То была ягоная памылка, як ён зразумеў пасьля, ня трэба было так напружана, амаль трагічна; трэба было лягчэй, можа нават жартоўна. Але тады жартоўна ён ня мог. Ягоны напружаны тон, а можа, і схуднелы выгляд спудзіў жанчыну, яна крыкнула і, схапіўшы свае хатулі, пабегла да вёскі.
І ў тым і, можа, у некаторых іншых выпадках лепш было паводзіць сябе бесклапотней, лягчэй, без надрыву. Ды й ва ўсёй ягонай гісторыі таксама, часам думаў салдат. Што здарылася, тое здарылася, ну — пакарайце, гатовы адседзець. А калі што, то гатовы й да вышкі, што зробіш, калі вінаваты. Можа б, усё і ўладзілася як-небудзь. Усё — а як жа зона? Ці ня вылезе яму бокам яшчэ й зона?
Але куды ж яму было яшчэ дзецца, апроч зоны?
Ён ахвотна б застаўся на хутары ў дзеда Карпа, калі б той быў далей ад міліцыі. Дзед быў не гаваркі, пра сябе ня надта распавядаў, але й пра яго ня дужа распытваў. Як дажджлівым сьцюдзёным надвячоркам салдат пастукаў у ягоныя вароты, адразу пусьціў. Мабыць, нешта пацяміў зь першага позірку, і хлопцу ня трэба было ні правошта расказваць. Галоўнае — не давялося хлусіць, чаго ён ня ўмеў зь дзяцінства. Хаця не заўсёды казаў і праўду, але кожны раз пасьля ў такіх выпадках было брыдка самому. І ён даўно адчуваў: лепей ня трэба. Лепш па-праўдзе.
Здаецца, ён зноў заснуў — дабіраў недаспаны ўначы час, — як устрывожана прачнуўся ад блізкіх таропкіх крокаў. То ішоў аднекуль бамж — басанож, бяз шапкі, у высока, за калені, падкасаных штанах.
— Уставай і давай за дрывамі. Будзем жабаў смажыць!
— Жабаў?
— А ты думаў! Смаката, я ўжо еў, — сказаў бамж і вываліў з шапкі дзясятак рознага памеру жабаў. Некаторыя зь іх адразу кінуліся прэч, і бамж босай нагой рашуча спыняў іх паратоўчы спрыт у траве.
— Куды? Куды скачаш? Я табе дам удзіраць! Знаеш, — сказаў ён хлопцу. — То, можа, і добра. Усё ж у жабаў радыяцыі менш. Бо тутэйшыя, не з Чарнобыля прыскакалі. А рыба чорт яе ведае, адкуль плыве.
Слабое гэта суцяшэньне ня дужа кранула салдата, які паволі, бяз жаднай ахвоты, палез на абрыў — у бор па дровы.
Бамж ня хлусіў — ён сапраўды еў жабаў, — ня тут, у зоне, а летась пад Менскам, як яны ўдвох акупавалі нечую пустую дачу. Праўда, тады яны мелі бутэльку, зь якой яно ўсё смачней і адважней. Ягоны напарнік Трушч, нядаўні дацэнт інстытуту, падаў прыклад гэтай адмысловай закусі. Ён жа распавёў, што недзе пад Полацкам мясцовы рыбгас заключыў дамову з францускай фірмай на пастаўку такіх во жабаў — увесну кашамі вазілі ў Парыж на адмыслова зафрахтаваным для таго самалёце. Французы няблага плацілі валютай, на якую начальнік рыбгасу паставіў катэдж над возерам і купіў «Пэжо». Катэдж, праўда, хутка згарэў, а што стала зь «Пэжо», дацэнт ня ведаў. Можа праўда, а можа й плёткі, меркаваў бамж, але цяпер перабіраць не выпадала. Сапраўды, жраць дужа карцела. Як і заўжды.
Стрымліваючы гідоту, бамж ножыкам выпатрашыў жабіны вантробы, кінуў у раку. Нарыхтаваных жабаў радком расклаў на траве, некаторыя яшчэ тузалі лапкамі, але большасьць ляжала ціха. Салдат прынёс ладны бярэмак сушша, яны раскачагарылі добрае вогнішча і на выграбеным зь яго жары паклалі пляскатыя жабіны тушкі. Спакваля ад вугольля пашыбаваў незразумелы, але быццам зусім нябрыдкі пах смажанага. Жабы памалу пякліся.
— Хочаш жыць — умей падлу пажраць! — сказаў бамж. — Вось дэвіз савецкіх бамжоў.
— А што — ёсьць бамжы і несавецкія? — запытаў салдат.
— А як жа! У Францыі, напрыклад, бамжы. Называюцца па-француску кляшары, дацэнт расказваў. Ну жывуць, я табе скажу, ня горш, чым у нас сакратары райкомаў.
— Няўжо?
— Праўда. Дацэнт езьдзіў у Парыж, бачыў. Сьпяць пад саборам, ранічкай сьнедаюць у Булонскім парку. Культурна так, на лаўцы, пасьцелюць газэтку, паставяць бутэлечку чырвонага. Ну і там — францускую булачку, каўбаску. Пасьля — дабавяць яшчэ ў бістро, так забягалаўка па-іхнаму называецца. Ну а абед само сабой — дзе-небудзь на Елісейскім полі…
— Елісейскіх палях, — паправіў салдат.
— Можа, і на палях. Калі аднаго поля мала. Іх жа там таксама, мабыць, нямала, кляшараў гэтых… А ў нас якіх, можа, пару дзясяткаў і тым жраць не даюць. Во, трэба жабаў жраць…
— А не атруцімся?
— Ні чарта ня будзе, — запэўніў бамж, — радыяцыя ня дасьць. Яна сама каго хочаш атруціць.
Салдат зразумеў тое як жарт, хаця й на гэты раз яму было не да жартаў. Як і заўжды, ён чуўся прыгнечаным, мала што яго весяліла ці нават захапляла. Тое, мабыць, заўважыў бамж і, знарок сярдзіта пачаў дакараць салдату:
— Ты гэта — ня кісьні! Малады яшчэ, трэба лягчэй пачувацца. Маладая бяда, яна што пылінка, дзьмух — і няма. Празь месяц і ня ўспомніш. Яшчэ хто ведае, каму пашэнціць — ім там, на чыстай зямлі, ці нам тут, у зоне.
Читать дальше