Прыязджаў Сямён Сямёнавіч. За дзесяць год упершыню ў гэты саўгас. Безумоўна, знарок — паглядзець на яго, Антанюка. Паглядзець і… «паставіць на месца» — каб не прымалі яго тут як пасланца зверху.
Сямён Сямёнавіч прыехаў з сакратаром райкома. Аглядаў гаспадарку, але пераважна — жывёлагадоўлю. Таксама знарок. Каб тлумачэнні даваў галоўны заатэхнік. Не галоўны аграном. Яму, Антанюку, падаў руку, не глянуўшы ў твар, — гэтак падаваў незнаёмым людзям — брыгадзірам, інжынерам. За ўвесь час ні разу не звярнуўся, ні разу не даў зразумець, што яны даўнія знаёмыя, колішнія супрацоўнікі аднае ўстановы. Звяртаўся толькі да дырэктара саўгаса. Вельмі ўжо яўна падкрэсліваў яго, Антанюкова, цяперашняе месца. Паказваў на гэта райкому, начальніку ўпраўлення, дырэктару. Груба кажучы, проста таптаў. Нахабна. Цынічна.
Да ўсяго Івана Васільевіча прывучыла жыццё, усё бачыў. Але такая дэманстрацыя чалавека, які меў немалую ўладу, балюча абразіла. Не за сябе абразіўся. За яго, Сямёна Сямёнавіча, за тое, што ён топча не толькі яго, Антанюка, старога камуніста, старога чалавека, а нешта больш святое — тыя прынцыпы ў адносінах паміне людзьмі, за якія ён, Антанюк, змагаўся ўсё сваё свядомае жыццё. Балюча было колькі дзён. Але і гэта перажыў.
Самае дзіўнае, што Захарэвіч, здаецца, зразумеў што-нішто інакш, чым хацелася Сямёну Сямёнавічу, і пасля яго ад’езду аслабіў гэтае самае «выпрабаванне на разрыў». Асцярожна вяртаўся да ранейшых адносін — вучня да настаўніка, малодшага да старэйшага. І як бы адчуваў сябе вінаватым. Іван Васільевіч крыўды не трымаў. Ды завошта? Сам некалі амаль гэтак жа выпрабоўваў некаторых работнікаў. Аднак мімаволі трымаўся насцярожана і да дырэктара, і да парторга, і да маладых спецыялістаў, якія скептычна назіралі за ім.
Разумеў, што з такой насцярожанасцю немагчыма працаваць, аднак настроіць сябе на поўную даверлівасць да ўсіх ніяк не мог. Пакутаваў душэўна. Што здарылася? Раней так лёгка і проста ўваходзіў у любы калектыў, сыходзіўся з рознымі людзьмі. А тут адразу паразумеўся толькі з гаспадаром кватэры — настаўнікам-пенсіянерам ды вось з гэтым «ахоўнікам скарбу». Можа таму і палюбіў адпачываць у зернясховішчы? А сёння, здаецца, растаў лёд. Паехалі аглядаць азіміну — Захарэвіч, ён, Антанюк, упраўляючы аддзяленнем Грыц — малады аграном, скептычна настроены да ўсяго на свеце, але бязлітасны да тых, хто працуе не з поўнай аддачай.
Зіма была снежная. Але снег лёг не на прамёрзлую зямлю. Дзе-нідзе азімыя выпралі. Дзе-нідзе вымакаюць: вады — мора, усе нізіны заліты. Трэба было аглядзець палі, хоць на вока прыкінуць плошчы перасеваў, каб запланаваць насенне, тэхніку, людзей. Газік далёка за дарогі не пралез: як ускочыў на пералеску ў гліну — чуць вырваўся. Хадзілі пехатой. Спачатку вёў Захарэвіч. Але распаўнелы дырэктар хутка здаўся. Змок увесь, распарыўся. Тады павёў ён, Іван Васільевіч. У сваіх высокіх паляўнічых ботах лез у твань трохі не па калені, потым у лагчынах абмываў боты і пяў далей. І хоць бы што. Скінуў фуражку, падставіўшы сівую галаву пад сонца і вецер. Захаравічу і Грыцу (адін маладзейшы на дваццаць, другі — амаль на трыццаць год) сорамна было адставаць. Але гадзіны праз тры дырэктар замаліўся:
— Іван Васільевіч, пашкадуй.
Малады скептык глядзеў на галоўнага агранома са шчырым захапленнем. Смяяўся.
— Казімір Лявонавіч! Даў нам прыпёку стары партызан!
Стоячы на ўзгорку, дзе зямля ўжо падсохла, прагрэлася і рунь па-вясноваму зазелянела, Іван Васільевіч па жартаўлівых рэпліках, па іншых дробязях, па тым, напрыклад, як прыкурвалі, як смяяліся, адчуў: раптам змяніліся адносіны да яго гэтых двух саўгасных кіраўнікоў. Быццам ён вытрымаў самы цяжкі экзамен. Смешна гэта. Аграному патрэбны не моцныя ногі, а добрая галава. А якая галава — меркаваць можна па ўраджаі. Але, пэўна, уражанне зрабілі не ногі паляўнічыя, а настойлівасць, воля і ўменне па-гаспадарску ўбачыць пасевы: дзе трэба пасеяць, колькі гектараў, чым засеяць адмоклыя ўчасткі. Прапанаваў пасеяць кукурузу на сілас — Захарэвіч засмяяўся, задаволены.
— А ты не такі ўжо антыкукурузнік, Іван Васільевіч, як цябе распісвалі.
Пасля, у машыне ўжо, дырэктар у найлепшым гуморы, проста-такі ап’янелы ад вясны, па-камсамольску задорна заклікаў:
— Браткі! Давайце папрацуем так, каб пра нас слава пайшла!
Грыц хмыкнуў — паказаў, што і да славы таксама ставіцца скептычна. Гэтае яго хмыканне збянтэжыла Захарэвіча. І не спадабалася Антанюку, які адчуў шчырасць душэўнага парыву ў закліку Захаравіча: сапраўды хочацца чалавеку папрацаваць з новай сілай, з новым разгонам — і дзеля асабістае славы, і дзеля больш высокай мэты, і ён шукае такіх саюзнікаў, якія памаглі б не за страх і зарплату, а па загаду сэрца і сумлення, ад такога ж светлага гарэння, як у яго.
Читать дальше