- Дазвольце, пан бургамiстр?
- Ну, ну, заходзьце!
Чалавек прасунуў у дзверы сваё тулава, зачынiў дзверы i, пакланiўшыся, падаў заяву.
- Дык гэта вы Дубiнiн?
- Так, пан бургамiстр, сам Дубiнiн, - матляючы галавой на танклявай, доўгай шыi, з годнасцю пацвердзiў увайшоўшы.
- Сядайце. Жадаеце працаваць у гарадской управе?
- Калi ваша ласка, з вялiкай прыемнасцю!
- А чым жа вы можаце пахвалiцца, каб пацвердзiць сваю адданасць фюрэру?
- О-о-о, пан бургамiстр, пахвалiцца мне ёсць чым! - i запалыя блудлiвыя вочы Дубiнiна пачалi бегаць пад абвiслымi, рыжымi брывамi.
- Ну, ну? - зацiкавiўся Сямён Iгнатыч.
- А памятаеце вы вялiкi пажар на iльнозаводзе? Гэта ж я ноччу падкраўся да яго, аблiў газаю i...
- Гэта вы спалiлi завод?
- Што вы так глядзiце на мяне, пан бургамiстр? Аж мне неяк дзiўна робiцца. Мабыць, не верыце?
- Не, не, мне проста цiкава. А яшчэ што?
- Ды цi пералiчыш усё? Вось справу з механiкам, што тады з Менска прыехаў, вы, здаецца, добра ведаеце: калi не памыляюся, вы рабiлi яму аперацыю? Дык гэта ж я падпiльнаваў яго ля дубняку i ўсадзiў яму нож у плечы. Дарэчы, сястра Купрыяна таксама не мiнула маiх рук...
- Сястра Купрыяна?.. - працяжна прамовiў Баравiкоў, i яго рука непрыкметна для самога памкнулася да важкага мармуравага прэса, але, схамянуўшыся, ён адвёў руку i праз зубы працадзiў: - Залiчваю вас на службу. - I памаўчаўшы, дадаў: - Будзеце ў мяне старшым палiцэйскiм. Падшукаеце яшчэ некалькi асоб з вашых хаўруснiкаў i падайце мне на зацвярджэнне.
- Добра.
- Заўтра ж ранiцой, вось вам запiска, адправiцеся ў штаб гарнiзона i прывезяце чатыры кулямёты, дзесяць аўтаматаў i тры скрынкi гранат, бо спакою тут нам, як вiдаць па ўсiм, не будзе.
- Усё будзе зроблена, пан бургамiстр, - падхапiўшыся з крэсла, сказаў Дубiнiн i, развiтаўшыся, накiраваўся да выхада.
У кабiнет увайшоў шчуплы, прыземiсты чалавек з гладка прылiзанымi чорнымi валасамi.
- Я сын Зарэмбы, - падаючы руку Баравiкову, адрэкамендаваўся ён. - Вы, канечне, не ведаеце... Мой бацька да рэвалюцыi меў свой маёнтак на Палессi, а я вось некалькi год пымушаны быў картатэтчыкам капцець у райсаюзе...
- Та-а-ак... Ну што ж, ранiцой прыходзьце на працу.
- Вельмi ўдзячны вам, пан бургамiстр.
- Паклiчце, калi ласка, хто там яшчэ?
- Адзiн застаўся, болей нiкога няма.
- Ну, заходзьце. А-а-а, Андрэй, i ты тут? Таксама з заявай?
- Ага.
Баравiкоў добра ведаў Андрэя Гушчу. Калi працаваў у бальнiцы, яму не раз даводзiлася мець справу з гэтым хлопцам. То Андрэя дзесьцi вывалакуць з канавы i ўсяго запэцканага ў гразь прывязуць беспрытомнага, каб выцверазiць; то сам часам прывалачэцца з шрамамi ды гузакамi на твары. Таму Сямён Iгнатавiч не лiчыў патрэбным весцi з iм доўгiх размоў i адразу залiчыў яго ў штат гарадской управы.
Позна ўвечары сакратар пазванiў па тэлефоне.
- Да вас, пан бургамiстр, просiцца зайсцi нейкi стары. Ён кажа: вы яго самi выклiкалi яшчэ апаўднi, але ён спазнiўся.
- Прапусцiць! - сказаў Сямён Iгнатыч.
У дзвярах бургамiстравага кабiнета з'явiўся шыракаплечы барадаты стары.
- Ну, як адчуваеш сябе, пан бургамiстр? - зашчапiўшы дзверы, iранiчна запытаў Купрыян i засмяяўся.
- Ану цябе, упхнуў ты мяне сюды...
- Выбачай, Сямён Iгнатавiч, калi я ў гэтым кабiнеце прымушаў таго прайдзiсвета падпiсваць данясенне, я не ведаў яшчэ, цi прызначаць цябе фашысты бургамiстрам. Там проста гаварылася, што ты найбольш прыязны i нямецкае камандаванне можа мець цябе на ўвазе.
- Яшчэ, чаго добрага, бабы падпiльнуюць ноччу, i тады ўспамiнай, як звалi... Вунь Хрысцiна даўно ўжо рукавы закасвае: я, кажа, растрыбушу яго, усе вантробы павыварочваю акаяннаму... Табе смешна, а мне i за дзверы не выйсцi.
- А ты, мiж iншым, не цягайся асаблiва... - параiў Купрыян.
- Ну i барада ў цябе, каб ты скiс, цi не з конскай грывы?
- Гэта ж дзяўчаты нашы падабралi недзе ў клубе, з драмгуртка, кажуць.
- Сапраўдны стары. Нiякай фальшы. Ну, хто б мог сказаць, што табе 35 год, што гэта той самы сакратар заводскага парткама...
- Ты, браце, цiшэй, а то яшчэ падслухае выжла, - перабiў Купрыян, азiраючыся на дзверы.
- I сапраўды! - схамянуўся Сямён Iгнатыч.
- Значыць, ты ўжо ўлiчыў каго трэба?
- Я даручыў яшчэ Дубiнiну, можа ён яшчэ каго дасць. Праўда, iх нямнога, адзiнкi, аднак павыпаўзалi... Аднаму я ўжо ледзь па чэрапе не стукнуў вось гэтым прэсам, да таго ж ён абурыў мяне, акаянны...
- Ты, браце, асцярожна, а то ўсю музыку сапсуеш. Як са зброяй?
- Заўтра будзе, паслаў ужо.
- Значыць, у панядзелак? Добра. Ну, дык пакуль, а то мне бавiцца нельга, там з разведкi павiнны прыйсцi.
Читать дальше