— Тыраняць дзеці. Яны эгаісты. І ты. Ты зрабіўся як малы.
— Я — пенсіянер.
— Іван!
— У цябе нешта гарыць на кухні.
Пасля Іван Васільевіч задрамаў. Больш за ўсё яго палохала такая нечаканая дрымота. Часцей, чым што іншае, яна напамінала пра набліжэнне старасці, пра вымушаную бяздзейнасць. Раней ён мог працаваць двое сутак без сну, без адпачынку і не помніць, каб хоць раз заснуў за рабочым сталом, у крэсле.
Разбудзіў крык Лады і Стасіка. Зразумеў, што прыйшлі зяць і старэйшая дачка. Лада пратэставала супраць іх ранняга прыходу: заўтра ёй трэба вымяраць энергію гама-квантаў.
Голасу Маі не чуваць. Яе голасу ніколі не чуваць. Яна дамагаецца свайго маўчаннем і слязьмі. На маці дзейнічае гэта больш пэўна, чым Ладзін крык.
Гучыць паважны басок зяця. Усе трое наступаюць на Ладу, як заўсёды, абвінавачваючы ва ўсіх смяротных грахах: эгаізме, істэрычнасці і г. д.
Няшчаснае дзяўчо! Пры нечалавечым напружанні розуму, якое трэба, каб пазнаць тайны ўсіх гэтых нуклонаў і антынуклонаў, пазітронаў і мезонаў, ёй прыходзіцца траціць сапраўды ядзерную энергію, каб арганізаваць цішыню. Наверсе гойсае суседскі сын — так, што звініць посуд у серванце, за сцяной бясконца дрынчыць піяніна, за другой сцяной плача дзіця. І гэта ў добрым старым доме, кватэрам у якім зайздросцяць. А як можна вучыць атамную тэорыю, пісаць вершы ў тых «гармоніках», якія пачалі будаваць у мікрараёнах?
Зяць увайшоў не пастукаўшы. Павітаўся — быццам ласку зрабіў:
— Добры дзень, Іван Васільевіч.
— Дзень добры, отрачэ Генадзіуш, сын Піліпаў.
Зяць рагатнуў з гэтай новай формы звароту да яго. Весела, але з ноткай гэткай прабачлівай паблажлівасці: маўляў, давай-давай, дзівач, стары хрыч, больш табе няма чым займацца. На стале, з-пад носа Івана Васільевіча, забраў усе газеты.
— Ёсць «нядзелька»? Трэба ўзяць пачытаць.
Трэба ўзяць — і ніякіх размоў. Не папросіць, не запытае: а ці прачытаў гэтую «Нядзельку» сам гаспадар?
Такая бесцырымоннасць ужо нават не абурала. Раней некалі абурала. Зяць, калі жыў тут, у іх кватэры, вось гэтак жа лазіў па кніжных шафах, не саромеўся заглянуць і ў шуфляду стала, калі Іван Васільевіч забываўся зачыніць на ключ. Мог вось так, без стуку, зайсці нават у спальню апоўначы, каб запытаць, дзе сённяшняя «Комсомольская правда» ці ў якім годзе памёр Пляханаў.
Разоў колькі Іван Васільевіч зрываўся — выдаваў «на высокіх нотах» і яму, Генадзю, і Маі, і добрай цёшчы, якая дрыжала, каб, крый божа, не пакрыўдзіць дарагога зяцька. Паступова выпрацаваўся як бы імунітэт: навучыўся не толькі стрымліваць абурэнне, але тушыць яго ў самым пачатку. А вось здзіўляцца не пераставаў. Моцна здзіўляла незвычайная здольнасць гэтага чалавека — іх зяця — не засвойваць, не прымаць самыя простыя, хаця б знешнія, правілы элементарнай інтэлігентнасці.
Іван Васільевіч пры ўсім сваім багатым вопыце ніяк не мог зразумець — чаму гэта? Не дурань жа хлопец. Безумоўна, хітры. Жаніўся, напэўна, з разлікам. Аднак не сказаць, каб вельмі ўжо спадзяваўся на цесцева становішча. За тое, што, працуючы слесарам у гаражы, вучыўся на вячэрнім аддзяленні інстытута і, хоць пасрэдна, але без адзінага правалу здаваў усе экзамены, — Іван Васільевіч дараваў яму ўсё.
І пасля тых сваіх зрываў караў сябе і прасіў прабачэння — не ў зяця! — у жонкі, бо з Генадзя «што з гусі вада», а Вольга плакала пасля мужавых успышак.
Але вось ужо два гады як Генадзь — інжынер, начальнік участка на аўтазаводзе. Не без яго, Антанюковай, дапамогі атрымаў кватэру, аднапакаёвую, але асобную і ў добрым раёне. Дзякуй за гэта, як і за многае іншае, Іван Васільевіч ад яго не пачуў. Больш таго, зяць паводзіў сябе так, быццам яго падманулі і не аддаюць шмат што з таго, што абяцалі. Прэтэнзій ён, праўда, ніякіх не выказваў — гэта была, бадай, адзіная прыкмета яго інтэлігентнасці, але браць не саромеўся; безумоўна, пад яго ўплывам і Мая рабілася па-кулацку прагная. Калі на наваселлі ў іх сярод шмат якіх рэчаў, зусім не патрэбных маладым людзям у маленькай кватэрцы, Іван Васільевіч убачыў і халат, які яму падаравалі ўзбекі, то гэта так развесяліла, што ён, падвыпіўшы, увесь вечар рагатаў, на здзіўленне сваім і гасцям. Вольга Усцінаўна толькі дома даведалася прычыну яго весялосці, калі ён пачаў дапытвацца: «Не, ты скажы мне, калі ласка, а халат… халат узбекскі навошта ім?» Але і гэта Іван Васільевіч умеў растлумачыць і дараваць. У зяця моцна трымаецца сялянская псіхалогія, праўда, не натуральная, не народная — разбураная, скамечаная горадам і не лепшымі асабістымі якасцямі. Такіх людзей сустракаў нямала, асабліва ў той сферы, дзе доўга працаваў,— у органах, якія кіравалі сельскай гаспадаркай.
Читать дальше