А Касач, гаворачы з вусатым партызанам камандзірскага выгляду, спыніўся крокаў за сто ад нас. I атрад спыніўся. Не, не ўсе. Абыходзяць, абцякаюць Касача, па два, па тры хутка ідуць сюды. Ім насустрач аднекуль выскачыла, пабегла дзяўчынка, якая са мной ішла з Пераходаў i ўсё плакала, — з той хвіліны, як каля свірна з яе тоненькіх рук вырвалі дзіцятка.
Дзяўчынка адбегла, схапіла за руку, за локаць вялікага, цяжкага i рашучага з выгляду партызана ў нягнуткім брызентавым плашчы, i я пазнаў гэтага партызана — Пераход. Гэта зноў вярнула мяне ад партызанаў да тых, што сядзелі каля нашых ног, — да карнікаў.
— Гэ, суседзі нашы! — усклікнуў партызан, што не стамляецца весці сваю добраахвотную ролю веселуна. — Ну, што выседзелі на той дарозе? А мы, на гравійцы — вось што! Малпу!
(Карнікі звычайна вяртаюцца дадому не той дарогай, якой прыходзяць, з'яўляюцца. Напэўна, таму i падзяліліся засады, i нашы сядзелі на другой дарозе. А партызан ва ўсім ваенным i з біноклем на грудзях — каля яго прыпыніўся, размаўляе Касач, — напэўпа, камандзір вось гэтага, незнаёмага атрада.)
Пераход, вялізны ад мокрага, што стаіць тырчком, плашча, хутка, рэзка падышоў да нас. Стаў здымаць з локця тоненькія рукі павіслай на ім дзяўчынкі, заплаканай i строгай. Пакуль ён няспрытна адрываў па адным яе ўчэпістыя худзенькія пальцы, падбег да немцаў i спыніўся другі Пераход — яго пляменнік. У Перахода-малодшага, вельмі бледнага i танкатварага, вочы нечым падобныя на вялікія вочы нашай заплаканай дзяўчынкі з Пераходаў.
Перад ім расступіліся, нібы адразу зразумелі, хто яны.
I зноў я ўбачыў, як крайняя сіла пачуцця раптам паралізуе чалавека, забірае адразу ўсю энергію, волю, скоўвае, як сутарга. Пераход-малодшы спыніўся за тры крокі ад карнікаў: спацелы лоб, бледныя скулы як заледзянелі, позірк нерухомы, a ўся ніжняя частка яго тонкага твару ўздрыгвае, перакошваецца, з горла вырываюцца гукі, якія здаліся б смехам, калі не бачыць яго твару.
Старэйшы Пераход нечым падобны на Касача, але больш вуглаваты, гламаздкі, ён, як у ваду, увайшоў у самую сярэдзіну карнікаў, што сядзяць на зямлі, распіхваючы ix каленьмі. Стаў над галовамі немцаў.
Здаецца, само набрынялае неба цяжка спусцілася, знізілася. Зрабілася душна. Зараз чуваць толькі дыханне, нібы мы сарваліся з месца i моўчкі, страшна некуды бяжым, імчымся.
— Ну, — ціха спытаў Пераход. — Дык гэта вы?
— Мы — не немцы, — паправіў яго кадыкасты перакладчык.
— Вось ты мне i патрэбны… Ану ўставай! Усе ўставайце!
Наўрад ці ведаў чалавек, што ён збіраецца рабіць. Як абпалены мітусіцца, кідаецца ў пошуках холаду, каб не так нясцерпна балела, кідаўся, біўся i гэты вялізны, моцны чалавек.
I ў іншых гэта прарвалася.
— Гані ix на паляну! Што тут глядзець!..
— Ану, вы!..
— Канчаць ix!..
— Сядзяць, як хрыстосікі!
Хутка, спяшаючы на крык, падышлі Касач i вусаты камандзір. Ix убачылі карнікі i, здаецца, зразумелі крыкі i штурхалі як патрабаванне выказаць воінскую павагу партызанскім камандзірам. Спалох адразу змяніўся стараннасцю, рукі выцягнуліся па швах. Толькі немец з малпай пакутуе ад нязручнасці, няўпэўненасці: ён не адважваецца скінуць з пляча, пакрыўдзіць малпу, якая спадабалася партызанам, а з ёй выцягвацца — нібы непавага, не па форме атрымліваецца. Як стараецца ён паказаць, прадэманстраваць камандзірам воінскую павагу! Тым больш што яны апрануты па форме. Як i ён. Яны заўважаць, успомняць, што на ім ваенная форма. Але малпа!.. I скінуць яе боязна: як з хованкі выйсці. А з малпай — якая ж форма, якая павага? Фюрэр карнікаў i выцягваецца, i сутуліцца, i дысцыплінавана, падцягнута глядзіць, i нясмела, нібы пытаючыся, схіляе голеную галаву: можа, партызанскія камандзіры якраз малпай, а не ім зацікавяцца?
Касач разглядвае карнікаў з такой знаёмай жорстка-іранічнай усмешкай, але як яна зараз дарэчы! Як я разумею i люблю яе ў гэту хвіліну! Я таксама павінен быў не крычаць, а вось так падысці i глядзець на ix!
Вусаты камандзір стаяў побач з Касачом i любаваўся сваім трафеем — палоннымі — з прыкметнай задаволенасцю. Але Касач раптам убачыў мяне і, зусім нечакана, пазнаў. (Цяжка было не пазнаць, калі ўсё на мне крычала, што гэта я, што мне трэба яму сказаць, расказаць пра Глашу!)
— Ты? Ты што?
— Таварыш камандзір, яны на «востраве» , — я праціскаюся да Касача з-за спін, — там параненыя, мы з Рубяжом хадзілі на гаспадарчую аперацыю, яго забілі, i Скарахода, i каменданта «вострава» забілі…
Я ўсё не кажу: «Глаша» , не называю гэта імя, сам не ведаю чаму.
Читать дальше