Хлестакоў. Але, я лепш із самімі ў брычцы паеду.
Гараднічы (Добчынскаму) . Ну, Пётра Іванавічу, самім цяперака няма месца.
Добчынскі. Дарма, я так.
Гараднічы (ціха Добчынскаму). Слухайце: самі бягайце, ды подбегам, на ўсе застаўкі, і аднясіце дзьве пісулькі: адну ў богугодную ўстанову Земляніку, а другую жонцы. (Хлестакову). А ці паважуся я прасіць дазваленьня напісаць у саміх прытымбыцьці адзін радок жонцы, каб яна падрыхтавалася да прыняцьця шаноўнага гасьця?
Хлестакоў. Ды навошта-ж!.. А, зрэшты, вось дзе й чэрня, толькі паперы, ня ведаю… Хіба на гэтым рахунку?
Гараднічы. Я восьдзека напішу. (Піша й тым-жа часам гаворыць сам сабе). А вось палядзімо, як пойдзе справа пасьля фрыштыку ды пляшкі-таўстапузкі! Ды ёсьцека ў нас губэрнская мадэра, непаглядная на вока, а сланя зваліць із капытоў. Адно-б мне даведацца, што ён за што і ў якой меры яго трэба сьцерагчыся. (Напісаўшы, аддае Добчынскаму, які падыходзіць да дзьвярэй, ды ў гэтым часе дзьверы зрываюцца, і Бобчынскі, які падслухоўваў з другога боку, ляціць разам ізь дзьвярыма на сцэну. Усіхныя воклічы. Бобчынскі ўзьнімаецца).
Хлестакоў. Што? Ці не пабіліся самі дзе-небудзь?
Бобчынскі. Нічога, нічагутка, без усякенькага памяшальніцтва, толькі звыш носу невялічкі плескачэц. Я забягуся да Хрысьціяна Іванавіча: у яго-ж ёсьцека пляйстар гэнакі, — яно й загоіцца.
Гараднічы (робячы Бобчынскаму дакорлівы знак, Хлестакову). Гэта-ж дарма. Прашу, калі ласка, будзьце ласкавы! а саміх служку я скажу, каб перанёс рэчы. (Восіпу). Даражэнькі, ты перанясі ўсё да мяне, да гараднічага, табе кожны пакажа. Прашу, калі ласка! (Прапушчае наперад Хлестакова і йдзе за ім, але, абярнуўшыся, гаворыць із дакорам Бобчынскаму). Ужо й самі! не знайшлі іншае мясьціны зваліцца! І расьцёгся, як ліха ведае што якое. (Выходзіць; за ім Бобчынскі).
Заслона апушчаецца.
Пакой першае дзеі
Ганна Андрэеўна, Мар'я Антонаўна стаяць ля вакна ў тых-жа самых паставах.
Ганна Андрэеўна. Ну, вось ужо цэлую гадзіну не дачакаемся, а ўсё ты із сваім дурным жамонствам: зусім надзелася, не! яшчэ трэба поркацца… Ня слухаць-бы яе зусім. Гэткая дакука! Як знарок, ні душы! Як быццам-бы вымерла ўсё.
Мар’я Антонаўна. Ды праўда-ж, мамуленька, часінкі за дзьве ўсё даведаемся. Ужо неўзабаве Аўдоцьця павінна прыйсьці. (Узіраецца ў вакно й скрыквае). Ах, мамуленька, мамуленька! нехта йдзе, вунь, на канцы вуліцы.
Ганна Андрэеўна. Дзе йдзе? У цябе вечна якія-небудзь фантазіі. Ну але, ідзе. Хто-ж ідзе? Невялічкага росту… у фраку… Хто ж гэта? Га? Гэта, аднак-жа, дакука! Хто-ж бы гэта такі быў?
Мар’я Антонаўна. Гэта Добчынскі, мамуленька!
Ганна Андрэеўна. Які Добчынскі! Табе заўсёды раптам уроіцца гэтакае… Зусім ня Добчынскі. (Махае хусткаю). Гэй, самі, хадзеце сюды! хутчэй!
Мар’я Антонаўна. Праўда-ж, мамуленька, Добчынскі!
Ганна Андрэеўна. Ну, вось знарок, абы толькі папярэчыць. Кажуць табе — ня Добчынскі.
Мар’я Антонаўна. А што? а што, мамуленька? бачыце, што Добчынскі.
Ганна Андрэеўна. Ну але, Добчынскі, цяперака бачу, — чаго-ж ты пярэчыш? (Крычыць праз вакно). Хутчэй, хутчэй! самі заціха йдзяцё! Ну што, дзе яны? Га? Ды кажэце-ж адтуль — усё ‘дна. Што, вельмі строгі? Га? муж, муж? (Крыху адступаючы ад вакна, з дакукаю). Такі дурніла: пакуль ня ўвойдзе ў пакой, нічога не раскажа!
Тыя самыя й Добчынскі.
Ганна Андрэеўна. Ну, скажэце на ласку: ну, ці-ж ня сорам самім? Я на саміх на адных спадзявалася, як на прыстойнага чалавека: усе раптам выбеглі, і самі туды сама за імі! і я вось, ад нікога дасюль ладу не дайду. Ці-ж ня сорам самім? Я ў саміх хрысьціла вашага Яначку й Лізачку, а самі вось як са мной абыйшліся!
Добчынскі. Дальбог, кумухна, гэтак бег засьветчыць пашану, што не магу адсапнуцца. Маё шанаваньне, Мар’я Антонаўна!
Мар’я Антонаўна. Дабрыдзень, Пётра Іванавічу!
Ганна Андрэеўна. Ну, што? Ну, расказвайце: што й як тамака?
Добчынскі. Антон Антонавіч прыслалі самім пісульку.
Ганна Андрэеўна. Ну, ды ён хто гэткі? гэнэрал?
Добчынскі. Не, не гэнэрал, а не паддасца гэнэралу. Такая адукацыя й важнецкія абыходкі.
Читать дальше