Ён страх не любіў чыніць людзям зло — знарок ці ненаўмысле крыўдзіць, не трываў, калі на яго крыўдавалі. У арміі, праўда, цяжка было абысціся без гэтага, трэба было — спаганяў, але стараўся, каб тое выглядала па-добраму, дзеля карысці службы, а не дзеля якога асабістага інтарэсу. І яшчэ стараўся абыходзіцца без выпадаў злосці. Цяпер злы, дапяты хваробай Сотнікаў папракнуў яго старастам, што пусціў, не пакараўшы, але Рыбаку стала агідна караць — чорт з ім, хай жыве. Вядома, да ворага трэба адносіцца без усякае літасці, але тут сталася так, што ўжо надта па-сялянску знаёмым здаўся яму гэты Пётра. Калі што, хай яго пакараюць другія. У хаце, пакуль спрачаліся, ён нават і меў нейкі намер правучыць старасту, але пасля, у хляўку, калі разам узяліся лавіць авечку, гэтае жаданне паступова знікла. У хляве мірна, звычайна пахла сенам, гноем, жывёлай. Авечкі спуджана кідаліся з кутка ў куток, гэтую ж, з белай плямкай на лобе, стары падлаўчыўся схапіць за шэрсць, і тады Рыбак спрытна ашчаперыў яе за шыю, адчуўшы на момант нейкую паўзабытую, ледзь не дзіцячую радасць здабычы. Пасля, пакуль трымаў, а Пётра рэзаў ёй горла і авечка білася на саломе, па якой цёк ручаёк парнай крыві, у ягонае пачуццё шыбанула незабыўнае з маленства ўражанне страхавітае радасці, калі гэтаксама ў канцы восені бацька рэзаў адну ці аж дзве авечкі і ён, падлетак, памагаў яму. Усё было тое самае: і пахі ў хляўку, і кіданне ў смяртэльным, нібы ўсвядомленым, адчаі жывёліны, і парнасць цёплай крыві на марозе. Тады ён, праўда, баяўся глядзець на такое, затыкаў вушы, каб не чуць перадсмяротнага бляяння звыклых ад ягнячае пары авечак, кожную з якіх ён ведаў ва ўсіх драбніцах іхняга выгляду і характару. Цяпер жа, аднак, таго страху не было і звання, астаўся адзін успамін.
Поле, на якое ён павярнуў ад хмызняку, аказалася нечакана даўгім і шырокім, і яны ішлі, мабыць, з гадзіну, бухаючы нагамі ў снезе. Рыбак не ведаў пэўна, ды ўсё ж адчуваў, што недзе ўпоперак таго, куды яны ідуць, павінна быць дарога, тая самая, якою яны нядаўна ішлі сюды, пасля пачнецца схіл да поплаву. Але мінаў час, яны адмералі вярсты дзве, а дарогі ўсё не было, і ён пачаў меркаваць, ці не перайшлі яны дзе яе, не заўважыўшы. Тады яны маглі збіцца з кірунку, не ў час павярнуць улева, у лагчыну. Кепска, што гэтую мясцовасць ён ведаў блага, ды і не распытаў як след у хлопцаў у лесе. Праўда, тады планавалася ісці трохі ў іншы бок.
Рыбак спыніўся, азірнуўся на Сотнікава, які зноў далекавата адстаў і знямогла гробся ў суцемку. На месяц угары насунулася нейкая імгла, ноч пацямнела, удалечыні зусім нічога не было відаць. Ён скінуў з карка авечку, паклаў на яе бок карабін і з палёгкай расправіў намуляныя плечы. Праз хвіліну не надта ўпэўненым крокам да яго дашкандыбаў Сотнікаў.
— Ты ўжо як-небудзь. Знаеш, я не памочнік.
— Ладна, куды табе, — адсопваючыся, сказаў Рыбак і перавёў размову на іншае: — Не прымеціў, мы правільна ідзём?
Сотнікаў, цяжка дыхаючы, паглядзеў у ноч.
— Мабыць, правільна. Там лес.
— А дарога?
— Тут недзе і дарога. Калі не павярнула куды.
Абодва моўчкі паўзіраліся ў змрочнае снегавое сутонне, і тады зусім неспадзявана ў шумлівым павеве ветру іх напружаны слых злавіў нейкі няпэўны гук. То быў голас — самы звычайны дарожны вокрык на каня: «Нэ-э»… У наступнае імгненне стаў чуцен і ціхенькі ўдалечы тупат капытоў — яны абодва ўраз павярнулі твары пад вецер і не так убачылі, як угадалі далёка ў прыцемках ледзьве прыкметны рух. Рыбак спярша ледзь не збянтэжыўся — здалося, даганяюць, але неўзабаве зразумеў, што гэта не наўздагон, а хутчэй наперарэз, мабыць, па той самай дарозе, якую яны шукалі. Непрыемна адчуўшы, як закалацілася ў грудзях сэрца, ён узяў карабін, хуценька закінуў яго за плячо. Але тут жа аўтаматычным, амаль падсвядомым адчуваннем сцяміў, што небяспека кіруе міма, толькі ці дастаткова далёка ад іх, каб не згледзець уночы, вызначыць таго не мог. І ён, прысеўшы, дужым рыўком зноў узваліў на сябе тушу авечкі. Поле ішло на пагорак, ім трэба было як найхутчэй пераваліць цераз яго, і тады, мусіць, іх бы ўжо не ўбачылі.
— Давай, давай! Бягом! — гукнуў ён да Сотнікава, прыбаўляючы кроку. Ногі яго адразу падужэлі, цела, як заўжды ў хвіліну небяспекі, набыло лёгкасць і спрыт. І раптам ён згледзеў за пяць крокаў ад сябе дарогу — раз'езджаныя яе каляіны кіравалі ім наўкось. Цяпер ужо стала зразумела, што гэта тая самая дарога, па якой ехалі; ён зірнуў убок і выразна ўбачыў наводдалі цемнаватыя рухавыя плямы, чутно было ціхае бразганне чагось з вупражы; сані хуценька набліжаліся. Рыбак, нібы замініраваную паласу, з зацятым страхам перабег тую праклятую дарогу, так неспадзявана і не ў час выніклую перад імі, і тут жа выразна адчуў, што зрабіў няўдала. Мусіць, лепей было б падацца назад, па другі бок, ды ўжо было позна пра тое думаць. Раскопваючы ботамі снег, ён шпарыў на пагорачак і думаў, што, пэўна, вось-вось іх клікнуць. Яшчэ не дабегшы да вяршыні, за якой пачынаўся спуск, ён зноў азірнуўся. Сані выразна сталі відаць на дарозе, іх было двое — другія амаль ушчыльную шыбавалі за першымі. Але седакоў пакуль яшчэ нельга было згледзець, крыку таксама не было чутно, і ён з маленькай, надта жаданай надзеяй падумаў, што, можа, гэта сяляне. Калі не крыкнуць, дык пэўна сяляне — мусіць, з нейкай прычыны запазніліся ўначы, — тады дарма ўвесь гэты ягоны спалох. Трохі ўсцешаны нечаканай надзеяй, ён ажно спакойней разы два выдыхнуў і на бягу павярнуўся да Сотнікава. Той, як на злосць, хістка тупаў наводдалек, нібы ўжо не могучы прабегчы якіх сотню крокаў, што заставаліся яшчэ да вяршыні пагорка.
Читать дальше