— Ладка-аладка-гадка! Ключы!
— Во як трэба ваяваць… за сваё права на эстэтычнае задавальненне. А што тады казаць пра змаганне за месца ў жыцці! Мой даражэнькі пляменнічак, крыкун і мазюка! Ты знаеш ураўненне Клейна — Гардона?
— Ключы!
У дзвярах з’явілася Вольга Усцінаўна.
— Стасюлька! Хадзем на кухню. Я табе казку раскажу.
— Не хачу казку! Хачу цявізал!
— О, няшчасце на маю галаву! Я сёння ж заяўлю ультыматум яго бацькам! Зязюлькі! Падкінулі плод сваёй халоднай любові!..
— Ключы! Ладка-аладка!
— Як не сорамна, Лада! Ты дэспат у доме. З-за сваёй фізікі ты гатова ўсіх нас выгнаць.
— І выганю!
— Іван! Чуеш, як яна размаўляе! А ты маўчыш, патураеш.
— Ключы!
— На табе твой цявізал. Але ціха! А то атрымаеш ураўненне Дзірака.
— Сама дзі-лака.
На экране танцавала балетная пара.
— О, гэта нешта сур’ёзнае. Мама, ты ж сама верыш, што я геній, — і зноў звярнулася да бацькі, як бы працягваючы перапыненую размову: — А калі я нішто? Пажыццёвая лабарантка? Дык на якога д’ябла мне такія пакуты? «Я помню чудное мгновенье, передо мной явилась ты…» — гэта я запамінаю лягчэй, чым мая дарагая сястра, літаратар. І калі напісана — помню, а яна забыла ўжо даўно. Я ўсё помню. І для гэтага мне не трэба было паліць свой мозг, закручваць звіліны такімі петлямі, што некалі сам Мефістофель зламає там нагу, у маім мозгу. Не! Усё! К чорту фізіку! Выходжу замуж! За таго чорненькага, Жазефа, што быў у нас на вечары. Помніш, мама? Нішто, праўда? Падгавару яго кінуць універсітэт, вярнуцца дадому, у Афрыку. Ён, здаецца, сын правадыра нейкага племя. Няхай робіць пераварот, скідае бацьку, садзіцца на трон. Я такі арганізую парадачак — свет здзівіцца! А цябе, тата, запрашаю вучыць неграў агранаміі. Хочаш, мы зробім цябе прэзідэнтам? Чаго ты ўсміхаешся? Быў жа беларус прэзідэнтам на Гавайскіх астравах. Чаму табе не пабыць? Ты чалавек справядлівы, не дэспат, не тыран… Шчыры інтэрнацыяналіст.
— Лада, не вярзі лухту.
— Мамачка, ты лічыш, што гэта лухта? Не, мая дарагая мамуля, ты дрэнна ведаеш сваю дачку.
Не, маці добра ведала шалёны характар малодшай Дарсі і ўжо тады, на тым вечары, моцна спалохалася, калі ўбачыла, як Лада танцавала са студэнтам-неграм нейкі афрыканскі танец, які здаўся ёй страшэнна дзікім.
— Іван, скажы, каб яна не іграла на маіх нервах.
— Ты не хочаш, каб я выходзіла за негра?
— Выкінь з галавы шалёныя думкі!
— Ага. А ты ведаеш, дарагая мама, што гэта называецца расізмам?
— Называй як хочаш.
— Во, таварыш марксіст, як выхавалі вы сваю жонку. Любуйцеся!
Іван Васільевіч зарагатаў.
— З табой, Лада, не засумуеш.
— Патурай, патурай, дык яна выкіне табе коніка, схопішся пасля за галаву, — пакрыўдзілася на мужа Вольга Усцінаўна.
— Ды ну вас! — адмахнуўся Антанюк, устаючы з крэсла.
— Усё. Адцягвай, мама, унука ад цявізала. Антракт скончаны. Дзея другая. Падрыхтоўка да практыкума: «Вымярэнне энергіі анігіляцыйных гамаквантаў». О мая няшчасная галава! Дарагія бацькі! Да вашага ведама: з’ява анігіляцыі заключаецца ў тым, што пры сустрэчы часціцы з антычасціцай абедзве перастаюць існаваць, ператвараюцца ў другія часціцы. Мудра? А якая пры гэтым выдзяляецца энергія? Вось таму прашу поўнай цішыні!
Але цішыня панавала нядоўга. Спачатку жонка шэптам прасіла паўплываць на Ладу, каб яна не захаплялася неграм, «бо пры яе дурным характары недалёка і да бяды».
Івана Васільевіча гэта развесяліла.
— Ты адсталы элемент, Вольга. Трэба мацаваць міжнародныя сувязі.
— А ты стары дурань, — узлавалася Вольга Усцінаўна, зразумеўшы, што муж здзекуецца з яе. Але злавацца яна не ўмела і праз хвіліну пачала з наіўнай хітрасцю ўгаворваць, каб ён схадзіў да каго-небудзь са старых сяброў, якія па-ранейшаму займалі высокія пасады.
— Такое адбылося. Няўжо табе нецікава даведацца, што там думаюць?
— Не, нецікава… Што думаюць — не кожны скажа. А што кожны з іх скажа — гэта я ведаю наперад.
— Іван, ты губіш сябе.
— Гублю.
— Ты замуроўваеш сябе ў чатырох сценах.
— Замуроўваю.
Яна трагічна прастагнала:
— О, каб хто ведаў, колькі ты пайграў на маіх нервах. Ад цябе пераняла Лада… Два тыраны!
Густыя, пасівелыя бровы яго сышліся над пераносіцай, паглыбелі зморшчына пад вачамі і каля рота. Глыбока ўдыхнуў і затрымаў паветра. Пакрыўдзілі жончыны словы. Але стрымаўся. Спытаў з болем, ласкава, шэптам:
— Я тыраніў цябе, Оля?
Жонка наблізілася, паклала руку яму на галаву, на валасы, якія заўсёды здаваліся ёй жорсткімі, можа таму, што ён заўсёды каротка стрыгся — пад бокс. Але некалі яны былі чорныя да варанога бляску, яго валасы, а цяпер, хоць і не вельмі яшчэ пасівелі, як бы выцвілі. «І, здаецца, памякчэлі», — падумала яна. Сказала:
Читать дальше