Памятаю, на адным з бурных маскоўскіх сходаў 60-х гадоў, калі пісьменніцкая грамадскасць прабірала самых гучных у той час паэтаў, сядзелі мы, некалькі чалавек, наводшыбе, перагаворваліся, назіралі, як наш брат, які выйшаў на трыбуну, імкнуўся выцягнуць туды ж «ахвяру» . Зусім як у Цютчава:
…С какой отвагой благородной
Громите речью вы свободной
Всех тех, кому зажали рот.
Хто і ў чым правы ці не правы, быццам ужо i значэння не мае: галоўнае, нахіліць, нахіліць галаву ўпартаму! Нешта крыўднае i абразлівае, непрыстойнае ў нежаданні некага гаварыць словы, якія я, бач, рытуальна, гавару.
Раптам узняўся i пайшоў да трыбуны i наш сусед, з якім толькі што гаварылі пра ўсё гэта ў такім вось сэнсе (аказваецца, значыўся ў спісе прамоўцаў). Я нават здрыгануўся: зараз выдасць спаўна, не, да чаго ж адчайная галава!
Загаварыў… быццам i не сыходзіў з трыбуны папярэдні прамоўца. Вярнуўся, сеў зноў побач, я, малады яшчэ, пачынаючы, не адразу адважыўся зірнуць на яго, баючыся, што чалавеку няёмка. Нарэшце глянуў: нічога падобнага! Ён жа ведае, што i мы ўсё разумеем: не за выступленні ж, прамовы мы яго цэнім, а за раманы, аповесці, у якіх сапраўды i думка, i смеласць грамадзянская, i сумленне.
Але прыйдзе час, i свае выступленні, артыкулы збярэ i надрукуе (ці другія збяруць i надрукуюць), a нашчадкі гадай: дзе ж ён сапраўдны — у гэтым ці ў раманах? Глядзі, яшчэ i праблема аўтарства ўзнікне: ці ён пісаў свае раманы, калі вось такі быў, як у гэтых выступленнях, артыкулах? Ды ці не перабольшваем раманныя вартасці, ці не гучаць у раманах інтанацыі (i ўмоўчванні) яго прамоўніцкія?.. Нехта жорстка, але слушна сказаў: у косках, нават у кропках-косках скажацца!
Але нам i пашанцавала: не толькі вось такія сходы выпалі на наш час, a i зусім іншыя: шквал асвяжаючых ідэй, імкненняў, думак, слоў, учынкаў. Усё тое, што стаіць для нас за любым упамінаннем пра час пасля XX з'езда партыі.
У сваёй аўтабіяграфіі 1962 года я такое вось зрабіў назіранне, якое гатовы пацвердзіць: «Кожны, хто піша, ведае той галоўны штуршок у жыцці, які зрабіў яго літаратарам. Для адных гэта была рэвалюцыя, грамадзянская вайна… Для мяне i многіх маіх аднагодкаў — Айчынная вайна i XX з'езд. Два штуршкі — два «эпіцэнтры». Без другога i пра вайну расказвалі б інакш. Або наогул не расказвалі б.
Прозу сваю я пачаў пісаць, ствараць ( «запісваць» — так будзе больш дакладна) недзе ў 1948-1949-м. Але пакуль не спяшаючыся запісваў уласную ваенную памяць (з гэтага выраслі, узніклі раманы «Вайна пад стрэхамі» i «Сыны ідуць у бой» ), увесь, ca сваімі эмоцыямі, маладой нецярплівасцю рынуўся ў крытыку, якую сам час завострываў публіцыстычна. Чым яна была, у тыя 50-я, у пачатку 60-х, літаратурная крытыка, з якім пачуццём пісалася? А з тым жа, з якім у дзяцінстве мы ступалі на лёд, які запрашаў, патрэскваў, страляў пад нагамі, слізгалі, прагульваліся па ім: вось трымае, глядзіце, стаю, не правальваюся!..
Аглянуўся — два тоўстых тамы набралася! A ўласна прозы не вельмі многа. Ці ад таго, што крытыка-публіцыстыка энергію забірала? Выгаварышся ў артыкуле — не трэба аповесць пісаць, a калі ўжо пацягнула, сеў за аповесць, дык спяшацца няма чаго, думкі, пачуцці, якія «свярбяць» , ты ўжо выказаў, пашукай што-небудзь глыбей!..
Склаўся, устанавіўся нейкі свой (як у кожнага) характер пісання аповесцей. Справа не толькі ў тым, што перапісваюцца шматразова, а што працэс выспявання, даспявання на паперы адбываецца быццам сам па сабе, па ўласных законах, паскорыць яго — быццам ужо не мая ўлада. Як немагчыма паскорыць стварэнне, рост сталагміта ці сталактыта, таму што менавіта ў павольна-пастаянным прасочванні вады скрозь зямныя нетры, тоўшчы, у кропляў уся справа. У кропляў, у павольным капанні i нарошчванні салявой масы.
«Хатынская аповесць» пісалася больш чым пяць гадоў (1965, 1968–1971), «Карнікі» — каля дзесяці (1971–1979), зараз вось пішу, з 1982-га, яшчэ адну аповесць — аб тым, аб чым i мае артыкулы, выступленні апошніх гадоў. Хацеў бы хутчэй напісаць, рабіць тую самую «звышлітаратуру» , з якой у артыкулах прыстаю да іншых. Але, аказваецца, нават у такім выпадку не магу хутчэй, a толькі па кроплі…
Больш за дзесяць гадоў, пачынаючы з 1970-га, займаўся галоўнай, відавочна, справай свайго жыцця, прынамсі, ужо страчанага, — кнігамі народнай памяці: «Я з вогненнай вёскі…» i «Блакаднай» . Але гэтыя працы далёка выходзяць за рамкі, за межы маёй уласнай біяграфіі, не яны — частка мяне, хутчэй я — ix часцінка (як i сотні сааўтараў гэтых кніг).
Читать дальше