Як вядома, кепская навіна ня ходзіць адна, за ёй бяжыць другая. Гэтая другая дагнала Палкаводца па дарозе ў гаспадарку Мельнікава. У таго Мельнікава не заладзілася з самага пачатку, палкі не маглі адарвацца ад дняпроўскага берагу, суседзі здорава выскачылі наперад, на правым флангу ўзялі горад, за які ўчора Палкаводца віншаваў Галоўнакамандуючы. Але толькі Палкаводзец выехаў зь сяла, як з КП па рацыі перадалі: на правым флангу няўстойка, немцы контратакавалі буйнымі сіламі, адкінулі пяхоту за рэчку. Палкаводзец паўзіраўся ў карту і загадаў паварочваць на ракадную дарогу — ехаць на правы фланг. Учуўшы новы загад, два ягоныя ад’ютанты, маладыя статныя палкоўнікі, перадалі яго сыгналамі астатнім машынам — бронетранспарцёру з аховай і крытай бартавой з трыбуналам, якія заўжды суправаджалі Палкаводца. Уся невялічкая калёна пачала таропка разварочвацца на разьбітым, цесным і гразкім прасёлку. У «вілісе» ўсе маўчалі. Маўчаў, сьцяўшы квадратныя сківіцы, Палкаводзец, маўчалі ад’ютанты, прадчуваючы, што іх чакае. Ня выключана, што Палкаводзец хутка ўскочыць у самае пекла і жалезнай рукой… У ягонай жалезнай руцэ яны ўжо мелі магчымасьць пераканацца…
Куляючыся па выбоінах, трохі разганяючыся на роўнядзі і выскокваючы на невысокія, парослыя драбналесьсем пагоркі, «віліс», транспарцёр і бартавая каціліся насустрач недалёкай баявой калатнечы, якую ўжо не магло заглушыць і натужлівае выцьцё іхных матораў, хутка стала чуваць, што бой грымеў побач, дзесь за ляском, дзе, як сьведчыла карта ў руках Палкаводца, сярод шырокага поплаву працякала крывуляка-рачулка. Хто мог падумаць, што нямецкія танкі менавіта тут і ўдараць, — думаў Палкаводзец. Не хапала ім роўнядзі, ці што? Ці ўжо навучыліся ў нас, нашай азіяцкай кемлівасьці? Але ўдарылі менавіта тут, у гэтым зусім мала здатным для таго месцы. I, як на бяду, фронт на гэтым участку аказаўся слабаваты, учора брыгаду Чарамісіна перакінулі ў цэнтар, на падмогу перадавому атраду; тут жа заставаўся адзін супрацьтанкавы полк, і той, здаецца, разьмяшчаўся трохі правей. А пяхоце без падмацунку, вядома, прыйшлося ня соладка, і яна не стрывала. Такое яе прадвызначэньне на ўсякай вайне і ва ўсякай арміі.
«Віліс» выскачыў на пясчаны пагорачак, парослы рэдкім маладым сасоньнічкам, і адразу ж рэзка кінуўся ўбок, коламі з хрустам ломячы тыя сасонкі. Палкаводзец зьнячэўку вылаяўся, ледзьве пасьпеўшы ўхапіцца рукой у пальчатцы за мэталёвую дугу перад сабой. Аднак ён тут жа зразумеў, што лаяцца марна, усё правільна. Па сасоньніку ўжо джагалі чэргі, трэба было матаць назад або выскокваць і класьціся долу. Палкаводзец і выскачыў. Трохі счакаў, а пасьля, прыгінаючыся, выбег вышэй і апусьціўся на сухі верасовы дол. Перад ім наперадзе разгортвалася шырокая панарама надрэчнага поплава і зь ёй — ганебнае відовішча бязладнага драпу. Колькі ўжо за вайну даводзілася назіраць Палкаводцу гэтую ганьбу, але прывыкнуць да яе ён ня мог і звычайна без ваганьня карыстаўся выпрабаваным сродкам. На ашаломленых, апанаваных страхам людзей можна было ўзьдзейнічаць толькі яшчэ большым страхам з усіх страхаў, якія меліся ў распараджэньні начальніка. Наша пяхота бегла, уцякала да рэчкі, караскалася церазь яе берагі, некаторыя ўжо былі блізка ад пагорка на гэтым беразе. На рачным беражку сярод лазьняку дымна палыхаў адзін скасабочаны «студэбэкер», там запалохана мітусіліся людзі. Другі, аднак, выкараскаўся з твані і з гарматай на прычэпе марудна поўз да пагорка. На ягонай падножцы стаяў чалавек у гімнасьцёрцы, без шыняля, з абвязанай бінтамі галавой. Ці не камандзір супрацьтанкавай батарэі, — падумаў Палкаводзец. Той нешта крычаў, мабыць, паказваючы шафёру кірунак. Ззаду, з-за ракі, з розных напрамкаў несьліся трасірныя чэргі, на рыкашэтах агнянымі пчоламі разьлятаючыся ў бакі. Палкаводзец, не азірнуўшыся, кінуў цераз плячо ахове: «Затрымаць!», і некалькі байцоў на чале са старэйшым сяржантам кінуліся праз сасоньнік з пагорка.
Пакуль тыя сарванымі галасамі спынялі пяхоту, Палкаводзец узіраўся ў поплаў і асабліва далей, па той бок рэчкі, дзе зь ляска выпаўзалі сьветла-жоўтыя нямецкія танкі. Палкаводзец ужо сустракаўся зь імі і ведаў, што гэта ён рашучымі дзеяньнямі свайго войска змусіў нямецкае камандаваньне перакінуць іх з Афрыкі, дзеля якой яны і былі афарбаваныя ў колер пустыні. Але тут ім не пустыня, тут найчасьцей балоты. Раз-пораз яны білі з гарматаў па берагах ракі і па пехацінцах па гэты бок. Ад выбухаў калаціўся пагорак…
Читать дальше