Не мог дараваць зяцю толькі аднаго: як той сустрэў яго, цесцева, пенсіянерства. Сказаць нічога не сказаў. Але ва ўсім, што выказваў, як бы чуўся папрок: маўляў, падвёў ты мяне. Гэтага Іван Васільевіч не мог зразумець. На што яшчэ чалавек разлічваў? На пасаду, на кар’еру? Але ж зусім іншая галіна! Што мог прапанаваць Іван Васільевіч яму — інжынера РТС? Дык ні ў яго, ні ў дачкі думкі не было выехаць з Мінска. Куды там! Работай сваёй задаволены і яна і ён.
А потым гэтае абразлівае дараванне: што з цябе возьмеш, з пенсіянера! І сваяцкае суцяшэнне: не гаруй, стары, як-небудзь пражывем. Ужо разы два спрабаваў паляпаць па плячы.
Той добры імунітэт памагаў Івану Васільевічу ўсё сцярпець. Хацелася толькі аднаго: да канца зразумець гэтага чалавека, свайго зяця. Праўда, часам, асабліва цяпер, калі столькі вольнага часу для роздуму, рабілася горка. Жыў, працаваў дзеля дзяцей, а сваіх уласных не вельмі выхаваў, адна Лада радавала. А зяця за тры гады жыцця ў адной кватэры не толькі не здолеў выхаваць, навучыць свайму стаўленню да жыцця, да людзей, простай інтэлігентнасці, але нават добра зразумець не паспеў. Ці не перабольшваў ты, Іване, свае сілы і магчымасці? І можа так ва ўсім? Не, пагадзіцца з гэтым не мог! Ды і жыццё неаднойчы пацвярджала, што, нягледзячы на памылкі і слабасці, ён верна служыў ідэі і праўдзе.
Зяць, стоячы, праглядаў газеты. Раптам задаволена рагатнуў:
— Ніводнага слова пра яго. Як карова языком злізала. А мае хлопцы ўсё яшчэ п’юць за яго памяць… І анекдоты расказваюць.
— І ты з імі?
— А я сябе не аддзяляю ад народу!
— Ого!
— Што — ого? — насцярожана і амаль з выклікам спытаў зяць.
Іван Васільевіч не адказаў. Зяцевы разважанні пра палітыку здзіўлялі наіўнай прымітыўнасцю і блытанасцю, Антанюку раней неаднойчы рабілася сорамна, што чалавек, які жыве ў адной кватэры з ім, студэнт, вярзе часам такую лухту. Пасля ён навучыўся прапускаць міма вушэй Генадзевы «палітычныя мудрасці», не звяртаць увагі.
Апошнюю падзею Івану Васільевічу чамусьці не хацелася ні з кім абмяркоўваць, тым больш з такім «палітыкам», як гэты самазадаволены інжынер, які прыехаў з адзінаю мэтай — з’есці смачны абед, згатаваны цёшчай. То давай, браце, пра абед і гаварыць будзем.
— Каб ты не быў такі скупярдзяй, то захапіў бы пляшачку. Глядзі, весялей паабедалі б.
Генадзь рагатнуў ужо зусім інакш. Але сярод розных адценняў гэтага рогату Іван Васільевіч злавіў збянтэжанасць: усё-такі ніякавата хлопцу кожны раз прыходзіць на цесцеву чарку.
— Грошы ў Маі. Паспрабуйце выпрасіць у яе!
— Хто з вас на каго ўплывае?
Зяць не зразумеў.
— Мая была шчодрая дзяўчына.
— Лёгка быць шчодрай за бацькаў кошт!
Іван Васільевіч усміхнуўся.
— Дарагі Генадзь! Ты выказаў мудрэйшы афарызм. За такое — з мяне чарка! На Новы год!
— Каб сёння, — расчараваўся зяць, не зразумеўшы іроніі. Але тут жа весела рагатнуў і палез у кніжную шафу, дзе стаялі тамы энцыклапедыі.
— Паспрачаўся з адным на каньяк. Калі царствавала Лізавета?
Генадзь гартаў том, павярнуўшыся спіной. Іван Васільевіч разглядаў гэтую шырокую спіну, тоўсты карак, які зяць па-ранейшаму, па-сялянску, пасля стрыжкі галіў. Пасля сканчэння інстытута Генадзь неяк адразу моцна раздаўся ўшыркі. Іван Васільевіч з гумарам падумаў, што хлопец прагадаў на гэтым. Раней даношваў яго, цесцевы, касцюмы, трохі пацёртыя, але з дарагога матэрыялу. Цяпер яго касцюмы не налазяць, з меншага не зробіш большага. І Генадзь мусіць купляць сам. Але на дарагія, відаць, Мая не дае грошай. Носіць самыя танныя — «не аддзяляе сябе ад народу».
— Во гад, ён выйграў. А я думаў…— Генадзь заклапочана пашкроб патыліцу. — Я ж па гісторыі меў пяцёрку.
Вось гэтая яго наіўнасць таксама здзіўляла: калі па нейкім прадмеце меў пяцёрку яшчэ ў школе, то яму здавалася, што лепш за яго гэты прадмет ніхто не ведае і не можа ведаць. Неяк ён зусім сур’ёзна сказаў: «А што яны ведаюць, гэтыя акадэмікі! Толькі грошы грабуць».
Іван Васільевіч даўно прыкмеціў, што Вольга нібы пачала баяцца, калі яны заставаліся адзін на адзін, цесць і зяць. Можа таму паклікала:
— Лада дазволіла паглядзець тэлевізар. Калі ласка, прашу вас, таварышы мужчыны.
Лада сядзела ў крэсле, ужо абыякавая да ўсёй бытавой мітусні. Яго, бацьку, часам палохала гэтая здольнасць малодшай дачкі «адключацца» ад усяго. Толькі што была зямная, вясёлая, гарэзлівая і раптам быццам узнялася ў космас, у бясконцыя прасторы сусвету.
З экрана два вядомыя акцёры натужліва стараліся пасмяшыць тэлегледачоў. Але жарты — скроеныя з барадатых анекдотаў, якія Іван Васільевіч чуў яшчэ ў маладосці. Смяяліся Вольга Усцінаўна і Генадзь. Натхнёны перадачай, зяць пачаў расказваць свой анекдот.
Читать дальше