— Наўрад ці нам, — сказаў салдат.
— А во й не наўрад! — загарачыўся бамж. — Мы тут сядзім на нікчэмнай зямлі, самі па сабе. А яны там ля ядзерных базаў. Ну па кім смалянуць у першую чаргу, саабразі?
— Па ўсіх разам.
— А во й няправільна. Усё ж ты салдат, ды яшчэ дэзэрцір, мусіць слаба ў гэтым петраеш. А я афіцэр запасу, дваццаць гадоў адслужыў, у том чысьле шэсьць у ракетных войсках стратэгічнага прызначэньня. Паняў?
Што было панімаць, думаў салдат. І дурню зразумела, што будуць цаляць па базах. Але гэтых базаў навокал столькі, што промаху проста ня можа быць — за кожным кустом база. Ды й Чарнобыль — ня пустка, там таксама засталіся рэактары. Але салдат не хацеў ні спрачацца з гэтым чалавекам, ні нават абмяркоўваць балючую праблему — у яго свае праблемы былі ня меней балючыя.
Зноў па адной, як учора падлешчыкаў, яны пачалі есьці падсмажаных жабаў, абсмоктваць іх тонкія костачкі. Жабы ўвогуле былі дробныя, канечне, абодва яны не наеліся, — хіба што раздражнілі свой згаладнелы апэтыт. І бамж абвясьціў:
— Ну, здорава, ды мала. Знаеш, давай ты нацягай болей дроў, а я зноў у балота. Ужо я іх налаўлю…
Так яны й зрабілі, — салдат зноў палез у бор, а бамж хуткім крокам пашыбаваў берагам рэчкі да недалёкага балота.
Салдат хадзіў доўга, забрыў нават далёка. Баравы лес усюды быў прыгожы нейкаю трагічнаю прыгажосьцю. Хвоі зь ціхім гулам гайдаліся ўгары, сьвежай лістотай трапяталіся пад імі бярозкі, бы не падазраючы, дзе расьлі. Дзе на сонечных палянках высока вымахала нейкая невядомая трава, — нібы жыта, нават з пустым калосьсем, ніхто яе тут не таптаў, не касіў. У гольлі нідзе не трапляла путшак, — нават вараньня й таго не было відаць. Аднойчы толькі высока над хвоямі палунаў у небе лясны канюк і таропка паляцеў кудысьці на захад. Чагосьці яму тут не падабалася. Хаця вядома чаго… Куды ж ён улез, радавы ракетнага дывізіёну, што яго тут чакала, скрушна думаў салдат.
Канечне, трапіў не адзін, цяпер яны ўдвох. Але бамжу што — бамж ужо стары, сваё, мабыць, аджыў, папіў гарэлкі ды й жанчын пазнаў… А салдат нават не пасьпеў каго пакахаць, толькі прымерваўся да нясьмелага юнацкага каханьня. У школе з восьмае клясы падабалася яму адно чорненькая весялушка Сімакова Тоня. Аднойчы напісаў ёй запіску, што кахае і хоча сустрэцца; да пачатку заняткаў паклаў ў тоньчыну парту. Усе перапынкі ні жывы, ні мёртвы сачыў за яе тварам, на якім, аднак, не было нічога, апроч звычайнай ейнай сьмяшлівасьці. Тады, падпільнаваўшы, як яна вярталася з туалету, спыніўся наперадзе і, нічога ня кажучы, уперся ў яе ідыёцкім позіркам. Яна ўскінула свае чорныя броўкі, ціха мовіла адно толькі слова «дурак» і пайшла ў клясу. Пасьля ўрокаў ён знайшоў у глыбіні яе парты сваю запіску і дробненька пашкамутаў яе. Так скончылася, не пачаўшыся, яго дурное каханьне.
Надвячоркам, як яны, трохі спатоліўшы голад, сядзелі на беразе, бамж папытаўся:
— Слухай, а чаго ты драпануў з войска?
— Было чаго, — ціха адказаў салдат.
— Што, мусіць, камандзіры дапяклі?
— Дапяклі…
Ён не хацеў нікому расказваць пра сваю бяду і сваю ганьбу, ён не хацеў нават пра тое думаць, — гідзіўся. Бамж, мабыць, адчуўшы нешта ў ягоным настроі, ня стаў дапытвацца. Ён ужо ўлазіў у свае ўспаміны.
— Знаеш, а я во хацеў служыць. Я ж па тэхнічнай часьці афіцэр, тэхніку любіў. Цікавая справа — тэхніка.
— А якая? — зь цікавасьцю запытаўся салдат, прыпамятаўшы свой агрэгат сувязі, зь якім яны нямала напакутаваліся на манэўрах.
— Аўтамабільная.
— Ну аўтамабільная, можа, і нічога. Калі не псуецца.
— Псавацца ўсё можа. Трэба рамантаваць. Але каб рамантаваць, трэба талент мець.
— Талент?
— А ты ня ведаў? Думаеш, талент толькі сьпявачкам ды пісьменьнікам трэба? І мэханікам таксама. Я, знаеш, меў.
— І што ж вы рамантавалі?
— За дваццаць гадоў усё перабраў — «Газы», «Уазы», «Мазы»…
— І каторыя лепшыя? — бяз жаднай, аднак, цікавасьці пытаўся салдат.
— Калі па шчырасьці — усё гаўно.
— Чаму так?
— Бо ня ўмеюць рабіць. Або ня хочуць. Хіба такая павінна быць армейская аўтатэхніка?
— А якая?
— А хоць бы, як у амэрыканскай арміі. Мы ж на курсах яе вывучалі. Дык наша ад іхнай — як зямля ад неба. А ўсё чаму? Бо перадраць па-людзку ня ўмеюць. Абавязкова спаскудзяць, спрасьцяць і пагоршаць. Як тыя «Жыгулі». Перадралі ў італьянцаў і пагоршылі. А затым пачалі ўдасканальваць, гэта значыць — пагаршаць. Ну і давялі да ручкі. Аўтамабіль патрабуе дакладнасьці, яго напільнікам не ўдасканаліш.
Читать дальше