Гэта пачала ўздымацца ў неба першая баявая ракета-робат, прызначаная для стрэчнай аперацыi "Абруч". У саразеках было роўна восем гадзiн вечара. Услед за першай iрванулася ўвысь другая, за ёй трэцяя, i яшчэ, i яшчэ... Ракеты памкнулi ў дальнi космас закладваць вакол зямнога шара пастаянны кардон, каб нiчога не зыначылася ў зямных справах, каб усё заставалася як ёсць...
Неба абрынулася на галаву, страсянулася ў клубах рухомага полымя i дыму... Чалавек, вярблюд, сабака - гэтыя безабаронныя iстоты звар'яцела кiнулiся прэч. Ахопленыя жахам, яны беглi разам, шукаючы падтрымкi адно ў адным, беглi стэпам, i аграмадныя вогненныя блiскi высвечвалi iх...
Але як бы доўга яны нi беглi, гэта быў бег на месцы, бо кожны новы выбух накрываў iх з галавой вiхурай неабдымнага полымя i святла, аглушаў нетутэйшымi грымотамi...
А яны беглi - чалавек, вярблюд i сабака, беглi не аглядваючыся, i раптам, здалося Едыгею, над iм з'явiлася нейкая белая птушка - цi не тая, што некалi пырхнула з белай хусцiнкi Найман-Аны, калi жанчына падала з сядла, працятая стралой уласнага сына-манкурта... Белая птушка ляцела побач з чалавекам i крычала яму ў тых грымотах i ў тым сконе свету:
- Чый ты? Як тваё iмя? Успомнi сваё iмя? Твой бацька - Даненбай, Даненбай, Даненбай, Даненбай, Даненбай...
I доўга яшчэ чуўся яе голас у пагусцелай цемры...
Праз колькi дзён з Кзыл-Арды прыбылi на Баранлы-Буранны абедзве Едыгеевы дочкi Саўле i Шарапат, з мужамi, з дзецьмi, атрымаўшы тэлеграму аб смерцi саразекскага Казангапа. Памянуць, падзялiць з усiмi жалобу прыехалi, а разам з тым i пагасцяваць у бацькоў, бо не бывае дабра без горычы.
Калi яны сышлi з цягнiка ўсёй гурмой i аб'явiлiся каля Едыгеева парога, бацькi дома не было, а Укубала выбегла насустрач i, плачучы, кiдаючыся ў абдымкi, цалуючыся, усё прыгаворвала:
- Дзякуй, вялiкi дзякуй табе, божа! Ай, як добра! Бацька як узрадуецца! Як добра, што прыехалi! I ўсе разам прыехалi, сабралiся ды прыехалi! Бацька такi ўжо будзе рады!
- А дзе ж бацька? - спыталася Шарапат.
- А ён вернецца пад вечар. Паехаў з ранiцы да начальства нейкага, па важнай справе. Потым раскажу. Ды што ж вы стаiцё? Гэта ж ваш дом, дзецi мае...
Цягнiкi ў гэтых мясцiнах усё гэтак жа iшлi з захаду на ўсход i з усходу на захад...