Пайшоў.
Сямён Сямёнавіч і праўда стрэў траха не з абдымкамі. Іван Васільевіч адчыніў дзверы — той ужо пасярод кабінета, на квяцістым дыване, мажны, вясёлы, усмешка — на ўвесь шырокі, па-мужыцку просты твар. Ціснуў доўга руку. Ляпнуў па плячы.
— Рад вітаць, рад. Даўно не бачыў. Як жывеш? Што не заходзіш? Пакрыўдзіўся? Дарэмна, дарэмна. Хто не памыляецца! — аднак не ўдакладніў, хто з іх дваіх памыліўся. — Як сям’я? Усе здаровы? Дзякуй богу.
Сам пытаў — сам адказваў. Аптымістычна. Ведаючы гэтую ягоную звычку, Іван Васільевіч некалі пажартаваў — на пытанне: «Як сям’я? Усе здаровы?» — адказаў з засмучаным выглядам:
«Дрэнна, Сямён Сямёнавіч».
«Што такое?»
«Бабуля памерла».
«Твая?»
«Ага».
«І ты так засмучаны?»
«Вырасціла яна мяне».
«Колькі ж ёй гадоў?»
«Дзевяноста сем».
«Колькі? І ты ў такой жалобе па такой бабулі?» — вельмі ўразіла Сямёна Сямёнавіча гэта, і ён паўгадзіны з усёй сур’ёзнасцю суцяшаў асірацелага ўнука.
Але вось такі ён, Сямён Сямёнавіч. Уваходзяць піянеры вітаць з’езд — стаіць у прэзідыуме і, не саромеючыся ўсяе залы, плача, як бабёр, — ад замілавання. А праз дзесяць мінут кідае з трыбуны самыя сур’ёзныя палітычныя абвінавачанні таварышу па рабоце, які некалі ў нечым не згадзіўся з ім.
Антанюк не «клюнуў» на запытанні пра сям’ю, пра здароўе. Такая яго стрыманасць насцярожыла Сямёна Сямёнавіча. Крыўдзіла чалавечая няўдзячнасць. Але ён умеў велікадушна ўзвысіцца над дробязнымі крыўдамі.
Сеўшы за мадэрнізаваны стол, пачаў доўгую — не сказаць, што нецікавую для таго, хто слухае ўпершыню, — лекцыю пра асушэнне і асваенне балот на новым тэхнічным і агранамічным ўзроўні.
Антанюк ведаў: умее таварыш паказаць сваю эрудыцыю. Але не мог не здзіўляцца: няўжо настолькі чалавек страціў пачуццё меры, такту, дыстанцыі, што вось так выстаўляе свае веды перад ім, аграномам, — ды яшчэ як! — бессаромна, у вочы, паўтараючы яго, Антанюковы, даўнішнія выказванні.
Карцела сказаць: не займайся плагіятам, дарагі Сямён Сямёнавіч. Але, помнячы жончын наказ і свае абяцанні, маўчаў, цярпліва, слухаў. Хоць урэшце ўсё-такі не вытрымаў — перапыніў:
— У меліярацыі пашыраюцца штаты?
Сямён Сямёнавіч здзівіўся — не адразу дапяў да сэнсу пытання. Зразумеў — засмяяўся.
— Не церпіцца даведацца, што табе прапануюць? Не. Не ў меліярацыі,— і назваў пасаду, раўназначную той, якую Антанюк займаў да свайго вымушанага двухгадовага адпачынку. Здаецца, усё добра, але… Івана Васільевіча ашаламіла прапанова. Па-першае, гэта была іншая галіна, належала займацца не вырошчваннем хлеба і мяса, а перапрацоўкай у гатовыя прадукты. Што ж, урэшце, можна пакаштаваць, як кажуць, і такога хлеба, работа не менш удзячная. Але… яшчэ адно: непасрэдны начальнік — Каралькоў. Той самы, што рваўся першым вылецець з партызанскай зоны. Выпадковасць? Ды не, здаецца, Сямён Сямёнавіч з Каральковым — сябры.
— Каралькоў ведае, каго яму прапануюць у намеснікі?
— А як жа… Больш: скалеў: гэта яго асабістая просьба.
— Дзіўна.
— Што цябе так здзіўляе?
— У нас з ім складаныя адносіны. З вайны.
— Што там у вас было? Бабу не падзялілі ў атрадзе, ці што? — рагатнуў Сямён Сямёнавіч, хітра зажмурыўшы вочы пад рудаватымі, як бы выгаралымі на сонцы, брывамі. Груба даў зразумець, што ведае ўсе Антанюковы грахі. Але, магчыма, убачыўшы, як наведвальнік змяніўся з твару, ведаючы яго характар, дакорліва, як бацька непаслухмянаму сыну, паківаў галавой і сказаў лагодна:
— Злапомны ты чалавек, Іван Васільевіч.
— Не злапомны. Але да Каралькова не пайду.
— Многа можаш страціць.
— Што я магу страціць? Пенсію?
— На пенсію тваю ніхто не замахваецца, але калі ты сапраўды хочаш працаваць…
— Я сапраўды хачу працаваць.
— То раю падумаць. Падумай. Парайся з жонкай, з сябрамі. Не спяшайся. Навошта нам спяшацца, Іван Васільевіч? Мы ўжо немаладыя людзі. У такім узросце трэба дараваць крыўды…
— …і замольваць грахі,— уедліва падказаў Антанюк. — Я гэта раблю.
Ён кіпеў, і гэтае кіпенне, напэўна, адчуў Сямён Сямёнавіч. Узняўся з крэсла, выпрастаўся, акінуў позіркам кабінет, як бы выстаўляючы сваю веліч, свой сан: маўляў, не ўздумай абразіць у службовым кабінеце!
Іван Васільевіч стрымаўся: на ліха яму лезці на ражон. Выйшаў узрушаны, але, пакуль спускаўся па лесвіцы, амаль супакоіўся. Нават не пацягнула пагуляць, як звычайна пасля такіх размоў. Цешыла нечаканае Сямёнава талстоўства: «Трэба дараваць крыўды…» Усё-такі, відаць, грызе цябе сумленне. Хочацца, каб табе даравалі…
Читать дальше