Як толькі полк увайшоў у станіцу, ля садка, дзе ўчора зьбіралася папаўненьне, іх спыніла група камандзіраў. Тут быў начальнік штабу дывізіі, яшчэ нейкія чыны. Кампалка далажыў пра іхныя справы, і начштабу пахваліў полк. Але адзін ці два камандзіры зь яго штабное групы падышлі бліжэй да калёны, і той, што быў наперадзе — камлюкаваты чалавек у камандзірскай фуражцы, — спыніўся каля палітрука.
— Каламіец? — нягучна спытаўся ён, зблізку ўзіраючыся ў палітрукоў твар.
— Я.
— Прайдзёмце са мной.
Каламіец зразумеў усё: то быў начальнік асобага аддзелу дывізіі. Той аддзяліў палітрука ад палкавой калёны і павёў кудысь на падворак да хаты, сьцяна якой цьмяна бялела за кветнікам.
Болей палітрука Каламійца ў палку ня бачылі.
Абстрэл цягнуўся ўсю ноч — то крыху слабеючы, нават прыпыняючыся, то разгараючыся з новаю сілай. Білі найбольш мінамёты. Іхныя міны з прарэзьлівым віскам рэзалі паветра ў самым зэніце, віскат набіраў сілу — і неўзабаве абрываўся рэзкім аглушальным выбухам. Праўда, білі болей у тыл, па недалёкай вёсцы, туды ішло цераз неба страхавітае міннае скуголеньне, і там пыхалі бліскавіцы выбухаў. Тут, на дзірваністым пагорачку, дзе зьвечара акапаліся аўтаматчыкі, было трохі зацішней. Але гэта, мабыць, таму, — думаў памкамузвода Мацюхін, — што аўтаматчыкі занялі гэты бугор, лічы, у прыцемку, немцы тут іх, мабыць, яшчэ ня згледзелі. Але згледзяць, вочы ў іх відушчыя, оптыка таксама зоркая. Да паўночы ён хадзіў ад аднаго аўтаматчыка да другога — прымушаў акопвацца. Тыя, аднак, ня дужа налягалі на свае лапаткі, забегаліся за дзень і цяпер, наставіўшы каўняры шынялёў, болей ладкаваліся кімарнуць. Але, мусіць, адбегаліся. Наступленьне, здаецца, выдыхалася, за ўчарашні дзень узялі толькі вунь тое дашчэнту разьбітае, спаленае сяло і на гэтым бугры заселі. I нават начальства перастала падганяць: за ноч да іх ніхто не зьявіўся — ні са штабу, ні з палітаддзелу, таксама, мабыць, уходаліся за тыдзень, наступаючы. А галоўнае — выдыхлася артылерыя: ці куды перакінулі, ці забракавала снарадаў. Учора пастралялі крыху палкавыя мінамёты і сьціхлі. У восеньскім полі і захмараным небе адно віскаталі і з трэскам ахалі нямецкія міны, здаля, ад ляска, джагалі іхныя кулямёты, з участка суседняга батальёна ім часам адказвалі нашыя «максімы». Аўтаматчыкі ж пераважна маўчалі. Па-першае, было далекавата, а па-другое, бераглі патроны, якіх таксама засталося ня Бог ведае колькі. У самых гарачых — па адным дыску на аўтамат. Памкамузвода думаў, падвязуць ноччу, ды не падвезьлі, мусіць, адсталі, заблукаліся ці перапіліся тыя тылы, так што ўся спадзёўка цяпер на саміх сябе. Таму, што будзе заўтра — аднаму Богу вядома. Раптам папрэ немец, што тады рабіць? Па-сувораўску адбівацца штыхом ды прыкладам? Але дзе той штых у аўтаматчыкаў, ды й прыклад надта кароткі.
Не зважаючы на восеньскую сьцюжу, пад ранак кімарнуў у сваёй ямцы-акопчыку і памкамузвода Мацюхін. Не хацеў, а во не стрываў. Пасьля таго, як лейтэнанта Клімоўскага аднесьлі ў тыл, ён цяпер камандаваў узводам. Лейтэнанту здорава не пашанцавала: асколак нямецкае міны добра-такі крамзануў яго ўпоперак жывата, выпалі кішкі, невядома, ці ўратуюць лейтэнанта і ў шпіталі. Летась Мацюхін быў паранены ў жывот, але не асколкам — куляй, таксама натрываўся болю і страху, але неяк выкараскаўся ад кашчавай. Тады яму ўвогуле пашэнціла, бо параніла побач з дарогай, па якой якраз ішлі парожнія машыны. Яго ўвалілі ў кодаб, і праз гадзіну ён быў ужо ў санбаце. А калі вось так, з вываленымі кішкамі, цягнуць цераз поле, штораз падаючы пад выбухамі…
Таму Мацюхіну трывожна і клопатна, усё трэба дагледзець самому, камандаваць узводам і бегаць па выкліках да начальства, дакладваць, апраўдвацца і слухаць нэрвовыя начальніцкія мацюгі. I, тым ня менш, стома перамагла неспакой і ўсе ягоныя клопаты, старэйшы сяржант задрамаў пад віскат і выбухі мінаў. Добра, побач ужо акапаўся малады ўвішны аўтаматчык Казыра, памкамузвода загадаў яму назіраць і слухаць, спаць — ні-ні, ні ў якім разе — іначай бяда. Немцы таксама спрытныя ня толькі ўдзень, але і ўначы. За два гады вайны Мацюхін нагледзеўся рознага.
Неўпрыцям заснуўшы, Мацюхін адчуў сябе нібыта дома, быццам ён задрамаў на прызьбе ў нейкай дзіўнай зьнямозе; можа, п’яны, і быццам суседзкая сьвіньня сваім сьцюдзёным лычом тыкаецца ў ягонае плячо — ці ня хоча схапіць за яго зубамі. Ад непрыемнасьці памкамузвода прачнуўся і адразу адчуў, што за плячо яго сапраўды хтось тузае — будзіць, ці што.
Читать дальше