Чым больш мы слухалі саміх ленінградцаў, вывучалі дакументы, чыталі дзённікі, тым больш нам адкрывалася адна з апор таго самага «духу ленінградцаў» , на якім трымаўсм горад, бо трымаўся сам чалавек. Што Ленінград — адзін з самых культурных гарадоў у свеце, хто пра гэта не ведае. Што гэта горад-інтэлігент i паводле культурных традыцыіі, і паводле насычанасці музеямі, бібліятэкамі, навуковымі ўстановамі, a галоўнае — па абліччы гараджан, па ix узаемаадносінах i адносінах да тых, хто ў Ленінград прыязджае, — таксама даўно лічыцца агульнавядомым. Рабочы клас у гэтым горадзе заўсёды славіўся не толькі тэхнічнай, але i агульнай культурай.
Усё гэта так, i ўсё, аказваецца, мае не толькі непасрэдныя адносіны да легендарнай стойкасці ленінградцаў у часе блакады, але i можа тлумачыць шматлікія канкрэтныя сітуацыі i лёсы, з якімі мы сутыкаліся ў часе працы над «Блакаднай кнігай» . Вось тыя ж «паўсядзённыя запіскі» блакадніка Г. А. Князева ці дзённікі Юры Рабінкіна: як дакладна яны дакументуюць рух чалавека, калі голад ужо здольны адабраць, сапраўды «зжэрці» i сілы, i волю, i сумленне, i саму здольнасць супраціўляцца пагібелі. Фізічных, біялагічных калорыяў не стае, каб не памерці, а тым больш каб заставацца ранейшым чалавекам — кім ты быў заўсёды, але нешта ўсё роўна чалавека падтрымлівае, не дазваляе пераступіць «за рысу» , дзе распад усяго, «маральная дыстрафія» . I гэтае нешта — можа, якраз i ёсць тое, што не было ўлічана ў фашысцкім Берліне, хоць яны там усё астатняе (і досыць дакладна) падлічылі i вылічылі: колькі магло пратрымацца ў лютыя маразы чатырохмільённае насельніцтва Ленінграда, калі ў горадзе няма значных запасаў прадуктаў, паліва, не дзейнічае каналізацыя, няма вады…
Ленінград блакадны сказаў свету многае: i пра нечалавечае аблічча фашызму, які абраў голад сваім хаўруснікам, сродкам тэрору супраць мірнага насельніцтва, i пра тое, што можа вытрымаць i на што здольны наш народ, калі ён змагаецца за сваю i ўсяго чалавецтва будучыню.
Тое, што нам, аўтарам «Блакаднай кнігі» , адкрылася праз доўгую працу, што нам Ленінград адкрыў i што мы хацелі сваёй кнігай таксама давесці,— гэта думка, перакананне, што інтэлігентнасць, унутраная культура — сіла, а не слабасць чалавека. Што праца розуму, духу, напрыклад, выратавала Г. А. Князева, a сіла любові дапамагла Лідзіі Ахапкінай (i не адной ёй) выжыць i выратаваць дзяцей — калі ўжо нішто іншае дапамагчы ім не магло. Адзін з раздзелаў другой часткі «Блакаднай кнігі» мы спачатку назвалі «Хлопчык-інтэлігент» . Вы, мабыць, здагадваецеся, што мы мелі на ўвазе Юру Рабінкіна.
Дык вось, звышмэта кнігі, якая неабходна, каб быў не проста помнік мінуламу, перажытаму, але i жывы кантакт з праблемамі сучаснасці, звышідэя «Блакаднай кнігі» адкрылася нам i для нас сфармулявалася іменна так, у гэтых словах: інтэлігентнасць, унутраная культура — сіла, а не слабасць чалавека. А таму, можа, у гэтым кірунку больш паслядоўна i настойліва трэба шукаць шляхоў i сродкаў для развязвання многіх глабальных праблем, якія іншымі сродкамі развязаць не ўдаецца. (Дарэчы, на гэта зарыентавана i палітыка разрадкі, якую мы адстойваем, i якраз супраць гэтага зноў i зноў кідаюцца прыхільнікі «голай сілы» .)
…Памятаю той дзень… Я ўсё прыязджаў у Ленінград — улетку i ўзімку, увосень i ўвесну, — я ўжо знаёмы быў з сотнямі жыхароў горада, якія ніколі не бачылі адзін аднаго. Данііл Аляксандравіч пазнаёміў мяне з куткамі i месцамі горада, звязанымі не толькі з жыццём Дастаеўскага, Пушкіна, Лермантава i інш., але i з жыццёвым лёсам ix герояў (ведаю нават той камень, пад які Радзівон Раскольнікаў схаваў грошы, рэчы забітай ім старой). У мяне ўжо былі свае ўспаміны аб уласным жыцці ў гэтым горадзе. Але ўсё яшчэ не было адчування, што горад прыняў мяне — разам з тымі мільёнамі, якія яго па-асабліваму любяць. Любяць як нешта адзінае i непаўторнае на зямлі i ў той жа час ведаюць, што i самі належаць гораду. А мае да яго — Пецярбурга, Петраграда, Ленінграда — такія пачуцці з'явіліся, пачыналіся не сёння i не ўчора, а недзе на дзесятым годзе жыцця — з першых, не радкоў нават, а як бы акордаў Пушкіна: «Па берегу пустынных волн…»
I вось той момант, калі ўсё перамянілася. (Вядома, ва мне самім гэта адбылося, але здалося, што гэта горад глянуў i раптам мяне заўважыў, i я нават голас пачуў — рэхам моцным ва мне загучаў.) Гэта быў ужо 1978 год. Мы ўжо надрукавалі першыя раздзелы «Блакаднай кнігі» . Сотні пісьмаў блакаднікаў, якіх мы самі не знайшлі, цяпер праз «Новый мир» шукалі нас Каб нешта дадаць, нешта сваё сказаць ці проста добрым словам аддзячыць Даніілу Граніну i яго сааўтару з Беларусі. Я зноў прыехаў у Ленінград, напрадвесні, пабыў на Краснапуцілаўскай, на сваёй кватэры, якая была замест гасцініцы, i, як заўсёды, да метро пайшоў міма помніка блакаднаму Ленінграду. У гэты дзень i помнік быў нейкі не той, як заўсёды: раптам быццам закалыхаліся, ажылі ў вясновым паветры нерэальна выцягнутыя тонкія постаці жанчын, салдат, рабочых, дзяцей — як праз замутнёную свядомасць не тваю, а самога блакадніка… Даехаў да Неўскага i ўздоўж Мойкі, а пасля праз гарбаты мосцік каля дома Пушкіна выйшаў да Зімняга — Эрмітажа, праз Дварцовы мост перайшоў на другі бераг Нявы, дзе універсітэт, Архіў Акадэміі навук — адсюль пачаў лічыць крокі. Колькі прыблізна метраў ад Архіва да дома, абвешанага чорнымі мемарыяльнымі дошкамі, у якім жыў, куды i адкуль ездзіў на сваім інвалідным «самакаце» Георгій Аляксеевіч Князеў? У нас ужо быў яго дзённік, i мы распачыналі працу над другой часткай «Блакаднай кнігі» . А вось i егіпецкія сфінксы над самай Нявой, якія ў дзённіку дырэктара акадэмічнага архіва ўсё больш ажываюць, робяцца амаль галоўнымі яго суразмоўнікамі — па меры таго як жыццё навокал не проста замірае, a вымірае. За шырокай Нявой вялізны купал Сената. Князеву адсюль, з-пад кароткіх дарычаскіх калон яго дома, пасля абстрэлу раптам здалося, што гэта расколаты чэрап!..
Читать дальше