Сёлета ў мясцовым калгасе новы старшыня. Прыгледзеўся да яго Стуканок адзiн раз, другi i - сэрца закалацiлася, нiбы авечы хвосцiк. Спалохаўся! Бо старшыня дужа сур'ёзны чалавек. Невядома, калi спiць, i на вяселлi, хрэсьбiны нiкуды не ходзiць. А былi ж старшынi, што нават на хаўтурах "Шумеў камыш" спявалi. Тых было латвей заблытаць. А да гэтага не прыступiцца. Усё парадкi ў калгасе наводзiць. I ўдаецца яму. Навошта ўжо Малання з норавам, але здолеў-такi ўлагоднiць яе, кожны дзень пачала хадзiць на працу ў калгас. Аж, бедная, схуднела. (Тое, што жонка страцiла ў вазе, Стуканок не шкадаваў, наадварот, радаваўся: "Калi i давядзецца ў наступную зiму вазiць з лазнi, дык не надарвуся", - думаў ён).
Новы старшыня быў узяўся аберуч i за самога Пiлiпа, сказаў яму не туляцца ад калгаснай працы. Апошнi расплакаўся, заенчыў, паабяцаў, падлячыўшыся, горы варочаць, не тое што. А пра сябе думаў: "Ператрэцца, перамелецца i ўсё забудзецца. Яшчэ не нарадзiўся той, хто б мяне абдурыў".
I Стуканок трымаўся свайго жыццёвага правiла: наперад кiнеш - ззаду возьмеш.
Гэта ў тым сэнсе, што не скупiся перад "патрэбным чалавекам". Узяўшы прыцэл на будучыню, падмаслi яго адзiн раз, другi, а прыйдзе час - i ён табе аддзячыць. Стуканок жа мае чым "падмаслiць". Ён - рыбак. Як толькi крыгаход мiне - з восцямi сiгае каля затокаў, а лета прыйдзе - на чаўне ў рэчцы боўтаецца. Ды такiх шчупакоў цягае! А лiны! Гладкiя, нiбы парасяты!
Налавiўшы рыбы, Стуканок заўсёды вяртаецца дамоў праз суседнюю вёску, дзе жыве старшыня. На выгане яго заўсёды чакае белагаловы хлапчук, "сынок старшынi"...
Аднойчы ранняй вясной, угледзеўшы малога, Стуканок шапнуў яму:
- Вазьмi, Сярожа, шчупачка i бяжы наўпрасткi па агародах дамоў. Каб нiхто не бачыў рыбiну...
Белагаловы хлапчук хацеў было запратэставаць, што ён нiякi не Сярожа, а Паўлiхiн Мiцька. Але шчупак быў дужа ладны, i малы ад захаплення не мог слова прамовiць. Схапiў рыбiну i пацягнуў яе дамоў.
Дома Мiцька расказаў мацi, адкуль у яго такая здабыча. Тая дала яму добрага трапкача, прагнала з хаты, сказаўшы:
- Няруш чужое! Аднясi старшынi! Гэта для яго Стуканок стараецца.
Мiцька пацягнуў рыбiну да старшынi.
Старшыня якраз быў дома. Даведаўшыся, у чым справа, ён рагатаў так, што аж за стол хапаўся. Нарэшце сказаў:
- А ты, Мiцька, i будзь Сярожам. Разумееш? Пакуль мой Сярожа ў бабулi ў гасцях, дык у цябе свежай рыбы кожны дзень будзе.
Хоць такая прапанова i была спакуслiвай, але Мiцька адмоўна закруцiў галавой... "З гэтым жартаваць нельга, - думаў ён. - Дома ля печы заўсёды трапкач вiсiць..."
Тады старшыня ўзяў малога за руку i павёў яго дамоў. Удачлiвы рыбалоў зноў нёс рыбiну. Старшыня сказаў Паўлiсе:
- Бярыце рыбу Стуканка. Я ж ведаю, ён некалi ваша нарыхтаванае ў лесе бярвенне пакраў. Дык няхай незнарок хоць трохi з вамi разлiчыцца...
Удава Паўлiха надта адмаўлялася, а як пачула пра бярвенне, згадзiлася:
- Няхай так i будзе! Хоць трохi гэтаму Заморышу насалю.
I з таго часу Сярожа-Мiцька спраўна насiў дамоў рыбу. Аб гэтым ведала амаль уся вёска. Не ведаў толькi Стуканок, каго ён частуе свежанькiмi шчупачкамi, лiнамi, язямi, плоткамi... Ой, каб ведаў! Ад злосцi, напэўна, дастаў бы ўкусiць сябе за локаць.
Стуканок думаў: "Не падмажаш - не паедзеш", i ледзь не кожны дзень падносiў "Сярожу" гасцiнца. О, у яго пад шапкай-аблавушкай розуму хоць адбаўляй! Ён яшчэ прытрымлiваецца i такой мудрасцi, што "ласкавае цялятка дзвюх матак ссе..." Дык чаму ж яму, Пiлiпу, ды не быць ласкавым? Выгода вялiкая з гэтага!
Блiзiўся час касьбы, i Стуканок вырашыў асабiста сам наведацца з рыбкай у хату старшынi. На памяць ведаў, што да гэтага "ўмаслiў" "патрэбнаму чалавеку" васемнаццаць шчупакоў, дзесяць лiноў i яшчэ там рознай дробязi накшталт язёў на смачную юшку.
На гэты раз Стуканок нёс цэлую торбу адборнай рыбкi... "Э, маё не прападзе, - думаў хiтры дзядзька. - Старшыня пацiхеньку дасць з гектарчык лугу... Так што i сваёй кароўцы накашу, i яшчэ возiкi са два прадам сенца".
Для большай пачцiвасцi Стуканок пакiнуў сваю аблавушку на ганку, а торбу з рыбай папёр у хату.
Старшыня быў дома. Госць ветлiва прывiтаў яго, дробненька засмяяўся:
- Дзень добры ў хату! Хе-хе, iду сабе i думаю сабе, хе-хе, зайду да старшынькi. Гэта ж рыбкi злавiў, дык думаю сабе: чаму не паклапацiцца аб старшынi? Ён жа аб нас заўсёды клапоцiцца...
Старшыня чамусьцi быў не ў гуморы, сказаў, што рыбу ў яго сям'i нiхто не есць, хiба толькi кот, i адмовiўся ад гасцiнца.
Стуканок падумаў: "Але ж дагэтуль не разарвала цябе ад маёй рыбкi... Цi не набiваеш ты сабе цану? Можа хочаш, каб я табе што-небудзь iншае падсунуў?"
Читать дальше