Светлай памяці М. А. Пашкевіча
Мне і дагэтуль крыўдна на сябе і балюча, што за два доўгія гады так і не выбраў часу з'ездзіць у тую не надта і далёкую ад горада сельскую школку. Колькі разоў думаў аб тым, але ўсё адкладваў: зімой — пакуль мінуць маразы ці завеі, увесну — калі падсохне ды пацяплее; улетку ж, калі было і суха і цёпла, найбольшы клопат адбіраў адпачынак і ўсе звязаныя з ім турботы дзеля нейкага тлумнага месяца на цесным, гарачым, перанаселеным поўдні. А збольшага, усё чакаў вальнейшага часу, настрою, думаў: пад'еду калі павальнее з працай, з рознымі хатнімі клопатамі. I як гэта часам бывае ў жыцці, даадкладваўся да таго, што спазніўся канчаткова і непапраўна: зрабілася позна выпраўляцца на госці — прыспеў час ехаць на пахаванне.
Даведаўся аб тым таксама не ў час, са спазненнем — прыехаўшы з Мінска, ішоў дадому і спаткаў знаёмага, колішняга сябра па працы. Трохі пагаварыўшы пра сёе-тое і абмяняўшыся парай жартоўных фраз, мы развіталіся, ды раптам, нібы ўспомніўшы штось, сябар спыніўся.
— Чуў, Міклашэвіч памёр? Што ў Сяльцы настаўнікам быў.
— Як — памёр?
— Так, звычайна. Пазаўчора памёр. Сёння хаваюць недзе.
Таварыш сказаў і пайшоў, для яго Міклашэвіч, мусіць, мала што значыў, а я стаяў і разгублена глядзеў цераз вуліцу. З пачуцця знікла ўсякае адчуванне сябе, я забыўся на свае справы — выбух бяды і нейкае неўсвядомленай вінаватасці аглушыў мяне і на хвіліну прыкаваў да асфальту. Пэўне ж, я разумеў, што ў тае заўчаснае смерці маладога сельскага настаўніка мае віны не было ніякай ды і сам настаўнік не быў мне ні раднёй, ні вялікім сябрам, але сэрца маё востра зашчымела ад жалю і прыкрасці на сябе, што не зрабіў таго, на што цяпер заўжды ўжо будзе позна. Мусіць, хапаючыся за нейкую апошнюю магчымасць апраўдацца перад сабой, адчуў раптоўны намер паехаць цяпер, зараз жа, не адкладваючы ні на гадзіну.
Час з тае хвіліны, як я прыняў гэта рашэнне, памчаў для мяне па нейкім асаблівым адліку, больш правільна — у пачуццях знікла ўсякае адчуванне часу. З усяе сілы пачаў спяшацца, хоць гэта ўдавалася кепска. Сямейнікаў маіх дома нікога не аказалася, але я нават забыўся хоць якой запіскай папярэдзіць іх аб маім ад'ездзе і пабег на аўтобусную станцыю. Успомніўшы пра справы на службе, спрабаваў пазваніць туды з аўтамата, які, бы назло, спраўна глытаў медзякі і маўчаў, як закляты. Кінуўся шукаць другога, ён надарыўся мне аж каля новага будынка гастранома, але там стаяла чарга. Чакаў некалькі хвілін, ледзьве набіраючыся трывання слухаць яеныя і дробязныя размовы ў сінім з разбітым шклом шкапчыку, пасварыўся а нейкім хлапчом, якога прыняў спярша за дзяўчыну — штаны клёш і льняныя валасы да каўняра вельветавай куртачкі. Пакуль дазваніўся, урэшце, ды растлумачыў, у чым справа, празяваў апошні аўтобус у Сяльцо, другога ж транспарту ў той бок сёння не было. Спрабаваў з паўгадзіны дамагчыся таксі, ды марна: да кожнай машыны кідаўся адразу натоўп болей спрытных, а галоўнае — болей нахабных, чым я. Давялося ўрэшце выпраўляцца на шашу за горадам і пакарыстацца старым у такіх выпадках спосабам — галасаваць. Сапраўды, дзесятая або пятнадцатая машына з горада, амаль даверху накладзеная скруткамі толю, спынілася на ўзбочыне і ўзяла нас, мяне і хлопца-падлетка ў кедах з вялізнаю сумкай, набітай боханамі гарадскога хлеба.
На яздзе стала трохі спакайней, толькі часам здавалася, што машына коціць занадта марудна, і я лавіў сябе на тым, што лаю ў думках шафёра, хоць на болей цвярозы позірк, дык ехалі мы звычайна, як і ўсе тут ездзяць. Шаша была гладкая, асфальтаваная і амаль скрозь прамая, як страла, якая ціха пагойдвалася па пакатых узгорках — то ўгору, то ўніз. Стаяў пагодлівы адвячорак апошняй пары бабінага лета са спакойнай празрыстасцю даляў, парадзелымі пералескамі ля дарогі, вольным прасторам ужо апусцелых палёў. Воддаль ад дарогі над лесам пасвіўся калгасны статак — некалькі сот пярэзімкаў (усе як адзін аднолькавай бура-чырвонай масці). Побач тарахцеў увішны палявы працаўнік трактар «Беларусь»— араў пад зябліва. Насустрач ішлі машыны, грувастка нагружаныя льном-трасцой — везлі на льнозавод. У прыдарожнае вёсцы Будзілавічах ярка чырванелі ў гародчыках апошнія дацвітаўшыя вяргіні, на гародах у разораных барознах з палеглым каліўем капаліся вясковыя цёткі і маладзіцы — выбіралі бульбу. Прырода поўнілася мірным спакоем восеньскай зморанасці і лагодай, людская задаволеная нетаропкасць адчувалася ў мерным рытме адвечных сялянскіх клопатаў, калі ўраджай быў ужо вырашчаны, большасць звязаных з ім турботаў засталася ззаду, цяпер яго трэба было толькі сабраць, падлічыць, упарадкаваць.
Читать дальше