— Адразу падай! — шапчу я хлопцу, які нічога не разумее, але таксама ўздрыгвае. — Дзе тая дзяўчынка, трэба яе сюды.
Але нічога не адбылося. Рыклівы, бадлівы статак занёс на сабе вартавых паліцаяў, немцаў у лес, заглыбіўся, уцягваецца, i нічога не здарылася. Лясная цішыня не пераламалася з громам, не расчынілася гучнай прорвай пад нагамі ў карнікаў.
Не, адбылося! Самае страшнае адбылося! Hiхто не бег, не спяшаўся сюды, калі пад сцяну свірна, у палаючую салому падалі з рук матак дзеці i звар'яцелыя рукі гэтыя цягнуліся, крычалі, малілі, клікалі… О, як я ненавідзеў сябе за тое, што нікога няма, ніхто не бег, не прыбег хаця б зараз, каб сцерці з твару зямлі гэтых, гэтых, гэтых!.. Я луплю палкай па спінах быццам вінаватых у чымсьці кароў, ганю ix на дарогу, нейкую лаянку абрынаю на самога сябе, зусім не думаючы ўжо i пра злога немчыка, які, напэўна, зноў падпільноўвае мяне…
— Aгa, aгa вам!
Помсліва, аглушальна завылі раптам кулямёты — не наперадзе, а ззаду калоны. Вогненныя посвісты куль густа, шырока прашываюць паляну. Там, дзе машыны, ужо бухае, гарыць, а над лесам (ці гэта ва мне?) крычыць, рагоча, плача ад злога, помслівага шчасця шырокае, як цэлы свет, рэха. Ага, ага вам! Вось вам, вось вам! Я налятаю на бакі, на рогі, на морды, на кароў, на карнікаў, якім непаваротлівыя каровы перашкаджаюць залегчы i страляць. Я бачу, як бягуць у лес паліцаі. Дзе ж мой хлопец i тая строгая, заплаканая дзяўчынка з Пераходаў?.. I дзе легкавушка?
I тут я ўбачыў яе. Легкавушка імчалася проста на мяне, спалохана падскоквала на купінах i калдобінах. Не разумеючы яшчэ, што я магу, што збіраюся рабіць, я кінуўся ёй насустрач. Яшчэ паспеў разгледзець, як трэслася, нібы адрывалася, лялечная цёмна-глянцавая галава майго ворага, вялікія, на ўсё шкло залатых акуляраў, яго вочы, убачыў i жах на белай мордачцы малпы. Машына амаль наляцела на выбух.
I я таксама… Лес, як крылы вялізнай птушкі, аглушальным чорным узмахам разламаўся над дарогай, над падпаленымі машынамі, падняў i панёс з сабою ўсё. Ba ўсім свеце засталося вельмі простае i вельмі спакойнае здзіўленне: «Гэта смерць? Гэта i ёсць смерць?»
…Зварот, святло я адчуў спачатку, як рэзкі боль у вачах. Я ляжу, апушчаны ў роўную з посвістам цішыню, а на твар мне падаюць кроплі, цвёрдыя, халодныя. I жоўтыя. Я ix бачу — жоўтыя. Не, гэта бяроза нада мной, спакойная, мокрая, асенняя. I нейкія людзі побач. Вочы мае наліты болем, слязьмі… Я ляжу не на зямлі, а на нечым высокім. Белае нешта, так, гэта конь. Я на калёсах. I нейкія людзі. Балюча скошаныя вочы мае злавілі шырокі твар мужчыны — расплываецца ў вясёлцы, а побач жаночы твар. Як даўно я гэтага не бачыў, па-добраму вясёлага чалавечага твару. I як гэта дзіўна — ціхія, спакойныя галасы…
— A ўсё-ткі здрадніца ты, Наташа.
— Гэта чаму ж?
— Калі б я ведаў, чаму?
— Занадта мала ўсім вам ад мяне трэба. Вось так, Алёша.
— Ды я…
— Чакай!.. Ой, хлопчык, звалішся!
А я ўжо зваліўся, на зямлі ляжу. Так лёгка падняўся з калёсаў, нібы ўзляцеў, а вось жа, стаяць на нагах не магу! Ногі як анучы. I нешта з вачамі.
— Ой, як цябе? — зусім блізка плыве, то з'яўляецца, то знікае ў вясёлцы жаночы твар. Мне памагаюць устаць. Не, нічога, ногі цвярдзеюць, толькі вельмі дрыжаць.
— Дай я прамыю. Падай, Алёша, сумку. Сумку! A рукі прымі. Я не ўцякаю, Аляксейка. Нічога, міленькі, цэленькія вочы, трохі ўдарыла, засыпала. Ты з вёскі гэтай? Твае пайшлі, назад пабеглі ў вёску, Чаму ж яны не сказалі, забыліся пра цябе?
— Не… ага… Немцаў пабілі? Там быў такі ў акулярах, галоўны, з малпай.
— Каго пабілі, а хто вырваўся. I захапілі нейкіх. Цэлую кучу ўзялі жыўцом. Пачакай, пацярпі! Баліць?
Жаночыя рукі кранаюць мае вочы нечым пахучым, аптэчным, прыемна халодным.
— Пакуль жаніцца…
— Дзе яны? Такі ў акулярах, з малпай!
— Ды пачакай! Куды ты? На вось хоць анучку, прымочку, прыкладвай…
Адпіхваючы дрэвы, што нечакана ўзнікаюць перада мной, я бягу па лесе, потым па лясной прасецы, застаўленай вазамі, на якіх сядзяць i ляжаць параненыя партызаны, навалена зброя, нямецкія коўдры.
— Дзе яны? Дзе жывыя? — пытаю ў партызанаў: нібы працягваецца мой перарваны выбухам бег да імклівай спалоханай легкавушкі.
— Немцы? Там яны!
— Малпу хочаш паглядзець?
Зноў вясёлка плыве перад вачамі, ix зноў залівае сляза, згубіў анучку i зараз ірву шурпатыя, мокрыя, халаднаватыя лісты арэшніку, спрабуючы імі сцерці боль.
Вось яны, немцы! Збітай кучкай, у такіх недарэчных тут касках сядзяць на зямлі на прасецы, а над імі стаяць партызаны — вялікі натоўп. Я адразу заўважыў злога карантыша. Толькі зусім ён не злы: які ён злы, ён самы добры, ціхі, самы спакойны на зямлі чалавек! I ростам ён такі маленькі. I мундзір на ім такі не свой, такі гаматны. I каску на галаву яму нехта надзеў, як гаршчок, на здзек…
Читать дальше