«Кляні, але не надта я паверу табе», — санліва думаў Сотнікаў, не прыбіраючы выцягненую нагу. Помніцца, тая таксама нешта казала і пра Германію, пакуль бразгала ў пасудніку і кроіла хлеб. Разоў колькі выбягала ў сенцы — па сала і па малако ў гляку, а ён сядзеў на лаўцы ля стала і, глытаючы слінкі, чакаў, дурань, ежы. Праўда, аднаго разу яму пачулася, нібы ў сенцах хтось ціха гукнуў, пасля данёсся кароценькі шэпт, але тут ён пазнаў сонны дзіцячы голас і супакоіўся. Ды і гаспадыня ўвайшла ў хату спакойная і ласкавая, наліла яму вялікую кварту малака, накроіла сала, і ён, памятае, адчуў нешта вельмі ўдзячнае да яе. Пасля ён умінаў хлеб, прысёрбваючы малако, і так, мусіць бы, і ўліп ні за што, каб нейкая інстынктыўная сіла самазахавання без аніякай прычыны не прымусіла яго зірнуць у застаўленае кветкамі акно. І ён на секунду абмёр, разгубіўшыся: па вуліцы хутка ішлі двое з вінтоўкамі, на рукавах бялелі павязкі, а следам бегла малое гадоў васьмі.
Шкада, у яго тады адняло мову, і ён нічога не сказаў той ласкавай цётцы — ён толькі штурхнуў яе ад дзвярэй і шалёным напорам ірвануў на гарод, цераз платы за каноплі, далей на выган, у роў, у кустоўе. Ззаду стралялі, крычалі. Ужо, мабыць, у рове ён зразумеў, што з іншымі галасамі наўздагон нясецца і крык тае кабеты — яна паказвала, куды ён пабег.
А гэта цяпер вось ласкавая: сынок, дзетачка…
Ад стомы ці то ад гэтай праклятай прастуды, яго свядомасць нібы завалоквалася часам густым туманам, на нейкія нядоўгія прамежкі часу ён забываўся, тут жа прахопліваючыся зноў. Старасціха цяпер прысела перад ім на канец лаўкі і, мабыць, не чуючы пакуль нічога жахлівага са двара, трохі абспакайнела.
— Дзетачка, гэта ж няпраўда, што ён па сваёй ахвоце. Яго ж тутэйшыя мужыкі ўпрасілі. Ой, як жа ён не хацеў! А бумага з раёну прыйшла — старасту на нараду выклікалі. А ў нас, у Лясінах, яшчэ ніякага старасты няма. Ну, мужыкі і кажуць: «Ідзі ты, Пётра, ты ў пляну быў». А ён жа і праўда ў тую, мікалаеўскую, два гады ў пляну быў, у немца рабіў. «Дык, — кажуць, — табе іх нораў ужо знаёмы, пацярпі якіх са два месяцы, пакуль нашыя вернуцца. А то Будзілу паставяць, во бяда будзе». Будзіла гэты тожа з Лясінаў, нягодны — страх. От яго мужыкі баяліся. Дык ён цяпер у паліцыі ў мястэчку. Найшла свіння лужыну.
— Знойдзе і кулю.
— А хай бы, чорт бы па ім плакаў… Дык гэта Пётру, дурня, і ўгаварылі, пайшоў у мястэчка. На сваё ліха. А цяпер ці гэта яму хочацца халуём нямецкім быць? Можа, кожны дзень божы грозяцца, крычаць ды яшчэ наганамі ў лоб тыцкаюць, гарэлкі трэбуюць. Мучаецца ён, не дай бог.
Сотнікаў сядзеў, прыгрэўшыся ля печы, і намагаўся толькі абы не заснуць. Праўда, драмаць не даваў кашаль, які то адчапляўся на хвіліну, то біў так, што балела ў мазгах. Старасціху ён слухаў і не слухаў, унікаць у яе скаргі не надта хацеў, адчуваў, што варта толькі даць сабе паслабку, як нядоўга і пранікнуцца спачуваннем да няўдакі-старасты, чаго ён нізашто не мог дазволіць сабе. Ён не мог спачуваць чалавеку, які пайшоў на службу да немцаў і так ці інакш выконваў гэтую службу. Тое, што ў таго знаходзіліся нейкія там апраўданні, не кранала Сотнікава, які ўжо ведаў цану такога роду апраўданням. У той барацьбе, якая пачалася з фашызмам, нельга было зважаць ні на якія, самыя важкія прычыны — перамагчы можна было толькі насуперак усім прычынам. Ён засвоіў гэта з самага першага свайго бою і ўсюды трымаўся менавіта таго пераканання, што толькі і давала яму захоўваць цвёрдасць сваіх пазіцый ва ўсіх складанасцях гэтай вайны.
Спахапіўшыся, што дрэмле, Сотнікаў паспрабаваў устаць, але яго так хіснула па хаце, што ён ледзь не ляпнуўся аб сцяну. Гаспадыня, сама спалохаўшыся, неяк падтрымала яго, і ён падабраў з падлогі вінтоўку.
— Фу, чорт.
— Сынок, ды што ж гэта з табой? — заўважыўшы нешта нядобрае ў ім, іншым голасам загаманіла кабета. — Ды ты ж хворы! А Божачка мой! У цябе ж жар, мусіць? Авохці мне! Табе ж легчы трэба. Во як хрыпіць у грудзях. Пачакай, я табе лекаў звару.
Яна са шчырай спагадай шаснула некуды ў запечак, зашархацела там чымсьці з паклажы, а ён падумаў, што, мусіць, сапраўды, ягоная справа дрэнь, калі ўжо так занепакоілася гэта жанчына. Але не хапала лячыцца ў старасціхі!
— Не турбуйцеся, мне нічога не трэба.
Яму і сапраўды не хацелася ні піць, ні есці, і нічога не трэба было, апроч цяпла і спакою.
— Як жа не будзеш, сынок? Ты ж хворы, ці ж гэта не відно? Я даўно прыкмячаю.
— Няважна, — сказаў Сотнікаў.
— Калі, можа, некалі, дык на малінкі сухой, мо дзе заварыш, пап'еш. А гэта во зёлачкі…
Читать дальше