- I вось тут, - урачыста ўзвышаючы голас i прыцiскаючы на асобных словах, прымусiў ужо ўсiх прыслухацца камiсар, - перад некаторымi з вас паўстане сяньня вялiкае выпрабаваньне, запраўдны экзамэн на баёвага лятуна-бальшавiка. Я маю на ўвеце нашых сакалятаў першага, я мушу сказаць, i лепшага зьвязу, пад камандай тав. Лабунiча. Яны лятуць сяньня ня толькi на сваю радзiму, але й на свой родны i, пэўна-ж, каханы горад, якi ўзгадаваў iх, таварышы, i даў нам. Факт, што ў iх там могуць i павiнны быць бацькi, i сваякi, i сябры, мо яшчэ хто-небудзь, i мiлыя ўспамiны. Але я пэўны, што яны з гонарам управяцца з гэтым выпрабаваньнем.
Тут камiсар пачаў хвалiць свайго ўлюбёнца Лабунiча, праехаўся крыху, што ў некаторых iншых iзь зьвязу, - пэўна-ж, у Юркi, - "бываюць недахопы й дахопы", як сказаў ён, зараз-жа, зрэшты, "паправiўшыся": "дасягненьнi й недасягненьнi"... Але ўжо нiводзiн бадай iз хваленых i ганеных ня слухаў больш яго, апанаваны навалай раптоўных успамiнаў i хваляваньня ад блiзкой - але якой? - сустрэчы зь любым, родным, так даўно ўжо, здаецца, пакiнутым горадам... Навет сам сталёва-вытрыманы камандзер Лабунiч схамянуўся ад гэтае навалы пачуцьцяў толькi тады, калi трэ было браць "пуцёўку".
- Ардэнок як прышпiлены, - шапянуў яму пры гэтым ягоны дабрадзей, i Вiктар адказаў на гэта сваёй заўсёднай, падхалiмска-халуйскай усьмешкай - тэй самай непаўторнай усьмешкай, якую ў цэлай Эўропе найлепш можна бачыць на вуснах цi малога лiку грамадзянаў ейнае шостае, усходняе часткi.
- Старт 20.30. Ёсьць час разабраць заданьне, адпачыць i падрыхтавацца, закончыў зборку камандзер эскадрыльлi.
II
- Папалiся, землячкi! - падыйшоў адразу да трох, абдараваных "пачэсным заданьнем" бурыць радзiмае гняздо, камандзер трэйцяга зьвязу, здаравенна-медзьвядзяваты й таксама медзьвядзявата-настырлiвы тамбовец Жарабцоў.
Трох танкiстых, трох вясёлых сябраў,
Экiпаж машыны баявой,
загундосiў ён сваiм, як казаў Юрка, "жараббасам", дый, наверх, страшэнна фальшывячы, - дадому, сяброчкi, усё-ткi дадому! - i, аблапiўшы трэйцяга пiлёта зьвязу, дзявоча-кволага Валiка Сьнягурскага, да якога пачуваў адмысловую сымпатыю й таму найбольш дакучаў, загуў яму на вуха, стараючыся ўдаць асаблiвую задушэўнасьць, але яшчэ немiласэрней дзяручы ўпоперак:
Каханы горад сябру усьмiхнецца,
Знаёмы дом, зялёны сад i той пагляд...
- Адкасьнiся хоць сяньня, - з дакукаю адпiхаў, яго Валiк, якому ўвага й "пяшчоты" Жарабцова заўсёды спраўлялi вялiкую прыкрасьць, ато й проста мучылi.
- А што - сяньня? - не ўтаймоўваўся Жарабцоў. - Падумаеш! Каб мне так зараз сказалi ляцець калупаць мой Тамбоў - я-б адразу, калi ласка, з усiм-усенькiм...
- Дык хто табе не дае? - абарваў яго ўжо Юрка. - Завярнiся кругом, ляж курсам назад i трамбуй свае тамбоўскiя самавары.
- Самавары - гэта ў Туле, а Тамбоў, браце, слаўны...
- Ведаю, цётка там павiнна быць нейкая, яшчэ ў Чэхава пiсана... Але цяпер, браце, кiлбасься хоць да тае цёткi, калi не да ўсiх мамак, - бачыш сам, не да цябе тут i не да Тамбова.
- Ну, ну няхай, - цiскануўшы яшчэ раз небараку Валiка, здаўся-ткi Жарабцоў, бо ў глыбi душы пабойваўся спрытнага i на язык i на так якi фокус Юрку. - Эх, Тамбоў, Тамбоў - каб адхапiць хоць зь дзянёк водпустку! - уздыхнуў толькi ён i адыйшоў зусiм, усё гундосячы:
Знаёмы дом, зялёны сад i той пагляд...
- Жывёлiна! - папусьцiў шэптам яму наўздагон Валiк, папраўляючы парушаны жарабцоўскiмi пяшчотамi парадак у вопратцы.
- Дык вось, таварышы, - зьвярнуўся строга-афiцыйна да сваiх падначаленых, Юркi й Валiка, камандзер зьвязу. Дарма, што ўсе тры былi землякамi й навет школьнымi сябрамi ды зналiся добра ад сама адмалку, Вiктар, "вылупiўшыся" ў камандзеры, заўсёды трымаўся падчыркненай афiцыйнасьцi пры службовых дачыненьнях. - Я ўжо разьмеркаваў, - i ён пачаў паказваць на пляне, далучаным да "пуцёўкi": - Вы, таварыш Галушка, адразу-ж пакрыеце поўнач гораду, па гэтую вось прыблiзна лiнiю, я сам урэжуся ў сярэднюю паласу так, а вам, тав. Сьнягурскi - паўдзённая частка...
- Гэта ты... знарок, Вiктар? - углядаючыся ў плян i адразу мяняючыся з твару ды хрыпнучы нек у голасе, спытаўся Валiк.
- Што - знарок? Што Вы хочаце сказаць? - як не разумеючы, але ўвесь напружыўшыся, перапытаў Вiктар.
- Ты-ж ведаеш, тут жыў я... i цяпер, пэўна, мае старыя... на тым самым месцы... - паказваў на пляне Валiк. - А вось-жа слабодка. Верын дом на рагу...
- Ага, вось яно што, - прыкра засьмяяўся сваiм сухiм, бразгатлiвым сьмехам Вiктар, - дык значыцца, нездарма пяяў тут Жарабцоў: "Знаёмы дом, зялёны сад"... Знарок цi не знарок, таварыш Сьнягурскi, але, аказваецца, якраз добра выйшла. У нiкога бадай з цэлай эскадрыльлi не засталося яшчэ гэтулькi сантымэнтальшчыны й паненскасьцi, тэй жаласьлiвасьцi, як у вас. А чулi, што так добра казаў сяньня таварыш камiсар? Вось якраз вам найлепшая нагода давядзеце адно з двух: што вы - цi запраўды цьвёрда-мужны лятун-бальшавiк, цi, прынамся, - спрытны й асьцярожны пiлёт-баявiк. Я, ужо-ж напэўна знарок, узяў сам сабе той раён, дзе нашая школа, у якой мы ўсе трох гэтулькi год вучылiся й перажылi так багата прыгожага... Цяпер там - ворагаў штаб, i я мушу даконча зьнiшчыць яго, i здрузгачу нездрыгануўшыся. А тут-жа што? I я-ж пакiнуў тут сваю мацi, i цяпер павiнен таксама, дармо што чырвоны крыжык... Зразумела?
Читать дальше