Фэлікс Гром далікатна пастукаў у дзьверы.
— Можа, і я памагу? Усё ж учатырох…
Адтуль, знадворку, ніхто не адказаў, але дзьверы, бразнуўшы, расчыніліся.
— Ану давай усе! Усе вылазь, маць вашу за нагу. I піхаць! Дружна, усе разам! — закамандаваў памочнік камэнданта з напускной, аднак, злосьцю.
Менавіта такая яго злосьць не палохала і не абражала. I Фэлікс падумаў, што, можа, гэты чэкіст і не такі ўжо благі чалавек. За два месяцы турмы, допытаў і катаваньняў ён натрываўся рознага і ўжо думаў, што сярод іх няма ніводнага людзкага чалавека, адныя зьвяры. А так хацелася хоць пры канцы сустрэць чалавека з дабрынёй у душы, які б паставіўся да небаракі калі не з разуменьнем, дык хоць з маленькаю да яго спагадай. Усё ж ён быў чалавек. Хоць і паэт. I вораг, прысуджаны да вышэйшай меры пакараньня.
Фэлікс Гром скочыў у цемру, адразу ледзьве не да каленяў трапіўшы ў каламутную багну дарогі. Аднак астатнія двое за ім не пасьпяшаліся, і памкамэнданта Косьцікаў зноў перайшоў на свой звыклы, зьедлівы крык:
— Ну вы! Доўга чакаць, маць вашу растак!
— А скульля табе! — пачулася з буды, — гэта спакойна азваўся грабежнік Зайкоўскі. — Я прыгавораны, мне не паложана штурхаць машыну.
— Як гэта — не паложана? — апешыў Косьцікаў.
— А так! Крымінальны кодэкс РСФСР, стацьця сто дваццаць сем прым. Чытаў?
Азадачаны Косьцікаў на хвіліну змоўчаў, шырока расставіўшы ля буды ногі, каб ня ўлезьці ў самае глыбокае месца. Цяжка сапучы ад перастомы, маўчалі іншыя. Фэлікс Гром ямчэй прыладжваўся ў лужыне, каб спрытней было папіхаць з твані. Нарэшце Сурвіла сказаў:
— Ды залівае ён! Ніякай пра гэта стацьці няма…
— Хай і няма. Усё роўна ня выйду. Хоць задавіцеся! Прысудзілі расстраляць, дык будзьце любезныя даставіць у цэласьці і сахраннасьці да месца казьні. Панятна?
— Зараз я табе пакажу месца казьні! — ускіпеў Косьцікаў і дастаў з кабуры пісталет. — Будзеш у мяне ў гразі валяцца, як дохлы пёс, бандыцкая твая морда! — страшна пагражаў ён. Аднак да дзьвярэй ня лез — усё баяўся трапіць у глыбокае месца багны.
— А што табе начальства скажа? — чулася з машыны. — Вёз — не давёз…
Падобна, становішча ўскладнялася. Аддзелены шырокаю лужынай, Зайкоўскі пакуль заставаўся недасяжны.
— Ну, падла, ты ў мяне дачакаесься! Я на цябе абоймы не пашкадую. Пасьледавацельна!
— Давай, дуй! Пасьледавацельна…
Апошнія словы Зайкоўскага Косьцікаў пакінуў, аднак, без увагі — яго турбавала іншае. Ён моўчкі агледзеў у цемры змакрэлыя постаці асуджаных, нібы палічыў іх.
— А там буржуй гэты, — падказаў Шастак.
— Белагвардзеец, — удакладніў Косьцікаў. — Ану вылазь, гражданін Валяр’янаў! Ваша сранае благародзьдзя!
З буды паказалася лысая, бяз шапкі галава Валяр’янава, які сьпярша сеў на парог, пашукаў, на што абаперціся нагамі, нерашуча перабраў побач рукамі.
— Сігай, ня трусь! — падбадзёрыў яго Сурвіла. Белагвардзеец, аднак, не сігануў, а, ухапіўшыся за плячо Аўтуха, грузна апусьціўся ў лужыну.
— Ну — узялі! Раз, два — узялі! — трохі адышоўшыся ўбок, закамандаваў Косьцікаў, усё размахваючы пісталетам.
Яны зноў узяліся піхаць. Шафёр газаваў рыўкамі, спрабуючы скрануць машыну з глыбока выкапанай коламі ямы. А ў зачыненай будзе чуўся прыглушаны, бы здаля, голас пакінутага ў адзіноце Зайкоўскага.
— Піхайце, піхайце! Дружней піхайце, жалкія рабы сацыялізму! Гнюсныя прыслужнікі трацкістаў! Піхайце на сваю пагібель! Шчыруйце за крывавы ЧК! Давайце, дружней! Мацней, крэпчэ і вышэ!..
— Ты глядзі! — цяжка соп ля буды Шастак. — Тут кішкі рвеш, а ён там абражае. Во, сачок пракляты!..
— Давайце дужэй, пралетарскае адродзьдзе! То вам зачцецца бальшавіцкаю куляй!..
— Замоўкні! Я загадваю замоўкнуць! Буду страляць, — гразіўся Косьцікаў, тупаючы на ўзбочыне ля машыны.
Аднак асуджаны Зайкоўскі не сунімаўся і яшчэ крычаў штось — нядобрае і абразьлівае. Тады Сурвіла першы адарваўся ад вугла буды і параіў:
— Ды страляні ты яму ў ягоную глотку! Дакуль слухаць будзем?
— Лічу да трох і выпускаю ўсю абойму!
— Выпускай! Калі казённай машыны ня жалка… — неслася з буды.
Аднак не пасьпеў Косьцікаў пачаць свой адлік, як матор дужа стрэльнуў выхлапам і заглух. З-пад машыны напасьледак пыхнула сінім дымком, зрабілася зусім ціха.
— Што такое? — зьнерухомеў Косьцікаў.
— Усё. Бэнзын скончыўся, таварыш памкамэнданта, — глуха азваўся з кабіны шафёр. Косьцікаў вылаяўся.
Усе стаялі моўчкі, быццам расчараваныя або ашуканыя чымсьці. Сапраўды, гэтак стараліся, столькі патрацілі высілкаў, і ўсё марна. I зноў прыйдзецца пачынаць спачатку.
Читать дальше