У расцяробах былі сапраўдныя лесавыя нетры — блытаніна алешніку і асіння, папараць стаяла да пояса, буяла дуддзё нейкай лесавой непатрэбшчыны. Хведар адышоўся далей ад рова, выбраў невялічкую прагалінку пад зараснікам крушыны і пачаў ладзіць цяпельца. Дужа хацелася з’есці бульбіну, здавалася, не было ў свеце нічога смачнейшага за печаную ў прыску бульбіну. Але прыску, мабыць, трэба яшчэ дачакацца. Касцярок з сучча, якога ўвогуле тут хапала, загарэўся ад першай сярнічкі, але ж, халера на яго, густа паваліў дым, і Хведар спалохаўся. Так яго маглі згледзець. Ён трохі раскідаў цяпельца, каб зменшыць дым, але зусім суняць яго было нельга. Тады ён падклаў хворасту болей, каб гарэла даўжэй, а сам адышоў воддаль у хмызняк. Калі хто і падыдзе на дым, дык, мабыць, яго не ўбачыць. Спярша ўбачыць ён.
Прысеўшы ў дробным кустоўі, ён пачаў здалёку пазіраць на дымны хвост за крушыннем і думаў: да чаго ж ты, братка Хведар, дажыўся! Ну добра, там, на чужой зямлі, за тысячу вёрст адгэтуль, там трэба было ўсяго баяцца, хавацца, таіцца. А во і тут! На сваёй зямлі. Сярод сваіх людзей. Калі гэта было і з кім! А з ім во здарылася. І не зробіш нічога. Мусіш! Інакш…
А што, зрэшты, інакш? Пагібель? Гэта было б куды як зманліва, — можа, пахавалі б на родных могілках. Пасадзяць у турму? Мабыць, у турме горш не будзе — неяк бы кармілі і дах быў бы над галавой. Пасля ўсяго, што з ім сталася, турмы ён не надта і баяўся. Але яму наўрад ці перапала б турма. Пэўна ж, яго адвезлі б назад, зноў туды, на страшную сцюдзёную зямлю, на якой жыць ён не мог. Мог толькі памерці. Як памерла ад сухотаў яго Ганулька, згарэла за два дні дачка Волечка. Адчуў, настала ягоная чарга. Але ён памерці хацеў дома.
І яму пашэнціла, ён дабраўся дамоў.
Дык чаго ж і на каго ён мог наракаць? Ён быў шчаслівы. Учора як згледзеў роднае поле і вёску, дык у душы ў яго ўсё засмяялася і запяяла. Канечне, засмуціла зруйнаванае котлішча, усё ж ён спадзяваўся ўбачыць хутар. Сніў безліч разоў свой падворак, студню з калаўротам, недабудаваны трысцен. Усё думаў, ці здагадаліся тыя, што жывуць цяпер там, перакрыць клець. Страха ў левым кутку пачала працякаць, асабліва ў навальніцы. Усё збіраўся перакрыць свежымі кулямі. Ды не сабраўся…
А цяпер дык і няма нічога.
Дзе яно, ягонае падворышча, хата? Куды ўсё вывезлі? Ці, можа, спалілі на дровы ў сельсавеце? Як спалілі пасля вайны фальварак Альбертаўку. Слаўны быў фальварачак — і дамоўка, і стайня. Стайня асабліва зайздросная была: з бруса, пад гонтай. Разабралі ўсё і папілавалі на дровы — у сельсавет і хату-чытальню. Мусіць, цяпер і яго так — на дровы, пусцілі агнём і дымам. Дзіўна, але ён не шкадаваў. Калі шкадаваць усяго, што набыў і страціў, дык можна было звар’яцець. Нажываў гадамі, за немалыя грошы, мазалём крывавым, хрыбтом сваім і жончыным, тросся над кожным лапікам зямлі, кожнаю палкай і снапком. А страціў усё, і за адно імгненне, і сам апынуўся на катарзе. Толькі завошта? Гэтае праклятае завошта пякельным вухналём сядзела ў яго галаве. Тысячу разоў ён пытаўся ў сябе, як ехалі ў смярдзючых вагонах, як іх гналі абозам па замерзлай рацэ, як рабіў там, на паўночным прыгоне, — пытаўся ў жонкі, у людзей, знаёмых і незнаёмых, пытаўся ў начальнікаў. Усе нешта казалі пра ўладу, класавую барацьбу і калектывізацыю. Але ніхто яму не растлумачыў так, каб адразу стала зразумела: завошта ў яго адабралі ўладай жа дадзеную зямлю, майно і саслалі на катаргу? Завошта? У чым яго віна? Што паслухаўся ўлады і ўзяў зямлю? Дык як было не ўзяць, з чаго б тады ён карміў сям’ю? Брат Міцька не хацеў дзяліцца, бо і праўда, дзяліць не было чаго — шэсць дзесяцін няўдобіцы, — што б выйшла з тае дзяльбы? Зноў жа, брат быў старэйшы, на гаспадарку меў болей права, чым малодшы Хведар. Два леты запар Хведар батрачыў у фальварку, а пасля ажаніўся з такой жа батрачкай, як і сам, — без зямлі і пасагу. Там таксама зямлі было з зайцаў хвост, а сямейка дай бог: восем душ і з іх пяць мальцаў. Як было адмовіцца ад казённай? Узяў зямлю.
Што дбайна рабіў? Дык жа біўся зімой і ўлетку як рыба аб лёд: і будаваўся, і абрабляў палеткі, стараўся спраўна плаціць падаткі і пазыкі. Падрос — стаў памагаць сын Міколка. Зноў жа быў такі заклік урада — будуйце культурную гаспадарку, каб не жыць, як жылі — у цемрыве і галечы. (Каму ж хацелася жыць у галечы?) Усе прагнулі жыць хоць трохі па-людску і есці хлеб без мякіны. Паверыў, што ўласць кажа праўду. Аказалася — падмануўся.
Цяпельца яшчэ не дагарэла, як ён закапаў у дробны прысак дзесятак карэлых бульбін — на болей не хапіла прыску. І зноў адышоўся далей — ці мала хто? Але пакуль навокал было ціха; троху пасакатала сарока ўбаку, ля рова, і неўзабаве паляцела далей. Усё пакутуючы ад голаду, Хведар праз колькі хвілін вярнуўся, дубчыкам выкаціў з вуголля крайнюю бульбіну — была яшчэ сыраватая і цвярдая, але нічога: агонь ужо жыўца выгнаў. Збольшага абцёр аб штаны попел і, апякаючыся, з’еў усю, не грэбуючы і абгарэлым бокам. Затым выграб другую. Бульба сапраўды была дужа смачная, ды і ён быў згаладнелы як мае быць, і ёў без перапынку, пакуль не засталіся апошнія дзве бульбіны. Мусіць, тыя спякліся ўжо добра, і ён іх, гарачыя, сунуў у кішэню — аж запякло сцягно.
Читать дальше