Зараз немцы таксама памагаюць нам i паліцаям збіраць статак на дарогу. Мін баяцца, рашылі нагамі кароў дарогу правяраць? Я непрыкметна азіраюся, шукаю вачамі: дзе там адкрытая легкавушка?
Нарэшце на хаду перастроіліся, як хацелася немцам: наперадзе статак кароў, потым мы, паганятыя, за намі паліцаі i тыя, з доўгімі брылямі, a ўжо за імі немцы — пешыя, потым на машынах, абоз. Паліцаі ўсё азіраюцца на немцаў, як на гаспадара сабака, што пачуў мядзведзя. А, бобікі! Зараз вам, зараз!.. Лес ужо зусім побач. Зноў убачыў маладога паліцая, які так сярдзіта гнаў мяне i старую ў вёску. Я раптам гукнуў яму: «Чаго адстаеш, давай!» Здзівіўся ён да жаху: быццам дрэва на яго гаркнула ці мёртвы. Тут, паблізу лесу, мы непрыкметна мяняемся месцамі, хаця вінтоўка ўсё яшчэ ў руках у яго. Вінтоўка, здаецца, французская, доўгая, як граблі, нязручная. Лепей бы аўтамат. У паліцая толькі боты добрыя: не цвёрдыя i кароткія, як у немцаў, а нашы, армейскія…
Нас зноў бягом даганяюць немцы. Паліцаі адразу пасмялелі, падбадзёрыліся.
Але я ўжо бачу, я ўжо гавару з тымі, хто ix чакае, хто наперадзе — хвілін на дзесяць, на дваццаць наперадзе…
Дарога звузілася, сціснутая з двух бакоў лесам, глыбокія канавы па абодва бакі забіты алешнікам. Каровы надыхаліся дыму, крыві, усё збіваюцца ў кучу, рыкаюць, нюхаюць зямлю, бадуцца. Немцы, падасланыя на падмогу паліцаям, рашылі, здаецца, хавацца ад партызанскіх куль сярод статка, за спіны, бакі кароў. I ix зараз круціць, носіць гэты рыклівы, бадлівы вір кароў.
Нас усіх ён засмактаў, кідае аднаго да другога i адразу раскідвае. Нават весела робіцца ад такой бязглуздай бездапаможнасці. Аднаму немцу мой твар здаўся нейкім абразлівым.
— Бандыт? — пытае ён. Немец вельмі нізенькі, нават гаршчок-каска не дадае яму росту. — Партызан?
— Швайн? — памог яму паліцай. У гэтым каровіным віры яны, здаецца, не заўважылі, як памяняліся языкамі, галовамі, сваімі кароценькімі ідэйкамі.
— Нікс! — крычу я, адцёрты ў другі бок. — Я ёсць шуле. Бандыты — там. (Я паказваю на блізкі алешнік.) Мы ёсць баўэр. Ну, ты, падла, пайшла!.. Шуле, баўэр-калектыў!..
Я сам бачу свой твар, урачыста-зларадны, ведаю, што я перасольваю, i не магу стрымацца. Здалёку, з-за п'яна апушчаных каровіных галоў, вочы нашы, мае i нізенькага немца, сустрэліся, счапіліся: ён спрабуе прабіцца да мяне, я ведаю, што ён стрэліў бы, каб не баяўся падняць трывогу, мне б адвесці вочы, але я нічога не магу з сабою зрабіць. Зараз, куды б мяне ні адносіла, я адчуваю злоснага карантыша: ён, стукаючы аўтаматам па рагах кароў, усё прабіваецца да мяне бліжэй, а я адступаю ад яго па рыклівым, бадлівым крузе. Кінуцца ў лес? Ці дачакацца першага стрэлу, панікі? Нават дзіўна, наколькі я ўпэўнены, што засада чакае, нібы i на самай справе бачу яе. I зусім не думаю пра тое, што кулі разбірацца не будуць, хто які i чый. Але для мяне мала, каб гэта здарылася, мне трэба быць пры гэтым, у гэтым — толькі так i можа завяршыцца такі дзень, a іначай яно i не скончыцца для мяне ніколі…
Што такое? Лес канчаецца? Hiбы самую зямлю з-пад мяне выхапілі.
А злы карантыш пад гаршком-каскай ужо вырваўся са статка, ужо адступіў на паляну, заходзіць збоку, шукае мяне вачамі. Не, гэта ўсяго толькі вялікая паляна, якая з аднаго боку пераходзіць у поле, а наперадзе зноў лес. Той самы, дзе чакаюць, адкуль удараць? Карантыш зноў хаваецца ў статак, усё-ткі няўтульна, зябка яму там, на адкрытым. Затое я зараз магу выбрацца вонкі, ісці збоку, ведаючы, што ён да мяне не выйдзе.
Статак ашалелых, здзічэлых ад дыму i паху крыві кароў, як рачны вір, нясе на сабе плечы, галовы, каскі, пілоткі немцаў i паліцаяў, ужо вырваўся на паляну, ужо распаўзаецца па ёй. Я i некалькі мужчын з Пераходаў ды паліцаі палкамі, крыкамі гонім кароў на дарогу зноў у лес. Ужо i машыны з'явіліся, паўзуць па паляне, я бачу адкрытую легкавушку i нават мітуслівую малпу…
Я ведаю, помню, як бачыцца з засады вось такая калона (двойчы сам ляжаў у засадзе), i я зараз гляджу на паляну нібы ўздоўж ствала вінтоўкі, лаўлю мушкай, вяду на сябе голеную галаву, над якой носіцца малпа. (Я ўсё азіраюся на легкавую машыну, нават забываюся сачыць, дзе зараз небяспечны карантыш.)
Машыны i немцы ўжо на паляне, статак i дазорныя паліцаі зусім блізка да вузкай пашчы лясной дарогі, што чакае нас, — зараз, зараз! Я паклікаў да сябе хлапчанё з Пераходаў, трымаю яго за плячо, каб у час штурхнуць на зямлю… Я не іду далей, прапускаю мiмa сябе статак i чакаю легкавушкі, каб быць бліжэй да яе, калі пачнецца. Падганяю палкай кароў, гатоў i карнікаў i машыны падганяць — хутчэй, хутчэй, зараз, зараз!..
Читать дальше