміж іх са звонкім шчабятаннем скачуць усё тыя ж вераб’і. Вецер свішча ў голых галінах таполяў. Вецер — моцны, вясновы. Сонца і вецер з’ядаюць рэшткі снегу. Журчаць ручаі. Нават адгэтуль чуваць, як булькае недзе блізка вада.
Іван Васільевіч заплюшчвае вочы, услухоўваецца ў музыку вясны. Яму хораша. Сёння ён адчувае сябе пераможцам. Не, галоўнае, што сёння іншыя прызналі яго. А былі нялёгкія дні за гэтыя кароткія два тыдні. Было расчараванне.
Захарэвіч, здаецца, не вельмі ўзрадаваўся, калі ён, Антанюк, прыехаў-такі, як дамовіліся. Мабыць не спадзяваўся, лічыў, як і Вольга, што раніца за вечар, ды яшчэ за п’яны вечар — мудрэйшая. Захарэвіч, напэўна, шкадаваў, што запрасіў старога чалавека на такую пасаду. І наладзіў-такі даволі жорсткае выпрабаванне. Пасяліў на кватэры побач са сваім домам. Сам сапраўды ўставаў у пяць і яго, Івана Васільевіча, будзіў, хоць асаблівай патрэбы ў гэтым не было. Гаспадыня і тая абурылася: што рабіць у такую рань? І кожны дзень — заданне з дальнімі паездкамі: у Мінск, у Магілёў. На прадвесні, перад сяўбой, спраў — галава кружыцца. І яна такі кружылася. Нават не ў пераносным сэнсе. У першыя дні, адвыкшы ад такога ранняга ўставання, ад такога рытму, штодзённых паездак, Іван Васільевіч блага адчуваў сябе. Нават мусіў жонцы прызнацца, заглянуўшы дадому:
— Ох, здаецца, не па гадах такая работа!
Вольга не ўзрадавалася. Занепакоілася.
Выпрабаванне, як кажуць тэхнікі, на разрыў. Ці на расцяжэнне? На злом? Як яно там называецца ў супраціўленні матэрыялаў? Ціснуў ці гнуў не адзін Захарэвіч. Парторг. Райком. Аграномы аддзяленняў.
Будыка прыслаў тэлеграму, адкрытую, у канторы саўгаса яе чыталі ўсе: «Захоплены тваёй адвагай, не кожны пенсіянер здатны на такі подзвіг». Здзекуецца, сабачы сын. Мабыць радуецца, што пазбавіўся ад блізкасці такога сябра. Іван Васільевіч пашкадаваў, што не ён даложыць на бюро гаркома, калі будуць слухаць інстытут. Заключэнне сваё ён такі дапісаў і перадаў у гарком. Але цяпер не ўпэўнены, што наогул будуць слухаць: Будыка ўмее спусціць на тармазах усё, што яму не выгадна. Сваёй дакладной у ЦК ён, напэўна, папярэдзіў і паралізаваў вывады групы кантролю. Трэба ўмець. Своечасовая самакрытыка — найлепшы ратунак ад крытыкі. А ты, упарты ідэаліст, ніколі не ўмеў своечасова пакаяцца. І на цябе сыпаліся шышкі.
Читать дальше