Што было сілы яны пачалі піхаць у зад нізка аселай буды — Сурвіла з аднаго боку, Аўтух — з другога. Вакол было цёмна. Збоч ад дарогі чарнеўся ў тумане лес, з начнога перадранішняга неба церушыў дробны дожджык. Колы шалёна кідалі ў іх ашмёткамі гразі. Сурвілава скуранка стала хутка макрэць, таксама, як і руды суконны Аўтухоў армяк. Яны дужа стараліся, упіраючыся нагамі ў гразкае дно лужыны, але машына ня зрушвалася зь месца, мусіць, села, як трэба. Калі Косьцікаў зразумеў гэта, то крыкнуў шафёру, каб перастаў газаваць, — па-дурному паліць бэнзын. Цяжка дыхаючы, Сурвіла з Аўтухом выпрасталіся. У той час з буды пачуўся глухаваты Шастакоў голас:
— Дык гэта… Пусьціце і мяне. Пасаблю…
— Давай! — сказаў Косьцікаў і, ступіўшы адною нагой у багну, адчыніў дзьверы. Шастак рашуча скочыў у гразь. Косьцікаў зноў прычыніў дзьверы.
— А ці трэба? — ціха сказаў да яго Сурвіла.
— Нічога! — махнуў рукой памочнік камэнданта.
— Не ўцякуць…
Ужо ўтрох яны зноў пачалі піхаць машыну, але ўсё марна, тая тузалася, дрыжэла ад натугі, а не краналася зь месца. Разам зь ёю ўсім целам тузаўся ў будзе паэт Фэлікс Гром. Ён думаў, што, мабыць, трэба было б і яму вылезьці і памагчы, усё ж няёмка сядзець, калі побач надрываюцца людзі. Але яго ня клічуць і, мабыць, не паклічуць. Ён вораг. I ўжо куды большы, чым ягоны аднавясковец Аўтух ці рабочы-партыец Шастак, ня кажучы ўжо пра чэкіста Сурвілу. Чаго тут гэты Сурвіла, Фэлікс Гром не зразумеў дагэтуль. Справу таго разглядалі асобна ад іхнай, і, папраўдзе, ягоны лёс ня дужа й цікавіў паэта. Зрэшты, як і лёсы астатніх, апроч хіба ягонага земляка Аўтуха. Дзіўна, аднак, што справу камсамольца-паэта зьвязалі з асобаю аднаасобніка, зь якім ён нічым зьвязаны ня быў, апроч хіба таго, што паходзіў з той самай вёскі. Фэлікс Гром быў ужо заўважаны ў літаратуры, а Казёл Аўтух, з прычыны свае малапісьменнасьці, наўрад ці чытаў нават газэты. Але во зьвязалі абодвух. Не адразу і, мабыць, толькі тут, у турме, Фэлікс зразумеў, што трапіў у пастку не таму, што пачаў пісаць вершы, а што пачаў іх пісаць па-беларуску. Расейскія вершы не выклікалі да сябе і дзясятай долі тае ўвагі з боку рэдактараў і крытыкаў, якую выклікалі беларускія. I ён думаў цяпер, які д’ябал падбіў яго да паэзіі, тым больш — беларускай. Калі папраўдзе, дык ён нашмат больш падабаў расейскую — Пушкіна, Лермантава і асабліва Фета. Але пісаць так, як некалі пісаў Фет, было немагчыма, яго засьмяялі б свае ж сябры-камсамольцы. Належала браць прыклад з Маякоўскага, які зусім не падабаўся Фэліксу Грому. I ён памкнуўся да згуртаваньня «Маладняк», у які дружна паўступалі іншыя маладыя паэты, і пачаў пісаць, як яны, — знарок прыўзьнята, задзірыста, «бурапенна». Стараўся перайначыць у сабе прыроджаныя, а значыць, абыватальскія схільнасьці і густы — усю гэтую любасьць да бору і лесу, нязначных праяваў жыцьця, засвоіць іншую эстэтыку, інакшы слоўнік, напоўнены грымотай заводзкіх цэхаў, дымам фабрычных труб, калектыўнай працай людзей, будаўнікоў камунізму. I, здаецца, нешта ў яго пачало атрымлівацца. Газэта «Савецкая Беларусь» у аглядзе паэзіі памянула ягонае прозьвішча ў ліку маладых пралетарскіх паэтаў. Нават надрукавала адну страфу зь яго лепшага, на думку крытыка, верша над назвай «Майскія радзіны»:
Грымяць і стукаюць машыны,
турбіны радасна гудуць, —
спраўляюць майскія радзіны,
гэта ўдарнікі ідуць.
Акрылены афіцыйным прызнаньнем свайго таленту, Фэлікс напісаў яшчэ з тузін падобных вершаў і адчуў сябе запраўскім песьняром пралетарыяту.
Усё ў яго ішло добра, і раптам гэты недарэчны арышт. Пэўна, хтось на яго настукаў, данёс за якое неасьцярожна, па п’янцы сказанае слова. У турме сьпярша дапытвалі толькі пра вершы ды размовы ў асяродзьдзі паэтаў, а пасьля, мабыць, сьцяміўшы, што з таго будзе невялікі набытак, зьвязалі ягоную справу зь дзядзькам Аўтухом — прызнавайся, што польскі шпіён! Здаецца, таго ж дамагаліся і ад Аўтуха. I дамагліся. Па сваёй сялянскай дурноце ці, можа, не стрываўшы зьдзекаў на допытах, Аўтух падпісаў паказаньні, нібыта Фэлікс Казёл завэрбаваў яго ў агенты дыфэнзывы, каб той хадзіў празь мяжу. Трэба было яму вэрбаваць гэтага маласьвядомага аднавяскоўца? I навошта яму патрэбная была тая мяжа? I навошта патрэбна было фальсыфікаваць усё тое органам?
Штурханіна і ляскат колаў знадворку раптам спыніліся, адно ледзь чутна гудзеў матор. Панылы голас чэкіста абвясьціў:
— Ну што? Селі?
— Селі на дзіфер, — сказаў Шастак.
Читать дальше