Ён-то сказаў так, пра сябе, можа думаючы, што цяпер ад іншых адчэпяцца. Але ж і гэтыя паслугачы не дурні — адразу скумекалі, што калі адзін, дык і астатнія, мусіць, з ім заадно. Усе ж дружбакі. Пачалі біць яшчэ, выцягваць новыя дадзеныя і пра Мароза. Пра Мароза асабліва стараліся. Але што маглі хлопцы сказаць пра Мароза?
I вось у такі час, у самы разгар катавання з'яўляецца сам Мароз.
Было гэта на досвітку, расказвалі, вёска яшчэ спала. На выгане туманок гэткі лёгенькі слаўся, было не сцюдзёна, толькі макравата зранку. Падышоў Алесь Іванавіч, мусіць, гародамі, бо на вуліцы з канца сядзела засада, а яго не заўважыла. Мусіць, пералез цераз плот і — у двор да старасты. Там, вядома, варта, паліцай як крыкне: «Стой, назад!» ды за вінтоўку і на яго. Але Мароз ужо не баяўся нічога, ідзе сабе прама на вартавога, пакульгвае толькі і гаворыць спакойна гэтак: «Скажыце начальніку: я — Мароз».
Ну, тут збеглася паліцэйская зграя, жандары, скруцілі Марозу рукі, здзерлі кажушок. Як прывялі ў стараставу хату, Бохан і кажа ціхенька так, мусіць, каб паліцаі не ўчулі: «Не трэба было, настаўнік». А той адно толькі слова яму ў адказ: «Трэба». I болей нічога.
I вось тут, павінен табе сказаць, і ўсчалася тая шарада, якая нарабіла столькі блытаніны з эпілогам усёй гэтай трагедыі. Я так думаю, што менавіта праз яе Мароза столькі гадоў марынавалі і столькі ўсё гэта вымагала турботаў. Сталася так, што калі ў сорак чацвёртым турнулі нарэшце адсюль немчуру, у мястэчку і ў Гродні знайшлі сякія-такія паперы: дакументы паліцыі, СД. Усё гэта, вядома, было падабрана, распрацавана кім трэба. I вось сярод іншых аказалася адна паперка адносна Алеся Іванавіча Мароза. Сам бачыў: звычайная паперка са школьнага сшытка ў клетку, напісаная па-беларуску — рапарт старшага паліцэйскага Гагуна Хведара, таго самага Каіна, свайму начальству. Маўляў, такога-та чысла красавіка сорак другога года каманда паліцэйскіх пад яго началам захапіла ў часе аперацыі праследавання завадатара мясцовай партызанскай банды Алеся Мароза. Ведама, спрэс хлусня. Але Каіну гэта было выгадна, мусіць, таксама, як і ягонаму начальству. Узялі хлопцаў, а праз тры дні злавілі і завадатара банды — было за што пахваліць старшага паліцая. I ўзнагародзіць. I ні ў кога ніякага сумнення наконт праўдзівасці рапарта.
Як ні дзіўна атрымалася, але і мы ненаўмысля пацвердзілі гэты дурацкі міф паліцая. Аказалася во як. Ужо ўлетку, калі насталі для нас гарачыя дзянёчкі і набралася нямала забітых і параненых, патрэбавалі неяк у брыгаду даныя аб стратах за зіму і вясну. Кузняцоў склаў спіс, прынёс сам з Селязнёвым на подпіс і пытаецца: «Як будзем паказваць Мароза? Можа, лепей зусім не паказваць? Падумаеш, два дні ўсяго ў партызанах пабыў». Тут, ведама, я запярэчыў. «Як гэта не паказваць? Што ж ён тады, седзячы на печы памёр?» Селязнёў, памятаю, нахмурыўся — ён не любіў успамінаць тую гісторыю з Марозам. Падумаў і кажа Кузняцову: «А што круціць! Так і напішы: папаў у палон. А далей не наша дзела». Так і напісалі. Прызнацца, я тады прамаўчаў. Ды і што б я сказаў. Што сам здаўся? Хто б гэта зразумеў? Так да нямецкага дадаўся яшчэ і наш дакумент. I паспрабуй цяпер абвергнуць гэтыя дзве паперкі. Лягчэй аказалася Волгу з Донам злучыць, чым да гэтае ісціны дакапацца. Дзякуй вот нашаму Міклашэвічу. Ён усё ж дакапаўся.
Да. А ў Сяльцы тады што ж? Аказаліся ўсе ў зборы, можна было адпраўляць у паліцэйскі ўчастак. Пад вечар вывелі ўсіх семярых са свірна, усе стаялі на сваіх нагах, апроч Бародзіча. Той быў збіты да крыві, і два паліцаі ўзялі яго пад пахі. Астатніх пастроілі па два і пад канвоем пагналі да шашы.
Вось тут ужо блізка фінал, і што і як было далей, мне расказваў сам Міклашэвіч.
Хлопцы яшчэ ў свірне дужа апанурыліся, як пачулі ў двары голас Алеся Іванавіча. Рашылі — схапілі і яго. Дарэчы, да самага іх канца так ніхто і не падумаў інакш — лічылі, не ўбярогся настаўнік, папаўся немцам. I ён ім нічога не сказаў пра сябе. Толькі падбадзёрваў. Сам стараўся вясёлым быць, наколькі, вядома, гэта яму ўдавалася. Казаў, што жыццё чалавечае надта несувымернае з вечнасцю і што ці пятнаццаць гадоў, ці шэсцьдзесят — усё не болей чымсьці імгненне ў вечнасці часу. Яшчэ казаў, што тысячы людзей хоць бы ў тым жа Сяльцы нарадзіліся і адышлі ў нябыт за вякі, і ніхто іх не ведае, не памятае. А вось іх будуць памятаць, і ўжо ў тым іхняя ўзнагарода. Найвялікшая з усіх магчымых у свеце ўзнагарод.
Мусіць, гэта тады ўсё ж мала іх суцяшала. Але тое, што з імі быў іхні настаўнік, іх заўсёдны Алесь Іванавіч, вядома, аблягчала незайздросны іх лёс. Хоць, пэўна, яны б тады шмат далі, каб ён уратаваўся — яны-то яго шанавалі, як бога.
Читать дальше