Ды во каб адбіць чацьвертае ўварваньне, сілаў ужо не было. Ворагі захапілі кутнюю вежу, і там каля паўстанцкага двукалёру забілі яго. Аддзелу верных яму жанчынаў удалося вынесьці яго цела і ўначы пахаваць пры катэдры. Адна з жанчынаў спрабавала забіць сябе на ягонай магіле, ды ёй не далі. Неўзбаве крэпасьць занялі ворагі.
Народ спазнаў жахлівую паразу. Бальшыню паўстанцаў перабілі, рэшту ўзялі ў палон. Палонных закавалі ў кайданы і адправілі ў каменяломню. Жанчынаў-прыгажунь, што мылі яму ногі, прадалі ў турэцкія гарэмы. Простыя люді мёрлі з голаду і ад хваробаў. Вясной у краіне ўсчалася эпідэмія чумы.
Пераможцы казалі людзям, што ўсё тое — вынік злачынства іхнага куміра. Што ён авантурыст і антыхрыст. Інакш бы ён не паклаў столькі народу за тое, чаго нельга здабыць. Пераможцаў перамагчы немагчыма. Цяпер за ягоныя авантуры павінен заплаціць народ, і кошт тае платы будзе аграмадны. Народ баяўся і верыў — пераможцам нельга ня верыць. Зь цягам часу людзі ўзьненавідзелі свайго нядаўняга правадыра і дзівіліся, як маглі слухацца яго.
Казалі, што некаторыя з тых, што калісь прысягалі яму, раскапалі ўначы ягоную магілу і выкінулі зь яе ягонае цела. Тое цела, разадраўшы на часткі, валачылі па бруку згаладнелыя сабакі…
Толькі праз шмат гадоў па вясьне, як зазелянела трава, хтось паклаў на месца колішняй яго магілы маленькую чырвоную кветачку. Яна там доўга ляжала, ня вянучы…
Надвячоркам апошняга дня перад поўняй пад гарадской брамай зьбіраўся натоўп. Як толькі ў сьвятлявым небе над закапцелай кутпяй вежай выкочвалася блішчастае кола месяца, грамагалосьнік абвяшчаў, каго будуць караць.
Тым разам кары падлягалі аж тры тутэйшыя жанчыны — усе за чужалюбства, якое ў тым горадзе здаўна лічылася цяжкім грэхам. Высокая, ня надта маладая швачка Кушэль каралася за тое, што была злоўленая з чужьш мужыком у вшаградпіку. Мужык неяк апраўдаўся перад высокім сінклітам суддзяў, а Кушэль апраўдацца ня выпала — выпала адказваць. Нізкая, шырокая ў плячох і ў крыжы Пава пакахала чалавека хоць і пе жанатага — халастога, але паходжаньнем з чужога, варожага гораду. Трэцяй грахаводніцай была прызнаная маладзенькая Ульрыка, якая паходзіла з дужа нізкага роду: яе дзед і бацька штотыдзень вывозілі з гораду нечыстоты. Не зважаючы на тое паходжаньне, Ульрыка навяла любоўныя чары па рыцара даволі слыннага роду маладога Любэка. Як тое магло стацца — было незразумела нават суддзям, але той Любэк прызнаўся, што сапраўды кахае Ульрыку. Стамлёны вынясеньнем папярэдніх прысудаў судовы сінкліт вырашыў, што трэба пакараць і Ульрыку, і прызначыў ёй дваццаць удараў рэмнем з валовай скуры па голым дзявочым задку.
Злодзеяў, махляроў, забойцаў і грахаводнікаў каралі ў горадзе рэгулярна пры кожнай поўні. Для тае працэдуры пад брамай была ўсталяваная каменная лава, на якую, добраахвотна пакланіўшыся народу, па чарзе клаліся асуджаныя. Народ, стоўпіўшыся крыху зводдаль, пільна назіраў за цікавым працэсам, цікаваў усе ўдары ката, ацэньваў паводзіны пакараных, сачыў, каб усё йшло паводле строгай старой завядзёнкі. Тым разам натоўп быў асабліва вялікі — жаночае пакараньне ладзілася ў горадзе нячаста, можа па адным разе ў сухі сезон і сезон дажджоў.
Першая на лаву пад брамай легла кашчавая Кушэль. Загарнула вышай спадніцу, і кат, рослы, рукасты мужчына ў даўгім скураным фартуху, паволі, бы з таемнаю насалодай, адмераў ёй належную колькасьць удараў. Біў не сказаць каб з усяе сілы, але й ня жартам — пасьля кожнага з удараў у жанчыны на кашчавым задку заставаўся ладны пісяг. Атрымаўшы сваё, Кушэль трохі замаруджана паднялася, як-колечы аправіла свае апраткі і старанна пакланілася тром суддзям, якія ў чорных камзолах моўчкі стаялі пад брамай, пільна цікуючы за выкананьнем уласнага прысуду. Апошнім з працэдуры быў абавязак падсуднага тройчы пацалаваць руку ката, тым як бы дзякуючы яму за працу і навуку. Кашчавая Кушэль усё тое зрабіла ладна, спрактыкавана і збоч пад сьцяной пайшла ў натоўп.
Наступная на чарзе была Пава, якая сваю лупцоўку стрывала меней мужна, тузалася пасьля кожнага ўдару рэмнем; хутка яе пульхны зад счырванеў, бы гарачы вугаль. Перш чым пакланіцца суддзям і пацалаваць руку кату, яна моўчкі выцерла пальцамі сьлёзы, выцірала іх і ідучы ў натоўп. Людзі з незадавальненьнем згледзелі тое, заўважылі тое і суддзі. Ведама, апошнія зразумелі, што ў тым быў ня дужа высокі кшталт іх судовае працы — пры высокім кшталце абвінавачаныя пасьля пакараньня адно ўсьміхаліся з удзячнасьці.
Читать дальше